ПРЫДА́ТКАВЫЯ О́РГАНЫраслін, адвентыўныя органы раслін,
пупышкі, карані і інш. органы, якія ўтвараюцца ў месцах, у якіх яны звычайна не развіваюцца. Узнікаюць адносна позна (часта з другасных мерыстэм) і эндагенна. Прыдаткавыя карані ўтвараюцца на сцёблах, лістах, часам на старых стрыжнёвых каранях, якія страцілі першасныя мерыстэмы; прыдаткавыя пупышкі і парасткі — на каранях, у міжвузеллях сцёблаў (у адрозненне ад нармальных пазушных пупышак), на лістах.
Для многіх раслін утварэнне П.о. — заканамерны працэс, замацаваны генетычна. Важную ролю яны выконваюць у вегетатыўна рухомых (карэнішчавых, паўзучых) раслін і тых, што размнажаюцца вегетатыўна, калі новыя асобіны аддзяляюцца ад матчыных раслін (напр., кусты суніц — з вусоў, бульбы — з клубняў) і маюць толькі прыдаткавыя карані. Здольнасць да ўтварэння П.о. выкарыстоўваецца ў раслінаводстве, лесаводстве, інтрадукцыі раслін (чаранкаванне, размнажэнне атожылкамі, дзяленне карэнішчаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЦАрайца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксама мясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НЬЯ (Romagna),
гістарычная вобласць на Пн Італіі. Як Р. вядома з 6 ст., калі так называлі візант. ўладанні ў Італіі. З 8 ст. пад уладай лангабардаў, потым рым. пап. З 962 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1278 імператары прызналі сюзерэнітэт папства над Р., аднак папская ўлада ўмацавалася тут толькі ў 16 ст. У 1796 акупіравана франц. войскамі, уваходзіла ў Цыспаданскую, з 1797 у Цызальпінскую рэспублікі, потым у інш.дзярж. ўтварэнні часоў франц. ўладарання ў Італіі. У 1815—59 зноў у Папскай дзяржаве (апрача 1831, калі Р. ўваходзіла ў Аб’яднаныя італьян. правінцыі). У 1860 у выніку рэферэндуму 1859 увайшла ў склад Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. Паводле канстытуцыі Італьян. рэспублікі 1947 тэр. Р. ўключана ў адм. вобласць Эмілія-Раманья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,
тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькіабарачальныя рэакцыі.
Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл.Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі
(μi — хім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭД-РЫ́ВЕР (Red River),
1) рака на Пд ЗША, правы прыток р. Місісіпі. Даўж. 2050 км, пл. басейна 233 тыс.км² Вытокі на плато Лана-Эстакада, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае Прымексіканскую нізіну. У нізоўях падзяляецца на рукавы: Олд-Рывер (упадае ў р. Місісіпі) і Атчафалая (упадае ў Мексіканскі зал., сцёк толькі ў разводдзе). Паводкі ў канцы вясны — пач. лета. Сярэдні расход вады 880 м³/с. ГЭС. Буйное вадасх. Тэксома. Суднаходная ад г. Шрыўпарт.
2) Рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 920 км, пл. басейна 297 тыс.км². Цячэ па Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 240 м³/с. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. На Р.-Р. — г. Вініпег (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯДЦО́ВЫЯ, селядцы (Clupeidaė),
сямейства рыб атр. селядцападобных. 7 падсям., каля 20 (па інш. звестках каля 50) родаў, у т. л.пузанкі, салака, сардзіны, цюлькі, шпроты, сардзінелы. Каля 190 відаў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Субантарктыкі, разнастайныя ў тропіках; некат. віды ва ўмераных і халодных водах.
Даўж. 35—45 см, у прахадных форм да 75 см, маса да 2 кг. Цела сціснутае з бакоў, укрытае вял. цыклоіднай луской. Спіна зеленавата-шэрая, бакі і бруха серабрыстыя. Характэрна адсутнасць прабадной лускі бакавой лініі (ёсць толькі 2—5 адразу за галавой). На галаве развітыя сейсмасенсорныя каналы. Уздоўж сярэдняй лініі бруха ў многіх відаў ёсць кіль з прывостранай лускі. Кормяцца пераважна планктоннымі беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.