Пу́гавіца ’гузік’ (Бяльк.). Магчыма, захаваны на ўсходзе Беларусі архаізм, што ўзыходзіць да прасл. *pǫgy ’круглы прадмет, гузік’, параўн. укр. пу́говиця, рус. пу́говица, польск. pągwica ’круглы гузік (срэбны, касцяны ці са скуры); пампон; адростак на шыі казы; гузак’, што звязваюць з лат. puõga, puogs ’гузік’ (на думку некаторых, запазычаным са ст.-рус. пугы, пугъвь — гл. Каруліс, 2, 73), ст.-інд. puñjas ’камяк, маса, кучка’ і інш. (Фасмер, 3, 400). Мяркуюць, што прыметнік *pǫgъ ’круглы’ захаваўся ва ўкр. пу́головок ’апалонік’ (ад *пуго‑головий, літаральна ’круглагаловы’, гл. ЕСУМ, 4, 626; Банькоўскі, 2, 521). Параўн. пуга 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Разя́ва, разява́ка ’няўважлівы чалавек’ (ТСБМ), разе́ва, разёва, розя́ва, раззёва, роззя́ва ’хто няўважлівы’ (віл., шчуч., лід., дзятл., беласт., ваўк., Сл. ПЗБ; Скарбы, Сцяшк. Сл., ТС), разявёня ’разява’ (Янк. 2), разяво́н ’разява’ (Юрч.), разява́ка ’разява’ (брасл., Сл. ПЗБ), разяве́ня ’някемлівы’ (Сцяшк. Сл.), разява́ты ’някемлівы, нецямлівы’ (Янк.), разяво́нічка ’разява’ (Юрч. СНЛ). Ад разя́віць (гл.). Звычайна разглядаецца як вытворнае ад зява́ць (гл.). Непадаўжэнне ‑з‑ магчыма ў выніку дээтымалагізацыі слова. Або можна меркаваць, што быў нейкі корань *inąti, *jati. Такім чынам, утворана аналагічна да рус. рази́ня, якое з *orz‑ і *žinǫti (Фасмер, 3, 434).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Райду́н ’той, хто гаворыць інакш, з суседняй вёскі’, райдуны́ ’назва жыхароў суседняй вёскі, якія гавораць інакш’ (Сл. ПЗБ), райду́нка ’жанчына з іншай вёскі з іншай гаворкай’ (мсцісл., пух., Нар. сл.). Параўн. польск. жарг. rajdak, rajder, rajdyn, rajdowiec ’валацуга’. Магчыма, сувязь з ням. Rede ’маўленне, размова’, reden ’гаварыць, размаўляць’ (гл. райдоліць) і адсюль развіццё семантыкі ад ’гаварыць’, ’гаварыць інакш’ > ’той, хто інакш размаўляе’ > ’прыхадзень, іншы, немясцовы’ > ’вандроўнік, валацуга’. Менш верагодна першаснае ’чужак, прыхадзень’, што ў беларускую мову магло трапіць праз сучаснае польск. rajd ’паход’ і звязана з англ. raid ’набег, налёт, напад’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раллё 1 ’узаранае поле, ворыва; аранне’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк., Мат. Маг.), параўн. славен. (o)ralje ’узаранае поле, ніва’, старое чэш. rolí ’поле, ніва’, што да зборн. прасл. *orlьje (< прасл. *ȏrlь, параўн. ст.-рус. раль ’ворыва, поле’, серб.-харв. rȁl, rȃl ’мера зямлі, ворыва’, славен. rȃl ’аранне; узараная зямля’), гл. Бязлай, 3, 148. Параўн. ралля (гл.).
