ПАГО́СКІ (Аляксандр Фаміч) (9.3.1816, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.9.1874),
рус. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім вучылішчы вышэйшых навук. У 1831—43 на вайск. службе. У 1843—62 служыў у дэпартаменце карабельных лясоў. Выдаваў часопісы для народа «Солдатская беседа» (1858—67), «Досуг и дело» (1867—74). Друкаваўся з 1840-х г. Аўтар празаічных, вершаваных, драм. твораў («Салдацкія нататкі», 1855; «Дзед Назарыч», 1860; «Анчутка-Бяспяты», 1863; «Няздольны чалавек», 1867; «Абарона Севастопаля. Гутаркі пра вайну 1853—1856 года», 1873—74). Месца дзеяння яго апавядання «Суд прадбачання» — Беларусь. У вершы «Кепская дзяльба» (пашыраўся ў рукапісах) высмейваў рэформу 1861. Творам П. ўласцівы дакладнасць апісання сял. і салдацкага побыту, прастата і шчырасць, сентыментальнасць.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—4. СПб., 1899—1901.
Літ.:
Арсеньев А.В. А.Ф.Погосский. СПб.. 1878;
Вольная русская поэзия 2-й половины XIX в Л.. 1959;
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 199.
С.А.Кузняева.
т. 11, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)