РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (англ Republican Party),

адна з дзвюх вядучых паліт. арг-цый у ЗША; апанент Дэмакратычнай партыі. Засн. ў 1854 на базе партыі вігаў. Першым ад Р.п. на пасаду прэзідэнта краіны ў 1860 выбраны А.Лінкальн. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 партыя падтрымлівала паўн. штаты (федэральны цэнтр). Да канца 19 ст. акрэслілася як кансерватыўная групоўка з ліберальным крылом, прадстаўляла пераважна інтарэсы прамыслоўцаў і банкіраў. З пач. 20 ст. выступае і за сац. рэформы пры нязменным захаванні прыватнай ініцыятывы (гл. таксама Кансерватызм, Лібералізм). Прэзідэнты ЗША ад Р.п. (10 супраць 7 прэзідэнтаў-дэмакратаў у 20 ст.): А.​Лінкальн (1861—65), Э.​Джонсан (1865—68), У.С.Грант (1869—77), Р.​Б.​Хейс (1877—81), Дж.​А.​Гарфілд (1881), Ч.​А.​Артур (1881—85), У.​Мак-Кінлі (1897—1901), Т.Рузвельт (1901—09), У.​Х.​Тафт (1909—13), У.​Гардынг (1921—23), К.​Кулідж (1923—29), Г.К.Гувер (1929—33), Д.Д.Эйзенхаўэр (1953—61), Р.М.Ніксан (1969—74), Дж.Р.Форд (1974—76), Р.У.Рэйган (1981—89), Дж.​Буш-старэйшы (1989—93), Дж.​Буш-малодшы (з 2001). Партыя не мае пастаянных членства, праграмы і статута. Раз у 4 гады (перад прэзідэнцкімі выбарамі) склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; бягучую парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал партыі — выява слана.

Літ.:

Никонов В.А. От Эйзенхауэра к Никсону: Из истории Респ. партии США. М., 1984;

Я го ж. Республиканцы: от Никсона к Рейгану. М., 1988.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САНАЦЫ́ЙНЫ РЭЖЫ́М»,

«санацыя» (ад лац. sanatio аздараўленне), назва ў гіст. л-ры аўтарытарнага паліт. рэжыму ў Польшчы ў маі 1926 — вер. 1939. Устаноўлены ў выніку ваен.-дзярж. перавароту 12—13.5.1926 Ю.​Пілсудскага і яго прыхільнікаў (прапагандавалі пераварот як народны і скіраваны супраць рэакцыі для аздараўлення эканомікі), падтрыманага Польскай сацыялістычнай партыяй, партыяй «Вызволене», Беларускай санацыяй і інш. Храналагічна ўмоўна падзяляецца даследчыкамі на 2 этапы: 1926—35 (ад перавароту Пілсудскага да яго смерці) і 1935—39 (час, калі пераемнікам Пілсудскага быў Э.​Рыдз-Сміглы). У 1928—35 абапіраўся на Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам. Легітымізаваны канстытуцыяй Польшчы 1935. Абараняў інтарэсы польскіх магнатаў, быў адметны паліт. нестабільнасцю і частай зменай урадаў, варожа ставіўся да СССР, імкнуўся да супрацоўніцтва (з 1932) з Германіяй (гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). Адмаўляў існаванне самаст. бел. этнасу ў польскай дзяржаве, узмацніў паланізацыю насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (беларусаў, літоўцаў, украінцаў, яўрэяў і інш.), у т. л. праз жорсткае праследаванне тут нац.-вызв. і нац.-культ. руху (адносна беларусаў гл. ў арт. Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, «Змаганне», Таварыства беларускай школы, Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны ва ўмовах ваен. паражэння Польшчы.

Літ.:

Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;

Лазько Р.Р. Перад патопам: Еўрап. палітыка Польшчы (1932—1939). Мн., 2000.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мелюзгва́, мілюзге́ча, мілюзня́ ’малеча (дзеці)’, ’дробязь, глупства’. Рус. мелюзга́, мелузга́ ’мальга’, цвяр. мелюза ’дробны акунь’, пск., цвер. мелю́зговатый ’дробны’, цвяр. мелюно́к ’дробная рыба’. Балтызм. Параўн. лат. maĩle ’малеча моль-рыба’, літ. máila, zmaila ’тс’, maĩlius ’дробная рыба драбната’, а таксама рус. мель ’тс’, мелёк, мели́к ’дробна акунь’, укр. мілька ’тс’ (Буга, Rinkt., 1, 464). Аднак Фасмер (2, 596) суадносіць з рус. мелкий, мелю, што можна разглядаць як народную этымалогію. Нарашчэнне асновы ‑ʼуз‑ надае аснове дадатковае адценне ’дрыжаць, мільгаць’ (параўн, рус. арханг. мельзить ’здавацца дрыготкім’, ’мільгаць ва ўяўленні’, пск., цвяр. мелюзить ’мітусіцца, надакучліва мільгацець перад вачыма’. Зборныя суфіксы ‑г‑в‑а, ‑ня, ‑еча параўн. у мальга́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыста́ўка 1 ’частка слова, якая стаіць перад коранем, прэфікс’; ’тое, што прыстаўляецца, прырабляецца дадаткова да чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’прыбудова’ (Мат. Гом.), пры́стаўка ’ганак’ (Пятк.), пры́стаўка ’дадатак пакупніку’, пры́ставок ’дадатак (напр., ганчарны выраб у дадатак да пасудзіны, якая пры продажы, фактычна абмене, выконвала ролю збожжавай меры)’ (ТС). Рус. при́ста́вка ’прэфікс’, дыял. ’лапата, граблі і пад., прасунутыя праз жалезнае кальцо варот замест замка’, ’верхняя частка (да пояса) жаночай сукенкі, кашулі, пашытая з больш тонкай тканіны’ і пад., укр. приста́вка ’дадатковае прыстасаванне; прэфікс’. Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад прыста́віць, гл. ставіць.

