1) К. бюджэтных устаноў — асн. фінансава-планавы акт, які вызначае аб’ём, мэтавае накіраванне і паквартальнае размеркаванне асігнаванняў, прадугледжаных на ўтрыманне ўстаноў і арг-цый. З’яўляецца планам фінансавання ўстаноў і расходавання бюджэтных сродкаў. Прававое значэнне К. — вызначэнне правоў і абавязкаў кіраўніка бюджэтнай установы па мэтавым выкарыстанні сродкаў, што адпускаюцца з адпаведнага бюджэту, а фін. органаў — абавязкі па забеспячэнні гэтых сродкаў і ажыццяўленні кантролю за мэтавым іх выкарыстаннем. К. падзяляюцца на індывідуальныя, цэнтралізаваных мерапрыемстваў і зводныя. Індывід. К. адлюстроўваюць асаблівасці асобнай установы. Для аднатыпных бюджэтных арг-цый устанаўліваюцца тыпавыя формы расходаў, што ўключаюць 3 асн. раздзелы: агульныя звесткі пра ўстанову, агульную суму расходаў з размеркаваннем па кварталах і накіраваннем расходаў; аператыўна-вытв. паказчыкі, неабходныя для вызначэння расходаў (колькасць штатных адзінак, абслугоўваемы кантынгент і г.д.); разлікі па асобных расходных артыкулах. К. складаецца з артыкулаў, кожны з іх мае аднародную групу расходаў і строга абавязковы характар. К. на цэнтралізаваныя мерапрыемствы складаецца мін-вамі, ведамствамі, упраўленнямі і аддзеламі органаў мясц. самакіравання. К. зводныя аб’ядноўваюць усе індывід. К. падведамасных устаноў і К. расходаў на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.
2) К. выдаткаў на вытв-сць — вылічэнне планавай сумы затрат прадпрыемства, аб’яднання або галіны нар. гаспадаркі на вытворчасць усёй прадукцыі і аказанне паслуг. Складаецца на пэўны каляндарны перыяд (год, квартал).
3) К. выдаткаў на буд-ва — сукупнасць нарматыўных разлікаў, якія вызначаюць памер усіх затрат, звязаных з буд-вам (рэканструкцыяй) прадпрыемства, асобнага памяшкання, збудавання або іх комплексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),
прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.Г.Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.
Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах.ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд.Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш.формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЦІК (лац. porticus),
галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл.драм.т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.
Г.С.Ларкін.
Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,
сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),
французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, А.Барадзіна, асабліва М.Мусаргскага (з І.Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел.т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.
Літ.:
Крейн Ю. Симфонические произведения М.Равеля. М., 1962;