КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.​Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.​Голбрэйт, П.​Сарокін (ЗША), Р.​Арон, Ж.​Фурасцье, Ф.​Перу (Францыя), Я.​Тынберген (Нідэрланды), Х.​Шэльскі, О.​Флехтхейм (ФРГ), А.​Дз.​Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыі эканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.​Бжэзінскі, Р.​Хантынгтан, К.​Менерт, Э.​Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.​Хейлбранер, Г.​Маркузе, Ю.​Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.

2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст. ням. псіхолагам В.​Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,

антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв. к-т» на чале з С.​Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.​М.​Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.​М.​Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.​Д.​Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс. чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс. чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс. чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).

Літ.:

Кроншадт, 1921: [Сб. док.] М., 1997.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,

1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар. гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».

3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.

Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел. літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.

У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац. АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.

Літ.:

Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;

Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;

Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;

Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;

Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;

гл. таксама пры арт. Норма моўная.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш. дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ АСЕ́ЦІЯ, Цхінвальскі рэгіён,

гісторыка-геаграфічная вобласць на Пн Цэнтр. Грузіі, размешчаная на паўд. схілах і ў перадгор’і Вял. Каўказа ў далінах рэк Вял. і Малая Ліяхві, Ксані, Меджуда і інш. (усе прытокі Куры) і населеная пераважна асецінамі (адсюль назва).

Тэр. П.А. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У 2—1-м тыс. да н.э. адбываўся распад першабытнаабшчынных і зараджэнне раннякласавых адносін. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — 4 ст. н.э. тэр. П.А ў складзе Керыі (Картлі), потым пад уладай дзяржавы Сасанідаў, Візантыі, арабаў. З канца 10 ст. ў складзе адзінага Грузінскага царства, з 2-й пал. 15 ст. Картлійскага, з 1762 — Картлійска-Кахецінскага царстваў. З 13 ст. ў П.А. развіваліся феад. адносіны. У 13 — канцы 14 ст., ратуючыся ад нашэсцяў мангола-татар і Цімура (Тамерлана) ч. асецінаў (аланаў) з Паўн. Прыкаўказзя перасялілася ў цясніны Вял. Каўк. хрыбта, адкуль яны спачатку засялілі высакагорную ч. сучаснай П.А. а ў 17—18 ст. — яе перадгорную зону. У 1801 П.А. ў складзе Усх. Грузіі далучана да Расіі (з 1849 у Тыфліскай губ.). Прыгонніцкі прыгнёт і калан. палітыка царызму выклікалі буйныя сял. паўстанні 1810, 1830, 1840, 1850. Прыгоннае права ў П.А. скасавана ў 1864 Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.А была базай бальшавікоў у барацьбе супраць меншавіцкіх улад Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі, у 1919—20 тут адбыліся шматлікія антыменшавіцкія паўстанні. Сав. ўлада ўстаноўлена ў лют. 1921 пасля заняцця Грузіі Чырв. Арміяй.

20.4.1922 утворана Паўд.-Асецінская аўт. вобласць (3,9 тыс. км², 99 тыс. жыхароў у 1990, цэнтр — г. Цхінвалі) у складзе Грузінскай ССР. У 1990 улады Грузіі скасавалі аўтаномію П.А., пасля чаго тут 19.9.1990 абвешчана афіцыйна не прызнаная Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Гэтыя падзеі справакавалі грузіна-асецінскі ўзбр. канфлікт, які прывёў да вял. чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт, вымусіў тысячы людзей (грузін, асецінаў і інш.) стаць бежанцамі. Паводле падпісанага ў чэрв. 1992 Пагаднення аб прынцыпах урэгулявання канфлікту сітуацыю ў П.А. ўзялі пад кантроль Змешаныя рас.-груз.-асецінскія сілы па падтрыманні міру, але і дагэтуль яе юрыд. статус у складзе Грузіі не ўрэгуляваны.

т. 12, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЗА (Pisa),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.​Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.

У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э. рым. калонія. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл. цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.

Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст. н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.​Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.​Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.​Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Піза. Ансамбль саборнай плошчы.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАЛО́М, псалм,

псалмы (ад грэч. psalmos песня пад акампанемент арфы, хвалебная песня),

рэлігійнае песнапенне са Старога запавету.

