БАНІТЭ́Т
(ад лац. bonitas дабраякаснасць),
эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.
Т.А.Філюкова.
т. 2, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)