МАТУЛА́ЙЦІС (Станіслаў Юр’евіч) (12.10.1866, в. Сцябулішкі Марыямпальскага пав., Літва — 10.4.1956),

дзеяч рэв. руху ў Літве, гісторык. Акад. АН БССР (1928). Д-р гіст. навук. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). Адзін з заснавальнікаў с.-д. партыі Літвы (1896). У 1906—07 разам з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам выдаваў у Вільні сацыяліст. газ. «Naujoji gadyne» («Новы час»). У 1917—18 рэдагаваў у Маскве літоўскую газ. «Socialdemokratas» («Сацыял-дэмакрат»). У 1918 вярнуўся ў Вільню, рэдагаваў газ. «Tiesa» («Праўда»). У 1925 эмігрыраваў у СССР. З 1927 кіраўнік літ. сектара Інстытута беларускай культуры, з 1929 заг. кафедры гісторыі, з 1931 дырэктар Ін-та гісторыі, у 1935—37 дырэктар Ін-та нац. меншасцей АН БССР. У снеж. 1937 арыштаваны, у 1939 высланы ў Казахстан. З 1945 у Літве, супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Літвы. Працы па гісторыі Літвы і Беларусі, у т. л. пра паўстанне 1863—64, падзеі 1905—07. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)