БІ́СМАРК (Bismarck, Bismark) Ота Эдуард Леапольд фон Шонгаўзен (Schönhausen; 1.4.1815, Шонгаўзен, зямля Саксонія-Ангальт, Германія — (30.7.1898), дзяржаўны дзеяч Германіі, заснавальнік і першы канцлер Герм. імперыі. Князь (1871). Вывучаў права ў Гётынгене і Берліне (1832—35). Дэп. 1-га і 2-га аб’яднаных ландтагаў Прусіі (1847—48). З 1848 чл. Кансерватыўнай партыі. Прадстаўляў Прусію ў бундэстагу ў Франкфурце-на-Майне (1851—59). Прускі пасланнік у Расіі (1859—62) і Францыі (1862). У 1862—90 прускі прэм’ер-міністр. Канцлер Паўн.-герм. саюза (1867—71), рэйхсканцлер Германіі (1871—90). Пасля, дацкай вайны 1864, аўстра-прускай вайны 1866 і франка-прускай вайны 1870—71 ажыццявіў аб’яднанне герм. зямель пад вяршэнствам Прусіі. Адзін з гал. арганізатараў Траістага саюза 1882, накіраванага супраць Францыі і Расіі, аднак лічыў вайну з Расіяй вельмі небяспечнай для Германіі. Ва ўнутр. палітыцы праводзіў «Культуркампф», увёў Выключны закон супраць сацыялістаў, законы аб сац. страхаванні (1883—89) і інш. Аўтар кн. «Думкі і ўспаміны» (т. 1—2, 1898).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял.Айч.вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц.сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням.акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч.вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв.вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСК,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял.Айч.вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял.Айч.вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́ЦКІ (сапр.Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч
(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АНБССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял.Айч.вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДЗЕ́Д (Мікалай Мацвеевіч) (21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв.вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦККП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНКБССР. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1930. Чл.ЦККП(б)Б з 1924 і Бюро ЦККП(б)Б з 1925. Чл.ЦВКСССР і ЦВКБССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВКБССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́ЛКА (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл.зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял.Айч.вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.Някрасава, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, П.Тычыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.