сатэлі́т

(лац. satelles, -llitis = спадарожнік, паплечнік)

1) спадарожнік планеты (напр. Месяц — с. Зямлі);

2) дзяржава, фармальна незалежная, а фактычна падпарадкаваная іншай, больш моцнай дзяржаве;

3) перан. паслугач, выканаўца чужой волі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БРА́НДА ((Brando) Марлан) (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),

амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.​Копалай, Б.​Берталучы, А.​Пенам, Дж.​Х’юстанам, Э.​Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.

М.Бранда.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),

рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.​Ахматавай, А.​Блока, С.​Ясеніна, В.​Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;

Размышления. Свердловск, 1989.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч

(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),

рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.​Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.​Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.

Тв.:

Возвращение. Л., 1989;

Генеральная репетиция. М., 1991;

«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 19.10.1936, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.​Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.​Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.​Ібсена).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ ў музыцы,

гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.

Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.

Літ.:

Корыхалова Н.П. Интерпретация музыки. Л., 1979.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»

(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),

канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.​Кес, В.​Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.​Іохум, Б.​Гайтынк і інш. З ім выступалі А.​Боўлт, Т.​Бічэм, Ф.​Буш, Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, П.​Манцё, І.​Стравінскі, В.​Таліх, Р.​Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.​Бартака, Л.​Яначака, С.​Пракоф’ева, А.​Руселя, З.​Кодая, Дз.​Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.​Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМУ́НІН (Павел Васілевіч) (н. 28.1.1919, в. Вял. Ключы Зеленадольскага р-на, Татарстан),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Працаваў у Т-ры Сав. ваен. адміністрацыі ў Берліне (1946—50), Казанскім драм. т-ры (1960—63). У 1964—93 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначаецца самабытнасцю, праўдзівасцю сцэн. паводзін, тонкім адчуваннем стылю твора і прыроды камічнага. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Лявон Зяблік, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), Торгала («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Бацька («Парог» А.​Дударава); у класічным рэпертуары: Лука («На дне» М.​Горкага), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​Ц.​Чарноцкі.

П.В.Кармунін.
П.Кармунін у ролі Крыніцкага.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЭ́ЛЬНІКАВА (Раіса Мікалаеўна) (16.9.1904, в. Баршчоўка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1980),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1957). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1926 у БДТ-2, з 1939 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Паэтычнае светаўспрыманне арганічна спалучалася з глыбокім драматызмам, эмацыянальнасцю. Сярод роляў: Паўлінка («Паўлінка» Я.​Купалы), Аўгіння («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Броня, Клава («З народам», «Мілы чалавек» К.​Крапівы), Куліна («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава («Беспасажніца», «Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сюзанна («Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), фру Ліндэ («Нора» Г.​Ібсена), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Бабуля («Дзверы стукаюць» М.​Фермо).

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.М.Кашэльнікава.
Р.Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі (справа).

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 2.5.1927, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1948), з 1949 працуе ў гэтым т-ры (цяпер Нац. акадэм. т-р імя Я.​Купалы). Выканаўца драм. і камедыйна-быт. роляў, майстар сцэн. мініяцюры. Акцёрская індывідуальнасць найб. поўна раскрылася ў ролях класічнай і сучаснай драматургіі: Якім Сарока («Паўлінка» Я.​Купалы), Дажывалаў («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Цесакоў, Сырадоеў, Скаромны, Ваенны міністр («Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» А.​Макаёнка), Семяніхін («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Шаргаёў («Парог» А.​Дударава), Пётр Сабейкін («Стары Новы год» М.​Рошчына), Павел Козін («Традыцыйны збор» В.​Розава), Іван і Мацей Худзякоў («Характары» паводле В.​Шукшына), Ураднік («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле твораў Шолам Алейхема) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​А.​Савіцкая.

т. 8, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)