Сцеп ’стэп, бязлесная роўная мясцовасць’ (Бяльк., Косіч, ТС), степ ’тс’ (Растарг.). Гл. стэп; формы з цеканнем, магчыма, сведчаць пра архаічны характар слова, у сувязі з чым уяўляе цікавасць алб. step ’вострая вяршыня; вяршыня скалы’, якое Арол (Этимология–1983, 140) разглядае як доказ існавання ў паўднёваславянскім арэале адпаведніка прасл. *stьpь ’гара, узвышша’, што ўзгадняецца з перанесеным анатамічным тэрмінам прасл. *stьpь ’спіна’ (Куркіна, Этимология–1983, 24); паводле Борыся (Etymologie, 408), зыходнае значэнне для славянскіх лексем ’штосьці крутое, застыўшае, цвёрдае’. Гл. і сцяна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тала́нта ’другі крок у гульні ў цурку’ (ТС), тала́нты ’дзіцячая гульня: з круга большай палачкай падымаецца з зямлі і адбіваецца ўбок меншая палачка, якую другі ўдзельнік гульні павінен злавіць і ўкінуць у круг’ (слуц., Нар. словатв.). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых падобных па структуры гульневых тэрмінаў, параўн. бала́нта ’дзіцячая гульня ў цурку’ (ТС), паля́нта ’від гульні, лапта’ (Скарбы). Магчыма, да лац. tālea ’дубец, кол’ аналагічна да іт. palla ’шар, мяч’ > польск. palant ’кій, якім б’юць па мячу’, параўн. палянт (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Тара́скацца, параўн. прыставачныя ўтварэнні оттара́скатысь ’адвязацца, адчапіцца’ (Клім.), отара́скатыса (otarʼaskatysa) без указання семантыкі (зах.-палес., Арх. Вяр.), відаць, суадносныя з караскацца ’лезці ўгору, чапляцца’ (гл.) без пэўнай этымалогіі і надзейных адпаведнікаў. Магчыма, роднаснае рус. дыял. тара́щиться ’ўпірацца, супраціўляцца’, ’лезці кудысьці і па штосьці’, ’вылупляць (вочы)’ (гл. тарашчыць), чэш. дыял. trškať ’палоць’, otrškať (ofce) ’абстрыгчы’ (авечку) і пад., якія Варбат (Этимология–1971, 14) узводзіць да прасл. *torščiti, *trskati < *ter‑ ’драць’ з пашырэннем sk, параўн. літ. taršyti ’скубаць, драць, калашмаціць’, якое дакладна адпавядае *toršiti ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2-3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́ўла ’няўмека, непаваротлівы’ (Юрч.), ’мажная, непаваротлівая жанчына’ (ушац., Нар. сл.), ’непаваротлівы, тоўсты чалавек’ (паст., Сл. ПЗБ), то́ўлін ’які належыць няўмецы, непаваротлівай асобе’ (Юрч. СНЛ). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), роднаснае літ. tūlóti ’цёпла апранаць’, параўн. яшчэ ту́ля ’апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, якая выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Магчыма, генетычна звязана з тоўба (гл.), якое, як мяркуецца, можа паходзіць ад *toviti ’рабіць тучным’, тады ў аснове ўтварэння дзеяслоў тыпу балг. радоп. то̂вле̂м ’адкормліваць’, параўн. Куркіна, Этимология–1978, 40.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трапяслі́вы ‘хуткі ў рабоце’ (навагр., Нар. сл., ЛА, 2), трэпеста́ць ‘трапятаць’ (ТС), трэпэста́ць ‘гаварыць абы-што, балбатаць’ (Руб.), трапяста́цца ‘кідацца, старацца зрабіць усё з апошніх сіл’ (гродз., Сл. ПЗБ), трэпесту́н ‘балбатун’: багато трэпе́шчэ езыком, трэпесту́ха, трэпету́ха ‘тс (аб жанчыне)’ (ТС). Да трапята́ць (гл.) з т. зв. s‑intensivum. Параўн. укр. трепесі́ти ‘дрыжаць з перапалоху’, рус. трепеста́ть ‘трапятаць’, трепеска́ть ‘тс’. Магчыма, гэта ўплыў балцкага субстрату: у літоўскай мове дзеясловы на ‑sėti ўтвараюцца ад анаматапеічных дзеясловаў. Гістарычна засведчана форма ст.