ЛАСКО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп. Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам. нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).

Тв.:

Тайными тропами. Мн., 1974.

М.​П.​Клімец.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУЛА́ЙЦІС Станіслаў Юр’евіч (12.10.1866, в. Сцябулішкі Марыямпальскага пав., Літва — 10.4.1956),

дзеяч рэв. руху ў Літве, гісторык. Акад. АН БССР (1928). Д-р гіст. навук. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). Адзін з заснавальнікаў с.-д. партыі Літвы (1896). У 1906—07 разам з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам выдаваў у Вільні сацыяліст. газ. «Naujoji gadyne» («Новы час»). У 1917—18 рэдагаваў у Маскве літоўскую газ. «Socialdemokratas» («Сацыял-дэмакрат»). У 1918 вярнуўся ў Вільню, рэдагаваў газ. «Tiesa» («Праўда»). У 1925 эмігрыраваў у СССР. З 1927 кіраўнік літ. сектара Інстытута беларускай культуры, з 1929 заг. кафедры гісторыі, з 1931 дырэктар Ін-та гісторыі, у 1935—37 дырэктар Ін-та нац. меншасцей АН БССР. У снеж. 1937 арыштаваны, у 1939 высланы ў Казахстан. З 1945 у Літве, супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Літвы. Працы па гісторыі Літвы і Беларусі, у т. л. пра паўстанне 1863—64, падзеі 1905—07. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА Якуб Атонавіч (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),

бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар. Рас. геагр. т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.

Літ.:

Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.

Я.А.Наркевіч-Ёдка.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙСКІ Мікалай Ільіч (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл. РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л. чл. ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯ́К Зянон Станіслававіч (н. 24.4.1944, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. мастацтвазнавец, археолаг.

Канд. мастацтвазнаўства (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1972 навук. супрацоўнік Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1976—96 — Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў архітэктуру і археалогію гарадоў Беларусі, бел. маст. культуру, займаўся пытаннямі аховы і аднаўлення культ.-гіст. спадчыны Мінска. Праводзіў археал. раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску і інш. Старшыня сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (з 1990) і партыі БНФ (з 1993), т-ва памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.

Тв.:

Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

У суладдзі з прыродай і чалавекам: Праграматворная функцыя помнікаў дойлідства // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4;

Сапраўднае аблічча. Мн., 1992;

Курапаты. 2 выд. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЮ́К Аляксандра Іванаўна (17.8.1904, в. Андронава Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.5.1995),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыла школу парт. кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуніст. ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1934). З 1926 чл. падп. Кобрынскага раённага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1929—37 сакратар ЦК КСМЗБ. За рэв. дзейнасць неаднаразова зняволена польскімі ўладамі. У 1934—35 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў партызанах, у 1943—44 сакратар Дзівінскага падп. райкома, чл. бюро Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—57 сакратар Брэсцкага, Маладзечанскага гаркомаў КПБ, заг. аддзела ЦК КПБ. Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ Сяргей Мікалаевіч (н. 6.8.1959, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі, матэрыялазнаўства і буд. канструкцый. Д-р тэхн. н. (2000), праф. (2003). Чл.-кар. Бел. інж. акадэміі (2001) і Бел. акадэміі архітэктуры (2002). Скончыў БПІ (1981). У 1985—2001 навук. супрацоўнік н.-д. лабараторый, дацэнт Бел. нац. тэхн. ун-та (БНТУ), у 1995—98 нам. дырэктара Рэсп. адукац. цэнтра БНТУ па навук. рабоце, з 2000 дырэктар Міжнар. адукац. цэнтра буд. ф-та БНТУ, з 2001 заг. кафедры. Навук. працы па эксперым. і выліч. механіцы разбурэння бетону і жалезабетону, даўгавечнасці, карозіі і метадах аховы матэрыялаў і канструкцый.

Тв.:

Разрушение бетона и его долговечность. Мн., 1997 (у сааўт.);

Трещиностойкость и долговечность бетона и железобетонных элементов в терминах силовых и энергетических критериев механики разрушения. Мн., 1999;

Автоматизация в строительстве. Мн., 2003 (у сааўт.);

Технология усиления строительных конструкций. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМКО́ВІЧ Мікалай Аляксеевіч (н. 11.8.1952, в. Маяк Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1998). Скончыў БДУ (1974). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1997 гал. навук. супрацоўнік). Навук. працы па даследаванні і распрацоўцы лазераў на фарбавальніках з электрахім. кіраваннем частатой генерыруемага святла. Выявіў дынамічнае пашырэнне электронных спектраў фарбавальнікаў у чыстых і бінарных вадкіх растваральніках. Зарэгістраваў шэраг новых спектраскапічных эфектаў. Прэмія Ленінскага камсамола 1984.

Тв.:

Topics in fluorescence spectroscopy. Vol. 2. Principles. New York, 1991 (разам з А.​М.​Рубінавым, У.​І.​Томіным);

Механизм внутримолекулярного переноса протона и электрона в 4-аминопроизводных 3-гидроксифлавона (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 3;

Dipole moments of 4′-aminoflavonols determined using electro-optical absorption measurements or molecular Stark-effect spectroscopy (разам з В.​Баўманам, В.​Р.​Піваваранкам) // Journ. Photochem. Photobiol. A: Chemistry. 2002. Vol. 153.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Данілавіч (1860—1914),

бел. настаўнік, краязнавец, гісторык, этнограф, фалькларыст, пісьменнік. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1877), Віленскі настаўніцкі ін-т (1885). Выкладаў у Далынскім нар. вучылішчы (Невельскі пав. Віцебскай губ.). У 1894—98 супрацоўнік газ. «Витебские губернские ведомости». Пераехаў у 1899 на Каўказ, пасля на Кубань. У 1912 у Рагачове выкладаў у вышэйшым рамесным вучылішчы. Вывучаў фальклор, побыт беларусаў, гісторыю. Апісваў населеныя пункты на Зах. Дзвіне («Уніз па Дзвіне», 1895), флору, фауну, земляробства і жывёлагадоўлю, промыслы, адукацыю ў Лепельскім пав. («Лепельскі павет Віцебскай губерні», 1895), язычніцкія вераванні, рэліг. абрады, звычаі продкаў палешукоў («Старына старадаўняя», 1897). Паэтычнасць бел. нар. песень адзначыў у працы «Старажытнасць беларускіх песень і іх напеваў» (1896). Аўтар аповесці «Не дайшоў да роднай хаты» (нап. 1899) і інш. маст. твораў.

Тв.:

О волоках великого водного пути из варяг в греки. Витебск, 1894;

Сельский учитель. Витебск, 1895;

Экономический очерк Невельского уезда. Витебск, 1895.

В.​І.​Скідан.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ Восіп Восіпавіч (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),

дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)