СІ́ГУРДСАН (Sigurðsson) Іоўн (17.6.1811, Пафсейры, Ісландыя — 7.12.1879),
дзеяч ісландскага нац.-вызв. руху, гісторык. У 1833—35 вучыўся ў Капенгагенскім ун-це. З 1844 дэп. альцінга, з 1845 яго старшыня. У 1835—55 выступаў за адмену дацкай гандл. манаполіі ў Ісландыі, наданне Ісландыі абласной аўтаноміі, устанаўленне рэальнай уніі з Даніяй на ўзор швед.-нарв. уніі 1814—1905. У 1848—49 прапанаваў тэзіс пра юрыд. права Ісландыі на поўную дзярж. незалежнасць з аддзяленнем ад Даніі. Аўтар ісландскай канстытуцыі ад 5.1.1874, «бацька незалежнасці Ісландыі». Выдаваў (з 1853) крыніцы па стараж. гісторыі Ісландыі.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ВЭ Васіль Васілевіч (2.2.1889, С.-Пецярбург — 15.9.1965),
савецкі гісторык-усходазнавец. Акад. АН СССР (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911), вучыўся ў Берліне. З 1916 выкладаў у Пецярбургскім ун-це, у 1918—33 заг. Егіпецкага аддзела Эрмітажа. Дырэктар Ін-та этнаграфіі (1937—40), Ін-та ўсходазнаўства АН СССР (1941—50). Даследаваў сац.-эканам. рабаўладальніцкія структуры стараж.-ўсх. грамадстваў, гісторыю і культуру Стараж. і эліністычнага Егіпта, Шумера, Вавілоніі, Асірыі, Ірана, Палесціны, Урарту, Паўн. Прычарнамор’я. Аўтар працы «Гісторыя Старажытнага Усходу» (1941). Адзін з ініцыятараў выдання Сав. гіст. энцыклапедыі.
т. 15, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМКО́ВІЧ (Semkowicz) Уладзіслаў Аляксандр (8.5.1878, г. Львоў, Украіна — 19.2.1949),
польскі гісторык. Правадз. чл. Польск. АН у Кракаве (1923), д-р габілітаваны (1909), праф. звычайны (1919). Скончыў Львоўскі ун-т (1903) і выкладаў у ім. У 1916—39 праф. Кракаўскага ун-та. У 1939—40 зняволены фашыстамі ў канцлагеры Заксенгаўзен. У 1945—47 дырэктар аддзела Польск. АН. Вывучаў генеалогію, геральдыку, сфрагістыку, палеаграфію, гіст. геаграфію і картаграфію феад. Польшчы і ВКЛ. Выдаў «Акты уніі Польшчы з Літвою 1385—1791» (з С.Кутшэбам), «Дыпламатычны кодэкс кафедральнага сабора і Віленскай дыяцэзіі» (з Я.Фіялкам).
т. 15, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МЕК (Tomek) Вацлаў Уладзівай (31.5.1818, г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 12.6.1905),
чэшскі паліт. дзеяч, гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Вучань Ф.Палацкага. У час рэвалюцыі 1848—49 дэп. аўстр. рэйхстага, у 1861—95 — чэш. сейма. З 1860 праф. гісторыі Аўстрыі ў Пражскім ун-це. З 1885 пажыццёвы чл. палаты паноў. Выступаў з пазіцый аўстраславізму. Аўтар прац «Гісторыя Пражскага універсітэта» (1849), «Гісторыя горада Прагі» (ч. 1—12, 1855—1901), «Гісторыя чэшскага народа» (1865), «Ян Жыжка» (1879) і інш. Творы Т. багатыя фактычным матэрыялам і выкарыстаннем малавядомых крыніц.
т. 15, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІМАФЕ́ЕЎ Іван (?—1631),
расійскі гісторык і дзярж. дзеяч. У пач. 17 ст. дзяк у шэрагу маскоўскіх прыказаў, з 1607 у Вял. Ноўгарадзе, Астрахані, Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе. Аўтар «Летапісу», у якім ёсць карысныя звесткі па гісторыі Расіі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст.: аб праўленнях Івана IV, Фёдара Іванавіча, Барыса Гадунова, Ілжэдзмітрыя I, Смуце, якую лічыў вынікам парушэння спрадвечнага сац. і паліт. ўладкавання грамадства.
