НАЙБО́ЛЬШЫ АГУ́ЛЬНЫ ДЗЕ́ЛЬНІК двух ці некалькіх натуральных лікаў, найбольшы з цэлых дадатных лікаў, на якія дзеліцца без астачы кожны з дадзеных лікаў. Калі вядома раскладанне дадзеных лікаў на простыя множнікі, то для атрымання Н.а.дз. гэтых лікаў трэба знайсці здабытак тых множнікаў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раскладаннях, узяўшы кожны такі множнік найменшую колькасць разоў. Напр., паколькі 360=2∙2∙2∙3∙3∙5 і 396=2∙2∙3∙3∙11, то Н.а.дз. гэтых лікаў роўны 2∙2∙3∙3=36. Паняцце Н.а.дз. дастасавальнае і да мнагаскладаў. Н.а.дз. двух ці некалькіх мнагаскладаў ёсць мнагасклад найвышэйшай ступені, на які дзеліцца кожны з іх.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЗЫ ГРАМА́ДСКАЙ АПЕ́КІ (рус. приказы общественного призрения),

губернскія адм. ўстановы ў Рас. імперыі, створаныя паводле адм. рэформы 1775. Складаліся з 6 засядацеляў (па 2 ад кожнага з трох саслоўных судоў), узначальвалі іх губернатары. Загадвалі ўстановамі, якія ўтрымліваліся за кошт сродкаў урада і дабрачыннасці: шпіталямі, бальніцамі, багадзельнямі, сіроцкімі дамамі і некат. турэмнымі ўстановамі — «работнымі» і «ўціхамірвальнымі» дамамі. П.г.а. скасаваны ў большасці губерняў у выніку земскай рэформы 1864 і гарадской рэформы 1870—75 (функцыі перайшлі да земстваў і губ. праўленняў), але захаваліся ў тых губернях, дзе не ўводзіліся земствы: Архангельскай, Арэнбургскай, Астраханскай, беларускіх (у 1911 земствы ўведзены ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ.), прыбалт., польскіх і некат. інш.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАКРЫ́ШНА (сапр. Чатэрджы Гададхар ; 18.2.1836, Камарпукур, Індыя — 16.8.1886), індыйскі мысліцель, рэліг. прапаведнік і грамадскі дзеяч. У юнацтве быў індуісцкім жрацом. Імкнуўся аб’яднаць адвайта-веданту Шанкары з вучэннем Рамануджы. Лічыў, што для адраджэння Індыі і ўсяго чалавецтва неабходна адзіная рэлігія; прапаведаваў духоўную роднасць усіх рэлігій. Асабістая яго рэліг. практыка была звязана з пакланеннем жаночаму боскаму пачатку, цэнтр. персанажу індуісцкага пантэона багіні Калі (Вял. Маці). Паводле Р., гал. патрабаванне рэліг. этыкі — не адмаўленне ад свету, а выкананне сваіх абавязкаў. Значна паўплываў на ідэалогію інд. нац. руху. У сучаснай Індыі Р. прыраўноўваюць да святых — да тых, хто пры жыцці дасягнуў духоўнага вызвалення, набыў пазаасобаснае быццё.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галада́ць (БРС). Дзеяслоў, які суадносіцца з прасл. назоўнікам *goldъ ’голад’ (гл. голад). Гэты марфалагічны тып (*goldati) вядомы ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ рус. голода́ть, укр. дыял. голода́ти. У адных і тых жа слав. мовах могуць сустракацца паралельна і іншыя марфалагічныя тыпы гэтага дзеяслова. Так, вельмі пашыраны тып *goldovati *goldujǫ. Параўн. бел. галадава́ць (Нас., Касп., Шат.), укр. голодува́ти (< голодовати), рус. дыял. голодова́ть, славац. hladovať, чэш. hladověti і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бала́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Пустая, непатрэбная размова. [Начальнік дэпо:] — Вы б, Савелій Лявонавіч, чым пустымі балачкамі займацца, узялі б хоць інструкцыю аб вугальных кранах ды вывучылі б яе добра. Лынькоў. Праўда, з тых.. [Мікодымавых] балачак сёй-той смяяўся. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ветраго́н, ‑а, м.

1. Разм. неадабр. Легкадумны, пусты чалавек. Былі .. [хлапчукі] малыя, неразумныя ветрагоны. Шынклер. — Не жонка, а ветрагон, — сказала маці. — Гатаваць абеды не збіраецца... Ды на тых харчах, што ў сталоўцы, ногі выцягнеш... Гаўрылкін.

2. Спец. Прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азы́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ацячы, апухнуць. [Дзеці] апухлі і азызлі з голаду, зусім не падобны да тых вяртлявых скакуноў, якімі.. [Габрусь] бачыў іх раней. Чарот.

2. Азябнуць, змерзнуць. Яўхімка доўга не выходзіў з нашай хаты. Я ўжо азыз на холадзе, чакаючы яго. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акцэнтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

1. Паставіць (ставіць) акцэнт (у 1 знач.).

2. перан. Асабліва вылучыць (вылучаць), падкрэсліць (падкрэсліваць) пэўную думку ў выказванні. Артыкул чытаў я сам. Стараўся акцэнтаваць на тых мясцінах, якія мне здаваліся найбольш удалымі і пераканаўчымі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зруйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Разбурыць, ператварыць у руіны. [Банда] стараецца спаліць ці якім-небудзь іншым парадкам зруйнаваць.. завод. Чорны. // Ліквідаваць, знішчыць. У тых людзей, якія ў маладосці назаўсёды зруйнавалі быльняговыя межы і праклалі сцежкі ў новы дзень, павырасталі сыны і дочкі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паля́на, ‑ы, ж.

Роўная бязлесная прастора, невялікі луг на ўскраіне або сярод лесу. Гэта адна з тых наднёманскіх вёсак, якія туляцца ў сасновых зацішках пры берагавых сакавітых палянах. Пестрак. Забалочаная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяною лесу, млела ад гарачыні. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)