электры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрычнасці. Электрычны зарад. Электрычнае поле. □ Для награвання газу ў камеры выкарыстоўваецца электрычны разрад выключнай магутнасці. «Маладосць». // перан. Нечаканы і моцны. Праняла электрычная дрож, Бацька сціснуў нервова нож І крануўся ісці да дзвярэй. Глебка.

2. Які праводзіць, дае электрычнасць. Электрычная батарэя. Электрычны акумулятар. □ Электрычная станцыя — не навіна, Сёння шмат іх па рэках стаіць, не адна. Куляшоў. // Звязаны з перадачай электраэнергіі, з яе рухам. Для таго, каб не парушыць электрычнай праводкі школьнага званка, паралельна яго выключальніку падключаюць электрычную разетку і замацоўваюць яе непасрэдна пад выключальнікам. «Маладосць».

3. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрычны матор. Электрычная печ. □ Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка. Гартны.

4. Які служыць для вырабу апаратуры, машын і пад., што працуюць на электрычнасці. Электрычная прамысловасць.

5. Звязаны з выкарыстаннем электраэнергіі. Электрычныя метады разведкі каштоўных выкапняў.

6. Які мае орган, што ўтварае разрады электрычнасці (пра рыб). Электрычны скат. Электрычны вугор.

•••

Электрычная дуга гл. дуга.

Электрычная іскра гл. іскра.

Электрычная лямпа гл. лямпа.

Электрычны імпульс гл. імпульс.

Электрычны стул — у ЗША — прыстасаванне для выканання смяротнага прыгавору пры дапамозе электрычнага току высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «пад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. □ Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі; яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом. Чорны. «Дзеці мае! Вы пад’елі, заснулі, І я вам спакою хачу, Я пад вашы кашулі Завею з трубы не пушчу». Куляшоў. // У значэнні «ніжэй паверхні чаго‑н.» Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. □ Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Галавач.

3. з В. Разм. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізкасць да якіх накіравана дзеянне. Пайсці пад студню. □ Вось мякка газуе Пад хату трохтонка. Куляшоў. З Мінска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень. Астрэйка. // У значэнні «аж да самага (прадмета, месца і пад.)». Агонь шугае пад воблакі. Падкінуць пад столь.

4. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. □ Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках. Грахоўскі. Пры тым.. [хлопец] так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год. Чорны. // Пры ўказанні на стан, у які пападае хто‑, што‑н. Аддаць пад суд. □ [Бацьку] здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду. Чорны. // Разм. У значэнні «ва ўладу каго‑, чаго‑н.» Паводле Брэсцкага міру частка Беларусі пападала пад Германію.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Сваёй чаргой жыццё Ішло пад ясным і халодным небам. Звонак. А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала. Буйло. Мрок стаіўся нерухома, Пад нагамі лом, каменне. Колас. // Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад белай страхою стаіўся пасёлак, Прымоўклі навокал лясы. Колас. Шчарбацюк .. пачаў хвалявацца, — пад скурай напружана захадзілі жаўлакі. Мележ. // Ніжэй паверхні чаго‑н. Кветкі пад снегам. □ Толя падсек, і на канцы лескі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне. Брыль. // Пры абазначэнні прадмета, які выступае ў якасці покрыва іншага прадмета. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.

6. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад гарой зялёны гай. Галлё валялася пад нагамі. □ Калі над радзімай пажары шугалі І неба гуло ад грымот, — Пад шумнымі соснамі мы прысягалі Табе, беларускі народ! Броўка. Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі. Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном. Куляшоў.

7. з Т. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізкасці ад якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто‑, што‑н. Нехта стаяў пад дзвярамі. □ Пад Барысавам палонным, За Бярозаю-ракой, Войска арміі Чырвонай Сабірала сілы ў бой. А. Александровіч. У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць англійскіх маракоў, узятых пад Парвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна. Брыль. Села пад пушчаю Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Спетых дажынак ёй жаль. Купала.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з’явы або аб’екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што‑н. або знаходзіцца хто‑, што‑н. Быльнёг шумеў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Стаяць пад дажджом. □ Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч. Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, А ніхто не хацеў і не мог адступіць. Глебка. Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся... Брыль. // Пры ўказанні на стан, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Жыць пад страхам. □ Пад націскам тройчы ўзбольшаных сіл, На бераг шырокай ракі Апошнімі, мужна, між свежых магіл, З баямі адходзяць палкі. Глебка. // Разм. У значэнні «ва ўладзе каго‑, чаго‑н.» Жыў пад Польшчай. □ Гора нам, бедным, гора, загнаным, Мучаць нас чорныя долі, Стогнем пад царам, стогнем пад панам, Стогнем мы дома і ў полі. Купала.

