ДУБНО́Ў (Сямён Маркавіч) (10.10.1860 22.09.1860, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — снеж. 1941),

яўрэйскі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. У 1880—1906 жыў у Пецярбургу, Адэсе, Вільні. З 1882 супрацоўнік час. «Восход» для яўрэйскай інтэлігенцыі. З 1906 лектар Вольнага ун-та Лесгафта ў Пецярбургу, на курсах усходазнаўства. У 1909—18 рэдактар час. «Еврейская старина». З 1917 праф. Пецярбургскага, з 1919 Яўр. ун-таў. З пач. 1920-х г. у Літве, Германіі, Латвіі. Забіты фашыстамі ў рыжскім гета. Аўтар даследаванняў па сусветнай гісторыі яўрэяў. Сабраў і апублікаваў шмат дакументаў, пераважна па гісторыі бел. яўрэяў. Даў новую перыядызацыю гісторыі яўр. народа, паклаў пачатак сацыялагічнага падыходу ў вывучэнні гісторыі яўрэяў.

Тв.:

Учебник еврейской истории для еврейского юношества. Ч. 1—3. Одесса, 1898—1901;

Краткая история евреев: Учеб. евр. истории: Для школы и самообразования. Ч. 1—3. СПб., 1912;

Всемирная история еврейского народа от древнейших времен до настоящего времени. Т. 1—10. Рига, 1934—38.

Э.​Р.​Іофе.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЯРЭ́ЗІНСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял. кн. ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙО́РКІ (Yorks),

дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Джон Фіцджэралд) (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.​Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.​Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.​Х.​Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.

Літ.:

Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.

Дж.Кенэдзі.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),

дзеяч герм. і міжнар. сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;

Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.

К.Лібкнехт.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),

чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.​Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс. чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.​Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл. Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс. чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл. Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».

В.​І.​Мялешка.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),

паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.​Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,

атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.​Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс. чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс. чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.​Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.

Літ.:

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;

Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;

Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),

цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш. тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)