-бел. трепетливый ‘трапяткі’ (ГСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́скі, тро́сткі ‘рэшткі пасля прасейвання мукі’ (Інстр. 3), ‘высеўкі’ (віц., Шн. 3), тро́скі ‘смецце пры паланні ячменных круп, абтоўчаных у ступе’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. укр. тро́ска ‘шлак’, польск. troski ‘пілавінне’, чэш. troski ‘абломкі, разваліны’, славац. troski ‘абломкі’, славен. troska ‘жамерыны, шлак’, харв., серб. trȍska, trȕska ‘шлак’, макед. троска ‘пустазелле’. Прасл. *troska (Сной₂, 787), магчыма, выводзіцца з *tręsti/*trǫsiti (Скок, 3, 497), параўн. атро́скі, атру́скі ‘адходы’, гл. трэсці, трусіць. Меркаванні пра сувязь з тро́шчыць, тру́шчыць ‘разбіваць’, гл. ЕСУМ, 5, 649–650.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трупі́знік ‘малы лясок, маладняк’ (Ян.). Няясна; відаць, звязана з укр. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 640); сюды ж, магчыма, трэбэза́ ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.), trapeza, trepeza ‘ламачча, хвораст’, ‘багна’ (гл. трапеза 1). Апошнія Лапіч (БЛ, 11, 64) звязвае з літ. trapus ‘крохкі, слабы’, што праз літ. traupùs ‘рэдкі, няшчыльны’, trupėti ‘крышыць, драбіць’ дае магчымасць узвесці да прасл. *trupiti, утворанага ад *trupъ (гл. труп). Аднак фанетычныя і семантычныя адрозненні не дазваляюць аб’яднаць названыя словы этымалагічна. Гл. таксама трапяза.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́заўка ‘рутвіца рагатая, Lotus corniculatus L.’ (віц., Кіс., Ласт.). Няясна. Фармальна блізкая да чэш. trězalka ‘зверабой’ і, магчыма, да чэш. trejzel, trýzel, славен. trizelj, харв. trȕzalj, trižalj ‘жаўтушнік, Erysimum’, што да *tri‑ (гл. тры), якое характарызуе асаблівасці будовы расліны, параўн. з укр. trojčyste zilla ‘Lotus corniculatus L.’ (Макавецкі, Sł. botan.). Параўн. трызелле (гл.). Пра сувязь з народнай любоўнай магіяй славац. trězalka гл. Кралік (625), які выводзіць яго з чэш. dřezalka ‘зверабой’ < ст.-чэш. dřezalu ‘дрыжачы’ (гл. дрыжаць) з-за асаблівасці расліны адпалохваць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́рмас ‘рэдзька’ (Сцяшк. Сл.), ту́рмус ‘турнэпс’ (навагр., Жыв. сл., Васільковая сп.). Лічыцца сапсаванай назвай турнэпс (гл.), параўн. турне́пс, турнэт ‘тс’ (Сл. ПЗБ.). Аднак здзіўляе падабенства з аддаленымі геаграфічна назвамі асм. тур. turma ‘рэпа’, тат. torma ‘рэдзька’; венг. torma ‘хрэн’, з якіх выводзяць харв. turma, turman ‘хрэн’ (Скок, 3, 485), славен. tȗrman ‘тс’ (Сной у Бязлай, 4, 250). Магчыма, пранікненне праз мову беларускіх татараў-гароднікаў? Параўн. напоўненую «ўсходнімі элементамі» лічылку: Шалды‑балды, / Бушмак — барада́, / Выйдзі вон з гарада́. / Турмас! (бялын., Дзіц. фальк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)