Часавыя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, адрэзку часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. □ Пад раніцу Наташа засынала, але спала нядоўга. Шамякін. Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Мележ. Пад шэрую восень, пад верасень месяц, Задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе. Танк.

Аб’ектныя адносіны

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, Пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін Уздымем краіну, уславім краіну, Край родны ў творчай красе адрадзім! Куляшоў. Кладзецца жыта спелае пад песню На сто крывых адвостраных сярпоў... Панчанка. І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая. Машара.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захопліваючы яго знізу. Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі. Грахоўскі.

12. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. □ — Там, — казаў ён, — даволі Дабра я замкнуў пад замок: І цыбулі, І солі... — І хлеба? — спытаў Васілёк. Куляшоў.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго‑н., узамен якога што‑н. даюць або атрымліваюць. Аддаць пад залог. □ У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта. Чорны.

14. з Т. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Спакойна і мірна Суровай хадой Пад ленінскім сцягам Праходзяць калоны. Глебка. Ля хат пад свістам непагоды Цішэе сад і дрэва жоўкне, — Для нас з табой вясна заўсёды, Бо на душы вясна не змоўкне. Хадыка. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

15. з Т. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто‑, што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пад сярпом маім крывым Жыта хутка гнецца, Сноп за снопам у радкі Покладам кладзецца. Гартны. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі.

Азначальныя адносіны

16. з Т. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. □ І выраб мой дасужае мінуты, Рагаты сук пад надпісам «Чымган», Прыродаю так вычварна загнуты, Гадае там пра родны Казахстан. Колас. // Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.

Параўнальныя адносіны

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, падобна да якога што‑н. робіцца, з якім што‑н. параўноўваецца. З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, .. плыве-бяжыць сіняваты дымок. Колас. Гуральскія хаты. Вуглы — «замок» — памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі. Брыль. // Пры абазначэнні таго, што з’яўляецца ўзорам, прыкладам для пераймання. Стрыгчы пад бокс.

18. з В. У адпаведнасці з чым‑н. або раўназначна чаму‑н. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». □ Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой. Грамовіч. Джамбулу я песню сягоння пяю, Пад сэрца і думу настроіў сваю. Купала. Сэрца просіць шляхоў, Што цяжкім маім ботам пад сілу; Наглытацца хачу туманоў, Твайго ветру і пылу. Куляшоў.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога трэба раскрыць (пры словах «разумець», «хавацца», «падразумяваць» і пад.). Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку. □ Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасць мае, Тады ён нават і бушуе І трохі сына памуштруе; Але пад гэтым бушаваннем Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з В. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога‑н. дзеяння. Пісаць пад капірку. Стрыгчы пад машынку.

Прычынны я адносіны

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся. □ Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?! Колас. Плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі. Танк.

Мэтавыя адносіны

22. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту выкарыстання або прызначэння чаго‑н. Палетак пад жыта. □ Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое .. стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара. Гарэцкі.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што‑н. занята, якімі што‑н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Гарачыя коні былі пад казакамі.

Адносіны прыблізнасці

24. з В. Разм. Ужываецца пры недакладным, прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. У памяшканні сядзела чалавек пад сорак. □ Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не жадае спакою; няўрымслівы, мяцежны. І рашыў будаваць Неспакойны салдат Гідрастанцыю На трыццаць пяць кілават. Куляшоў. Скончылася кіно, і з клуба на калідор хлынула і расплылася па вестыбюлі неспакойнае мора студэнцкай моладзі. Адамчык. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неспакойны характар. □ Акіліна гатова была паверыць, што ў жыцці яе павінны адбыцца нейкія перамены, пасля якіх вальней і радасней будзе яе неспакойнаму сэрцу. Вітка.

2. Які адчувае і выказвае трывогу, хваляванне. [Антось] вярнуўся ў амбулаторыю хвілін праз дваццаць, вельмі неспакойны. Мележ. // Які выражае неспакой, трывогу. Неспакойныя думкі. □ Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

3. Поўны трывогі, неспакою. Трымаць.. [стрэльбу] дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Колас. Сны неспакойныя, нядолі поўныя, Спаць не даюць мне начамі. Купала. // Такі, на якім няма спакою. Атрад Кавалевіча быў на самым неспакойным участку. Мележ. Было неспакойнае начное дзяжурства, а потым гэтакі ж цяжкі быў дзень. Васілевіч.

4. Які знаходзіцца ў хваляванні, бурны (пра з’явы прыроды). Шумелі дрэвы ў гарадскім садзе. Неспакойны вецер кідаўся над горадам. Самуйлёнак. Гальфстрым! Я нават ў чую яго подых Гарачы, неспакойны, ад якога Аж застагналі рэі парахода З трывогай. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.

