Ах выклічнік для выражэння гневу, радасці, здзіўлення; укр. ах, рус. ах, польск. ach, чэш. ach, славац. ach, н.-луж. ach, славен. ah, серб.-харв. ȁh, макед. ах, балг. ах. Адносіцца да т. зв. «першасных» слоў, вядомых і іншым індаеўрапейскім мовам, параўн. лац. āh, ням. ach, франц. ah, ст.-інд. āḥ у гл. Зубаты, Studie, 1, 163; Слаўскі, 1, 23; вытворныя ахкаць, укр. ахкати, славац. achkať, балг. а́хкам ад ах (ach) пры дапамозе спецыяльнага дзеяслоўнага суфікса ‑к‑, параўн. Махэк₂, 34; адносна беларускіх дзеясловаў на ‑ка‑ гл. Васілеўскі, Лінгв. зб., 49–57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марш ’спосаб мернай рытмічнай хадзьбы ў страі’, ’паход войска’, ’загад пайсці, пачаць рух’, машырава́ць, маршырава́ць ’ісці маршам’, маршыроўка ’хадзьба маршам’ (ТСБМ, Яруш.), ст.-бел. маршъ ’марш’ (XVI ст.) запазычана, магчыма, праз польскую мову з франц. marche ’ідзі!’, ’марш’ (Булыка, Лекс. запазыч., 67) < marcher ’ісці’ < гала.-раманск. *marcare ’біць малатком’, ’таптаць, давіць’. Форма без ‑р‑ паходзіць з польск. maszerować ’маршыраваць’. Праз польскую мову прыйшло марш ’музычны твор’ (ТСБМ), з якога ма́ршы ’ігра музыкантаў для ўдзельнікаў вяселля за плату’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Новае запазычанне з рус. мовы — марш ’частка лесвіцы паміж дзвюма лесвічнымі пляцоўкамі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаке́т ’кароткае жаночае верхняе адзенне’, жаке́тка ’тс’, ’пінжак’ (ТСБМ). З рус. жаке́т ’тс’ (на што ўказвае націск). У рус. зафіксавана жаке́тка (1858 г.), жаке́т (1866 г.), у польск. żakiet, żakietka фіксуецца з 1872, 1882 гг. (Вечаркевіч, SW). Дыял. жа́кят ’тс’ (Сл. паўн.-зах.) з польск. У рус.польск.) з франц. jaquett (1375 г.) — памяншальнага ад jaque ’куртка’ (1364 г.), якую насілі сяляне, таму, магчыма, ад уласнага імя Jacque, частага сярод сялян, ужыванага як мянушка (Блох-Вартбург, 344), або араб. schakk ’куртка’ (Даза, 418). Фасмер, 2, 34; Шанскі, 1, Ж, 273.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадры́ля ’танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ; іўеў., Сцяшк.; Янк. 3.), кадрыль ’тс’ (беш., Касп.), кадры ’тс’ (Сцяц.), кадраль ’тс’ (Жд. 3), кадрель ’тс’ (Бяльк.), кадрэля ’тс’ (Шат.). Запазычана з рус. кадриль ’танец у чатыры пары’, відаць, праз гарадское асяроддзе, адносна распаўсюджання слова ў суседніх гаворках даных няма, ва ўкр. мове адзначана ў Лявіцкага. Рус. кадриль з франц. quadrille ’танец у чатыры пары’, рус. слова сустракаецца (у значэнні дзве пары ў танцы) у сярэдзіне XVIII ст. і запазычана, відаць, прыблізна ў гэты ж час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патрон1 ’апякун свабодных, бедных грамадзян’, ’абаронца горада, абшчыны’, ’адвакат-абаронца’, ’гаспадар фірмы, начальнік’, ’святы’, ’дзень анёла’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. патронъ ’заступнік, абаронца’ (1556 г.). Запазычана са ст.-польск. patron, якое з лац. patrōnus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 23).

Патрон2, ветк. патрона ’гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам’ (ТСБМ, Мат. Гом.). З польск. patron, patrona ’тс’. Не выключана магчымасць другаснага запазычання з рус. патрон ’тс’, якое праз ням. Patron прыйшло з франц. patron < с.-лац. patrōnus ’абалонка снарада’. Этымалагічна тоеснае з патрон1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамі́знік ’фурман наёмнага экіпажу’ (ТСБМ), ’лёгкая фурманка для перавозкі пасажыраў’ (Варл.). Відаць, ад ням. Remise, якое можа азначаць ’сховішча для пэўнага транспарту’, што з франц. remise ’тс’ < re‑mettre ’адкладаць, захоўваць’, звязанае з лац. mitto/mittere ’кідаць’ і ’пасылаць’. Хутчэй за ўсё праз польск. remiza ’вазоўня’, параўн. чэш. remiz ’карэтня’, ’месца, дзе стаяць вазы’. Адсюль рамізнік — ’той, хто працаваў у вазоўні, абслугоўваў экіпажы’. Больш позняе ўтварэнне рамі́знік ’чалавек, які званіў у час пажару’ ад польск. remiza ’пажарнае дэпо’: былі такія рамізы… рамізнік быў напагатове і званіў (чэрв., Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руі́на1 ’рэшткі разбуранага збудавання, паселішча’; перан. ’слабы, хворы ад старасці чалавек’ (ТСБМ), ’вайна’ (Шымк. Собр.), ’сумяціца’ (Ласт.). Укр. руїна, руїни ’разваліны’, рус. руи́на, руи́ны ’тс’, польск. ruina ’разарэнне, заняпад’, ruiny ’разваліны’, чэш. ruina, ruiny ’тс’. Ст.-бел. руина ’руіна’ са ст.-польск. ruina < лац. ruina (Булыка, Запазыч., 288). Магчыма, паўторнае запазычанне з заходнееўрапейскіх моў: ням. Ruine, франц. ruine ’падзенне; распад; заняпад; разваліны’ < лац. ruīna ’падзенне; абвал; бедства’ < ruō ’абвальваюся; разбураюся’ (Чарных, 2, 126–127).

Руі́на2 ’зграя ваўкоў у час цечкі, руя, гайня’ (шчуч., З нар. сл.; ТС). Гл. руйка, руя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салда́т ’радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. солда́т ’тс’, якое вядома з 1515 г.; запазычана праз зах.-еўр. мовы (ням. Soldat, франц. soldat і г. д. з італ. soldato ад soldare ’наймаць’); Праабражэнскі, 2, 352; Клюге, 568; Фасмер, 3, 709. З рус. і салдафо́н ’ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек’ (ТСБМ); у рус. з солдат пад уплывам уласнага імя Агафон, гл. Фасмер, там жа. Ст.-бел. салдатъ (1710 г.) з той жа крыніцы (Булыка, Лекс. запазыч., 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сос1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй шс > сс і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)