ЖО́ЛТАК (Валяр’яна Канстанцінаўна) (н. 13.12.1919, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1939—51 мастак-дэкаратар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Працуе ў жанрах бытавым — «Зіма прыйшла» (1954), «У школу» (1963), «Вясна. 1930-я гады» (1972), «Кірмаш» (1984), нацюрморта — «Сон-трава» (1957), «Званочкі лясныя» (1958), «Суровыя гады» (1975), «Інтэр’ер з народнай керамікай» (1980), «Сухія кветкі» (1985), «Аканіт» (1988—89), «Успаміны пра лета» (1994), пейзажа — «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Вязынка» (1964), «Бярозавыя карункі» (1993), «Полацк. Спаса-Ефрасіннеўская царква» (1994), серыі пейзажаў Закарпацця (1967), Ноўгарада і Пскова (1969), Сібіры і Крыма (1970) і інш. На тэму Вял. Айч. вайны карціны «За дапамогай да партызан» (1957), «Вяртанне» (1958, 1967). Іл. гл. таксама да арт. Бытавы жанр.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Жолтак. Сухія кветкі. 1985.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАУ́РЫ (інд. kauri),

невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).

Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НАЎ (Віктар Міхайлавіч) (н. 27.2. 1940, в. Уласава Віцебскага р-на),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1967). Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі. Станковым творам уласцівы лірычная і сімвалічна-рамант. вобразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, дакладная прапрацоўка формы, выразнасць тонавых кантрастаў, сакавіты колер. Аўтар тэматычных кампазіцый «1941» (1974), «Браслаўскія рыбакі» (1975), трыпціхаў «На Віцебскім дывановым» (1978), «Ранішняя змена» (1981), «Сураж—Віцебск» (1984), «Яблыкі на снезе» (1990), нацюрмортаў «Хлеб» (1970), «Прасніцы» (1989), «Матылёк» (1990), «Чырвоны нацюрморт» (1998), пейзажаў «Вечарэе» (1968), «Наваполацк. 4-ы мікрараён» (1971), «На Заходняй Дзвіне» (1978), «Веснавы матыў» (1984), «Зімовае сонца» (1998), партрэтаў. Выканаў размалёўкі «Памяць» у Музеі баявой славы ў Полацку (1972), «Легенда пра стары Полацк» у кавярні «Віцязь» (1979), «Белая Русь» у кінатэатры «Мінск» (1981), «Дзвіна» ў рэстаране «Пралеска» (1983) — усе ў Наваполацку.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЕ́ШКА (Васіль Іванавіч) (н. 15.3.1921, г. Томск, Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1990). Скончыў БДУ (1952). У 1956—91 у Ін-це гісторыі АН БССР (у 1980—91 заг. аддзела гісторыі Беларусі эпохі феадалізму). Даследуе сац.-эканам. праблемы феад. горада, агр. адносін і класавай барацьбы ў Беларусі 16—18 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994) і інш.

Тв.:

Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975;

Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в Мн., 1982;

Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

I ўзняўся люд просты... Мн., 1992 (разам з П.​А.​Лойкам).

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВІ́ДА, Нявідава,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з воз. Вял. Белянок.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),

польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.​Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.​Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.​Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.

Тв.:

Pamiętnik aktora. Warszawa, 1912.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (н. 27.5.1937, в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1985). Скончыў БДУ (1958). З 1961 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (з 1989 нам. дырэктара). Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы рабочага, с.-д., народніцкага і нац. руху, фарміравання паліт. партый, грамадска-паліт. барацьбы, перыяд. друку. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984), калект. манаграфій «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г.» (1985), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987). Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАВА,

вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).

Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.

Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛТ,

старажытнае жаночае ўпрыгожанне. Вядома ў слав. і некаторых інш. народаў у 11—13 ст. Меў выгляд акруглай ці зоркападобнай формы метал. падвескі, якая мацавалася да галаўнога ўбору з 2 бакоў на ланцужках або стужках. У сярэдзіне К. быў звычайна пустацелы; мяркуецца, што туды змяшчалі тканіну, прамочаную духмяным алеем. У 11—12 ст. выраблялі з золата, серабра, з канца 12 ст. з’яўляюцца больш танныя К. з бронзы і свінцу. К. упрыгожвалі перагародчатымі эмалямі, аздаблялі філігранню, сканню, зярненнем, цісненнем, чарненнем. У арнаментыцы трапляюцца выявы птушак, птушак з жаночымі галовамі, «дрэва жыцця» і інш. У Беларусі выяўлены ў час археал. раскопак у г. Брэст, Мінск, Полацк, каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш.

І.​М.​Каранеўская, Г.​В.​Штыхаў.

Сярэбраныя колты канца 12 — пач. 13 ст. з гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРДЛО́Ў (Якаў Міхайлавіч) (4.6.1885, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 16.3.1919),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. З сям’і рамесніка-гравёра, ураджэнца г. Полацк. Чл. РСДРП з 1901, бальшавік з 1903. З 1904 прафес. рэвалюцыянер. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 на Урале. За рэв. дзейнасць 14 разоў арыштаваны, 12 гадоў прабыў у турмах і ссылках. Чл. ЦК і Рус. бюро ЦК (з 1912), сакратар ЦК партыі (з 1917). Адзін з кіраўнікоў кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). З 8.11.1917, застаючыся сакратаром ЦК партыі, старшыня ВЦВК Саветаў. Адзін з ініцыятараў «чырвонага тэрору» і «расказачвання». На пасяджэнні ЦК КП(б)Б 1.2.1919 абвясціў пастанову ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння адзінай Літ.-Бел. Сацыяліст. Рэспублікі, на 1-м Усебел. з’ездзе Саветаў (2—3.2.1919) абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР. Адзін са стваральнікаў Камуністычнага Інтэрнацыянала.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)