НАБРАКА́ННЕ,

павелічэнне аб’ёму (масы) цвёрдага цела ў выніку паглынання ім вадкасці ці пары з навакольнага асяроддзя. Характэрнае для палімераў і некаторых неарган. крышт. рэчываў слаістай будовы (напр., мантмарыланіту). Колькасна паказваецца ступенню Н. — адносінамі аб’ёму (масы) узору пасля Н. да яго першапачатковага аб’ёму (масы). Адрозніваюць абмежаванае Н., якое спыняецца пры дасягненні пэўнай мяжы паглынання вадкасці (пары), і неабмежаванае Н., што прыводзіць да растварэння ўзору ў вадкасці (напр., Н. каўчукоў суправаджаецца пераходам у вязкацякучы стан). На практыцы з Н. звязаны варка драўніны, афарбоўка і дубленне скуры, перапрацоўка палімерных матэрыялаў, харч. прадуктаў, прыгатаванне кляёў.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ву́галь, -ю, мн. вуглі́, вуглёў і вугалі́, вугалёў, м.

1. (мн. вуглі́). Цвёрдае гаручае выкапнёвае рэчыва арганічнага паходжання.

Каменны в.

Буры в.

2. (мн. вуглі́ і вугалі́). Рэшткі няпоўнага згарання драўніны; кавалак абгарэлага дрэва.

Драўнінны в.

Выграбі вугалі з печы.

Белы вугаль — пра рухаючую сілу вады.

Блакітны вугаль — пра рухаючую сілу ветру.

|| памянш. вугалёк, -лька́, мн. -лькі́, -лько́ў, м. (да 1 і 2 знач.), вуге́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.) і вуго́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

|| зб. вуго́лле, -я, н. (да 2 знач.).

|| прым. ву́гальны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стано́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м.

1. Машына для апрацоўкі (металу, драўніны і пад.), вырабу чаго-н.

Шліфавальны с.

Друкарскі с.

2. Назва розных спецыяльных прыстасаванняў, якія маюць выгляд апоры, падстаўкі.

С. для прыцэльнай стральбы.

С. для прамывання залатога пяску.

3. Металічная аснова, на якой мацуюцца гарматы і кулямёты; лафет.

4. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (пры лячэнні, дойцы і пад.); стойла (спец.).

5. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.

|| прым. станко́вы, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.) і стано́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Станочнае абсталяванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лігні́н

(ад лац. lignum = дрэва)

1) арганічнае рэчыва, якое разам з цэлюлозай змяшчаецца ў драўніне;

2) матэрыял у выглядзе тонкай слаістай паперы, вырабленай з драўніны; раней выкарыстоўваўся як перавязачны; драўнінная вата.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзёгаць, ‑гцю, м.

Цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (драўніны, торфу, каменнага вугалю і пад.). Васіль Лявончык у чым быў на калгасным двары, у тым і пайшоў, толькі забег да рымароў і добра змазаў свае ялавыя боты дзёгцем. Шахавец. Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струга́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стругаць.

2. у знач. прым. Апрацаваны стругам, рубанкам або якім‑н. іншым стругальным інструментам; гладкі, выструганы. Струганыя дошкі. □ Пазней людзі навучыліся распілоўваць цурбаны каштоўных народ драўніны на тонкія дошкі, а потым ужо ўжылі механічныя нажы і пачалі вырабляць струганую фанеру. Мяжэвіч.

3. у знач. прым. Нарэзаны тонкімі вузкімі палоскамі, стружкамі. Струганая рыба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДСТО́ЙНІК,

1) збудаванне для адстойвання (ачысткі) вадкіх адходаў і сцёкаў ад узважаных рэчываў пад дзеяннем сілы цяжару. Адрозніваюць адстойнікі: аднакамерныя [паслядоўна ці паралельна злучаныя з каналам] і шматкамерныя; гарызантальныя, вертыкальныя і радыяльныя; з мех. ачысткай ад наносаў, гідраўл. прамываннем і камбінаваныя; бесперапыннага і перыядычнага дзеяння. Будуюць з бетону, жалезабетону, каменю, драўніны. Выкарыстоўваюць для ачысткі вады ў сістэмах гідравузлоў, ірыгацыйных збудаванняў, водазабеспячэння і каналізацыі.

2) Прылады ў машынах і ўстаноўках, дзе адстойваецца масла, бензін і інш.

Адстойнік: а — аднакамерны паслядоўна злучаны; б — паралельна злучаны з каналам; в — пяцікамерны; г — перыядычнага дзеяння; 1 — канал; 2 — камера; 3 — засаўка; 4 — прамыўны канал.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА ў будаўніцтве і тэхніцы,

прасторавая канструкцыя, абмежаваная 2 крывалінейнымі паверхнямі, адлегласць паміж якімі (таўшчыня абалонкі) малая ў параўнанні з астатнімі памерамі. У залежнасці ад геаметрыі паверхні адрозніваюць абалонку: дадатнай (сферычныя, эліпсоідныя), нулявой (цыліндрычныя, канічныя) і адмоўнай (гіпербалічныя) крывізны. Бываюць тонка- і таўстасценныя; адна-, двух- і шматслойныя; маналітныя, зборныя, зборна-маналітныя і інш. Вырабляюць абалонку з жалезабетону, сталі, лёгкіх сплаваў, пластмасы, драўніны і інш. Выкарыстоўваюць у пакрыццях і перакрыццях будынкаў, у канструкцыях лятальных апаратаў, ракет, суднаў, рэзервуараў, частак машын і інш.

Тыпы паверхняў абалонак у будаўніцтве: 1 — дадатнай, 2 — адмоўнай, 3 — нулявой крывізны.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,

у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн. м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.

Я.​М.​Селіцкая.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)