НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА (Якуб Атонавіч) (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),

бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар. Рас. геагр. т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.

Літ.:

Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.

Я.А.Наркевіч-Ёдка.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)