Прыпісваюцца цару Давіду (канец 11 ст. — каля 950 да н.э.). Складаліся на працягу некалькіх стагоддзяў да н.э. вядомымі і ананімнымі паэтамі. У 1—3 ст. адбывалася пераасэнсаванне стараж.-грэч. царквой яўр. П. і песень прарокаў, пашырэнне іх у грэч. і лац. перакладах [грэч. зб. «Псалтэрыён» (бел. назва «Псалтыр») канчаткова склаўся ў 5—4 ст. да н.э.; колькасць і нумарацыя П. у розных песенніках не супадае]. У 2 ст. кананізаваны. П. — крыніца шматлікіх царк. пеўчых жанраў (хвалебныя, услаўляльныя песнапенні, малітвы). Яны фарміраваліся рознымі кірункамі: вольнае камбінаванне асобных строф і радкоў (антыфон, бязгрэшны, паліялей); ператварэнне прыпеваў да П. у самаст. жанры (алілуарый, пракімен); чаргаванне П. з новымі жанрамі: паміжпсалмія седальны, (з увядзеннем хрысціянства гэтыя жанры прыняты і правасл. царквой); для бытавога, хатняга ўжытку прызначаліся пазабогаслужэбныя вершаваныя паэтычныя пераклады П. з рыфмай і рыфмоўкай, з выкарыстаннем прынцыпова новых метадаў вершаскладання (адсюль т. зв. рыфматворныя псалтыры пазацарк., свецкага характару, а пакладзеныя на музыку, набывалі стылістыку канта, станавіліся псальмамі, якія маюць бытавыя танц. і нар. песенныя вытокі). П. пашыраны ў правасл. богаслужэнні. Псалтыр — настольная кніга ў правасл. богаслужэнні. У каталіцкім богаслужэнні большасць П. выкарыстана ў песнапеннях месы. У старажытнасці П. выконваліся антыфонна двума унісоннымі харамі. У сярэднія вякі сталі асновай гімнаў і інш. муз.-паэт. форм. У 14 ст. з’явіліся шматгалосыя П. Вял. папулярнасць у Францыі мелі гугеноцкія П. К.​Гудымеля (1565 — у 4-галосай апрацоўцы, у наступных выданнях — гамафонныя), у Польшчы П. з польскага 4-галосага «Псалтыра цара Давіда» Я.​Каханоўскага — М.​Гамулкі (1580), у Нідэрландах П.​Я.​Клеменса-«не папы».

На Беларусі былі папулярныя псалтыры Яна Любельчыка (1558), Каханоўскага—Гамулкі, аднагалосы Мацея Рыбіскага (1598, 1617, 1632, 1642, 1744 і інш.) — пераклад на польскую мову псалтыра Гудымеля, ням. зб-кі духоўных песень. Да тэкстаў П. звярталіся замежныя (Ф.​Мендэльсон, Ф.​Ліст, І.​Брамс, З.​Кодай) і рус. (І.​Стравінскі) кампазітары.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСА́ЛЬМЫ,

духоўныя канты. Выкарыстоўваюць сюжэты з Бібліі, з яўрэйскай Агады, агіяграфічнай (жыційнай) л-ры, гістарычныя, сац.-бытавыя падзеі і інш. Уключаюць разнастайныя жанры (гімны, філас.-маралістычныя, замілавальныя, пакаянныя, малітоўныя, услаўляльныя, эсхаталагічныя, апакаліптычныя, П.-калядкі, велікодныя і інш.). Рэлігійная тэматыка ў П. трактуецца вольна. П. былі паказальнікам гуманіст. мастацтва эпохі Адраджэння і барока. Значны ўплыў на іх меў рэфармацыйны рух.

П. маюць лац. вытокі. Лац. П. апрацоўваліся ў стылі канкрэтнай эпохі: ars nova як спяванне ў суправаджэнні 2 інструментаў; у перыяд Адраджэння як рэчытацыя на фоне акордаў з багатай уступнай мелізматыкай, сярэдзіннай і заключнай кадэнцыяй, таксама ў форме прымітызаванага матэта; у перыяд позняга Адраджэння — шматхоравасць. Пачынаючы з барока, П. становяцца асновай шматлікіх кампазіцый для сольных галасоў, хору, аргана і аркестра.

Першая бел. П. — гімн-кант «Багародзіца» (спявалі бел. палкі ў час Грунвальдскай бітвы 1410). П. ўваходзілі ў рукапісныя і друкаваныя Багагласнікі, вядомыя на Беларусі (з 15 ст.) і Украіне. З сярэдзіны 17 ст. пашырыліся ў Расіі праз бел. і ўкр. «васпевакоў», выхадцаў з бел. і ўкр. зямель. Ўвайшлі ў шматлікія зб-кі П. і кантаў 17—18 ст. Вытокі літ. П. — у прафес. і нар. песеннай сілабічнай паэзіі, муз. — у бытавой зах.-еўрап. музыцы, усх.-слав. муз. фальклоры, а таксама стараж.-рус. і бел. знаменным роспеве. Вядомы П., прысвечаныя Хрысту, Марыі, святым, гіст. і сац. падзеям і інш. (напр., кант-гімн Афанасія Філіповіча «Даруй спакой царкве сваёй, Хрысце Божа»), Шматлікія П. і канты фалькларызаваліся і ўвайшлі ў калядны, вясельны, валачобны, пахавальны абрады беларусаў. Яны суправаджалі паказ батлейкі, з імі хадзілі хрыстаславы. Увайшлі ў рэпертуар лірнікаў. У 17 ст. з’явіліся першыя бел. лірычныя канты. Збор П. — «Псалтыр рыфматворная» Сімяона Полацкага (1678), пакладзеная на музыку В.​Цітовым, — выдатны помнік бел.-рус. культуры. Тэксты П. захавалі беларусізмы, украінізмы, паланізмы. Музыка заснавана на бел.-ўкр. папеўках і мелодыях, а таксама на бел. знаменным спеве. На ўзор П. складаліся першыя рус. канты. П. і канты захаваліся ў нар. побыце.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)