Тв.:
Временник. М.; Л., 1951.
Літ.:
Корецкий В.И. Новые материалы о дьяке Иване Тимофееве, историке и публицисте XVII в. // Археографический ежегодник за 1974 г. М., 1975.
т. 17, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮМЕ́НЕЎ Аляксандр Ільіч (24.8.1880, С.-Пецярбург — 1.6.1959),
савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярб. ун-т (1904), працаваў у ім (1921—23), у Ленінградскім аддзяленні Камуніст. акадэміі (1928—31), Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР (1931—38), Даследаваў гісторыю стараж.-усх. і ант. дзяржаў, у т. л. пытанні рабства, гандлю, паліт. жыцця, помнікі стараж.-грэч. пісьма, а таксама метадалогію і сацыялогію гісторыі.
Тв.:
Государственное хозяйство древнего Шумера. М.; Л., 1956.
Літ.:
Амусин И.Д. Академик А.И. Тюменев — историк древнего мира // Вестн. древней истории. 1974. № 3.
т. 17, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФО́Р (грэч. Ephoros; каля 405—330 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык з г. Кім (цяпер Кум, М. Азія), вучань Ісакрата. Аўтар працы «Усеагульная гісторыя» (у 30 кн., апошняя напісана яго сынам Дэмафілам), у якой дадзены агульны агляд гісторыі грэч. свету (ад дарыйскага ўварвання да 340 да н.э.). Праца Э. (захавалася 157 фрагментаў) — адна з першых спроб выкласці гісторыю ўсіх грэч. дзяржаў, у т. л. грэч. калоній, і мела вял. ўплыў на ант. гістарыяграфію; на яе спасылаліся Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. гісторыкі.
А.Г.Зельскі.
т. 18, кн. 1, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́НІН Валянцін Лаўрэнцьевіч (н. 6.2.1929, г. Кіраў, Расія),
расійскі гісторык і археолаг. Акад. АН СССР (1990; чл.-кар. з 1966), праф. (1964). Асн. працы па слав. археалогіі і гісторыі Расіі феад. перыяду. Адзін з кіраўнікоў Наўгародскай археал. экспедыцыі. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія СССР 1970. Дзярж. прэмія Расійскай Федэрацыі 1996.
Літ.:
Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;
Актовые печати древней Руси X—XV вв. Т. 1—2. М., 1970;
Новгородские грамоты на бересте (из раскопок 1962—76 гг.). М., 1978 (разам з А.У.Арціхоўскім).
т. 18, кн. 1, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАБА́Н Віталь Уладзіміравіч (н. 5.8.1947, в. Шылавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, літаратуразнавец. Канд. гіст. н. (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1970). З 1972 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (у 1992—95 заг. рэдакцыі). З 1995 нам. дырэктара, з 1997 саветнік Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 нам. дырэктара Нац. навукова-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны, з 2002 у Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. Даследуе гісторыю бел. нац. руху, культуры 19 — пач. 20 ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навук. ўжытак невядомыя тэксты бел. л-ры 19 ст. (у зб. «Шляхам гадоў», 1990), гіст.-літ. матэрыялы пра жыццё і творчасць бел. пісьменнікаў, грамадскіх і культ. дзеячаў («Гарэцкі М. Публіцыстыка 1918—1919 гг.», укл. з В.Дз.Селяменевым, 2000) і інш. Адзін са складальнікаў бібліягр. дапаможнікаў «М.М.Улашчык» (1996), «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (1997), «Бібліятэка Міхася Мялешкі» (1998), «Р.П.Платонаў» (2000), «М.В.Доўнар-Запольскі» (2001). Рэдактар-складальнік кн. «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна» (1989). Сааўтар сцэнарыяў дакумент.-маст. фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я.Купалу і інш.
Тв.:
Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. №2;
Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1986;
«Хай ведаюць патомкі...»: Алесь Гарун — дэлегат і гісторык Усебеларускага з’езда 1917 г. // Роднае слова. 1997. №8;
Дакументальная спадчына Усебеларускага з’езда 1917 г.: прабл. збору, захавання і выдання // Архівы і справаводства. 2000. №1.
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЙДЭ Аскар (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)