2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.

3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.

4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.

5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ла, прысл.

1. У невялікай, недастатковай колькасці, ступені; нямнога. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Колас. Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Зарэцкі. Сёння ў ашчаднай касе нешта было мала людзей, зусім не так, як звычайна. Васілёнак.

2. Недастаткова; менш, чым патрэбна. У пакоі мала святла, толькі пад столлю — маленькая цьмяная лямпачка. Шамякін. Заняты нялёгкай вучобай, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Карпаў. / у знач. вык. з інф. [Даміра:] — Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Асіпенка. // Разм. Рэдка, не часта. Мала Днём мы бачымся з табой. Куляшоў.

3. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «хто», «што», «дзе», «калі» азначае: нямногія, нямногае; у нямногіх месцах, рэдка і г. д. Працуючы бондарам, .. [Раман] жыў ля самага лесу і зусім рэдка бываў на вёсцы і мала з кім удаваўся ў гаворку. Кавалёў. А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Колас.

•••

І гора мала каму — пра абыякавыя, няўважлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; пра адсутнасць хвалявання з чыйго‑н. боку.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Мала таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго. [Галаўня:] «Цяпер.. [Сцяпан] абняславіць мяне. Мала таго, яшчэ з работы паляціш...» Гроднеў.

Мала што — што з таго; не мае значэння.

Ні многа ні мала гл. многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.

3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыць і сты́нуць, стыну, стынеш, стыне; пр. стыў, ‑ла; незак.

1. Станавіцца халодным, трацячы, аддаючы цяпло, астываць. Чай стыне. □ [Валя] праверыла юшку, падышла да стала, дзе даўно стыла амаль не кранутая вячэра. Шамякін. Шуміць трава па пояс, Ля рэек стыне шлак. Юнацтва — скоры поезд. А сталасць — таварняк. Гаўрусёў.

2. Мерзнуць, замярзаць на холадзе. Пад кажух забіраўся холад, стылі рукі ў рукавіцах. Лупсякоў. Згорбілася на спіне паддзёўка, і .. [Андрэй] пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць. Пташнікаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. Там ён, абліты вадой ледзяною, К сэрцу рукою білет прыціскаў, Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не даваў. Куляшоў. // Траціць на момант здольнасць рухацца, камянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Я і цяпер яшчэ ад жаху стыну, Хоць і не ўспомню, у каторы век, Ад зайздрасці разгневаны, дубіну Падняў на чалавека чалавек. Грахоўскі. На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Зарэцкі. Да вачэй фартух падносіць маці, Стыне ў горле і ў мяне сляза. Астрэйка.

3. перан. Сціскацца на момант ад чаго‑н., заміраць (пра сэрца). І стыне сэрца ў горкай скрусе. Адразу дзень цямнейшым стаў. Дайнека. Ад жаху вабнага салодка сэрца стыне Каля віроў і шчупаковых ям. Грачанікаў.

•••

Кроў стыне (у жылах) гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узысці́, узыду; узыдзеш, узыдзе; пр. узышоў, ‑шла, ‑шло; заг. узыдзі; зак.

1. Ідучы, падняцца куды‑н. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Колас. Я толькі на пагорак узыду, а ты ўжо кіруеш у нізіну. Макарэвіч. Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Ваданосаў. // Прайсці, пралегчы праз узвышэнне (пра дарогу, сцежку і пад.). Шаша ўзышла па ўзгорак і стала пятляць па лесе. Навуменка. / у перан. ужыв. Тры пакаленні беларускіх паэтаў плённа працавалі ў гады вайны. .. На якасна новыя рубяжы ўзышлі паэты сярэдняга пакалення: П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў. Гіст. бел. сав. літ.

2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго‑н., на што‑н. Узысці на кладку. □ Толік узышоў на загон, паставіў касу,.. узяў у рукі мянташку. Капыловіч. Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Карпаў. [Чубар] саступіў у малады хвойнік і .. пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Чыгрынаў. // Увайсці, уехаць куды‑н. Фурман быў захоплены работай і не пачуў, як узышоў на двор Мікола. Новікаў.

3. З’явіцца, узняцца над гарызонтам (пра нябесныя свяцілы). Сонца толькі што ўзышло, а на сядзібе ўжо былі людзі. Хадкевіч. Узышоў месяц і ясна стала. Чорны. Дзень на змену ночы йдзе; Вось узыдзе сонца скора. Крапіва.

4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы. Паліна Нікандраўна з Аняй Кавалёвай стаяць каля ўчастка лубіну, які толькі што ўзышоў. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)