КУРЧЭ́ЎСКІ (Kurczewski) Ян
(1854, в. Данюшава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.7.1917),
бел. гісторык рымска-каталіцкай царквы, рэліг. дзеяч. Магістр тэалогіі (1881). Скончыў Віленскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю, Пецярбургскую рымска-каталіцкую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у 2-й Віленскай гімназіі, з 1886 настаяцель касцёла ў в. Кемелішкі (Астравецкі р-н), з 1889 у касцёле св. Якуба ў Вільні, займаў духоўныя пасады ў курыі Віленскага біскупства. Аўтар кніг пропаведзей, гіст. прац «Замкавы касцёл, або Віленская кафедра ў яе гістарычным, літургічным, архітэктанічным і эканамічным развіцці» (т. 1—3, 1908—16), «Віленскае біскупства ад яго залажэння да сённяшняга дня» (1912), дзе выкарыстаны багаты архіўны матэрыял, шмат звестак па гісторыі каталіцтва ў Беларусі.
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)