Прыста́ўка 2 ’надакучлівы чалавек’ (Ян.), пры́стаўка ’хвост, неадступны спадарожнік’ (ТС). Да прыстава́ць, гл. прыставака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяко́лак ’прымурак, выступ у печы’ (ТСБМ; паст., смарг., астрав., Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; Мат. Маг.), ’пячурка ў сцяне печы’ (Бяльк.; мядз., Нар. словатв.; круп., Нар. сл.), ’прыпечак; ніша збоку прыпечка, куды зграбаюць вуголле’ (ТСБМ, лаг., трак., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Ян.; Нас.: “у Магілёўскай і Віцебскай губерніях”), ’камінак’ (Сцяшк.; Нас.: “у Мінскай і Гродненскай губерніях”), пяко́лка ’гзымс, карніз зверху печы’ (Бяльк.), ’ямка для заграбання жару на прыпечку’ (Арх. Федар.). Утворана ад пе́кла разм. ’вельмі моцная гарачыня’, магчыма, пад уплывам польск. piekiełek ’запечак, месца паміж печчу і сцяной’, piekiełko ’прыпечак, прымурак перад уваходам у печ’, паводле Банькоўскага (2, 549), з першаснага *piekłek/*pkiełka, памянш. ад ст.-польск. pkieł ’пекла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тавары́ства ’сукупнасць людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.), ’група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі’, ’блізкасць, заснаваная на такіх адносінах’, ’арганізацыя, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі’ (ТСБМ), ’асацыяцыя, суполка’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’кампанія; людзі аднаго ўзросту’ (Сержп. Прымхі; узд., Жд. 1), тавары́ство ’аднагодкі, равеснікі’ (іўеў., чэрв., капыл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’дружбакі, сябры’ (ваўк., лях., пух., Сл. ПЗБ). Дапускаецца запазычанне з польск. towarzystwo з шырокім колам значэнняў, аднак, паводле Векслера (Гіст., 176), у выніку адзначанага ў XV-XVI стст. спрашчэння збегу зычных шляхам адпадзення пачатковага ш перад с: таварыш > таварыства, параўн. у Насовіча: тавары́шства (товари́шство) побач з тавары́ства (товари́ство) ’прыяцельства, сяброўства’, ’група людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.). Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́праш ’зараз, у дадзены момант, неадкладна’ (ваўк., Бел. дыял. 3). Рэдкая паралель да ст.-слав. топрьво ‘ў першы раз, толькі што’ (СССл.), параўн. рус. ту́порва ‘тады’, якое Фасмер (4, 122) выводзіць са спалучэння (в) ту пору + часціца ‑ва. Бліжэй да беларускага слова рус. дыял. вту́порож ‘тады’ са стратай ненаціскнога галоснага ў канцы слова і далучэннем партыкулы ‑ж (Анікін, РЭС, 9, 81), гл. ж, жа. Не выключае, што слова працягвае архаічную форму *топрь(во)ж(е) са спрашчэннем канца спалучэння і пераходам о > у пад націскам перад п, параўн. рус. дыял. вту́перь ‘цяпер’ (Анікін, РЭС, 9, 96); зыходныя формы то і н. р. прьво, пьрво, гл. первы, тапер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стратыфіка́цыя

(ад лац. stratum = слой + -фікацыя)

1) слаістая будова чаго-н. або размяшчэнне чаго-н. слаямі; слаістасць, напр. паслядоўнасць залягання геалагічных адкладаў у вертыкальным разрэзе або размеркаванне ў атмасферы тэмпературы па вышыні;

2) апрацоўка насення некаторых парод дрэў перад пасевам шляхам вытрымлівання яго паміж слаямі вільготнага пяску;

3) сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства (падзел на страты).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.

А.​А.​Галаўко.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)