Раллё 2 ’бязладдзе, нагрувашчванне’, ’няўмека, неакуратны чалавек’ (Юрч. Фраз. 1), ’нязгрэба, неахайны чалавек’ (мсцісл., Нар. сл.). Імаверна, ад рала 1 (гл.), у тым ліку ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’, магчыма, пад уплывам галлё. Параўн. таксама з райло (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рапэ́та ’страва з сумесі агародніны і круп’ (лід., Сл. ПЗБ). Няясна. Параўн. польск. жарг. repeta ’баланда’, ’суп’, а таксама ’дадатковая порцыя ежы, дабаўка’, якія Каня (Słownik, 189) узводзіць да лац. repeto ’паўтараю’. Магчыма, праз французскае пасрэдніцтва, параўн. Сной, 534, які адзначае, што славен. repete ’яшчэ раз, яшчэ адну порцыю’ выкарыстоўваецца як выклічнік і паходзіць з франц. répété ’паўтораны’, што з’яўляецца пасіўным дзеепрыметнікам прош. ч. ад дзеяслова répéter ’паўтараць, паўтарыць’; больш верагодна ад франц. répétez ’паўтарыце’ ў Кліч. скл. (< лац. repetere ’тс’). У гаворку магло трапіць з турэмнага або салдацкага жаргону.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < rouler ’каціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Руі́на 1 ’рэшткі разбуранага збудавання, паселішча’; перан. ’слабы, хворы ад старасці чалавек’ (ТСБМ), ’вайна’ (Шымк. Собр.), ’сумяціца’ (Ласт.). Укр. руїна, руїни ’разваліны’, рус. руи́на, руи́ны ’тс’, польск. ruina ’разарэнне, заняпад’, ruiny ’разваліны’, чэш. ruina, ruiny ’тс’. Ст.-бел. руина ’руіна’ са ст.-польск. ruina < лац. ruina (Булыка, Запазыч., 288). Магчыма, паўторнае запазычанне з заходнееўрапейскіх моў: ням. Ruine, франц. ruine ’падзенне; распад; заняпад; разваліны’ < лац. ruīna ’падзенне; абвал; бедства’ < ruō ’абвальваюся; разбураюся’ (Чарных, 2, 126–127).
Руі́на 2 ’зграя ваўкоў у час цечкі, руя, гайня’ (шчуч., З нар. сл.; ТС). Гл. руйка, руя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Самі́ца 1 ’самка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны корань у дрэве’ (Сл. ПЗБ), самы́ця ’самка’ (Сл. Брэс.). Укр. сами́ця, польск. samice, чэш. samice, славац. samica, серб.-харв. са́міца ’самка птушак’, славен. samíca ’тс’. Прасл. *samica, дэрыват ад *samъ ’сам’ з суф. *‑ica, паралель да наз. м. р. *samьcь ’самец’ (SP, 1, 98; Махэк₂, 537). Улічваючы націск і лінгвагеаграфію, у бел. магчыма з польск. Гл. яшчэ Борысь, 538.
Самі́ца 2 ’каўтун на галаве’, само́к 2 ’вялікі камяк каўтуна на галаве’ (пух., З нар. сл.). Укр. са́мка ’дзіцячая хвароба’. Табуістычныя назвы ад саміца 1, самок 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́чка 1 ‘рыба Cobitis taenia L.’ (Янк. 3., ТС). Гл. секаўка.
Се́чка 2 ‘рэзаная салома на корм жывёле’ (ТСБМ, Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), се́чанка ‘тс’ (Нас., Бяльк.). Ад сячы, параўн. славен. дыял. sečka ‘парэзаная салома, сена’.
Се́чка 3 ‘страказа’ (горац., ЛА, 1). Няясна; магчыма, пераасэнсаванне страказа пад уплывам стрыкаць ‘сячы’, гл.
Се́чка 4 ‘руя ваўкоў’ (ПСл). Відаць, з це́чка ‘тс’ (паводле ЛА, 1, разам з це́ка, распаўсюджана на поўдні моўнай тэрыторыі), пераасэнсаванага пад уплывам сячы ‘грызці’, параўн. воўк зарэзаў авечку.
Се́чка 5 ‘мера сыпкіх рэчываў’: въ сечкѣ 6 гарнцевъ (Яшк. Мясц.). Да сек (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)