запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.
1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.
2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.
3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.
2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.
1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.
2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.
•••
Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.
Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
масці́ць, машчу, мосціш, мосціць; незак., што.
1. Рабіць насціл з дошак, бярвенняў і пад. Масціць падлогу. □ Ля берага Дзвіны стаялі баржы, іх злучалі, масцілі паверх дошкамі. Хадкевіч. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Якімовіч.
2. Тое, што і брукаваць. — Рабіў, што траплялася. Брук масціў, печы мураваў, а пасля пры кавалях быў. Чорны.
3. Разм. Старанна ўкладваць, размяшчаць. Масціць мяшкі на воз. // Высцілаць чым‑н. для больш зручнага карыстання. Воз рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай .. сядзенне, кладуць для нечага дошкі... Васілевіч. [Падводчык] час ад часу злазіў з саней, на хаду папраўляў хамут, затым, пакрэктваючы, масціў пад сябе салому. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.
2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.
3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.
•••
Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мно́га, прысл.
1. У вялікай колькасці, у вялікай ступені; не мала. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Чарнышэвіч. Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Зарэцкі. // (пры выш. ст. і з прыназ. «на»). Значна, у значнай ступені. Многа больш. На многа раней. □ На многа вёрст былі відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
2. Больш, чым патрэбна; лішне. Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.
•••
Ні многа ні мала — якраз столькі, роўна столькі (звычайна пра вялікую колькасць чаго‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.
1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.
2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.
3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арэ́х, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Плод, семя ў выглядзе ядра ў цвёрдай шкарлупцы. Грэцкія, кедравыя арэхі. Пражаныя арэхі. Рваць, вылушчваць арэхі. □ Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў. Прыказка. / ‑у, у знач. зб. Міндалевы, мускатны арэх. // ‑а. Аднанасенны плод некаторых раслін, з цвёрдым дравяністым каляплоднікам (напрыклад: дуба, каштана і інш.).
2. ‑а. Дрэва або куст, на якім растуць такія плады.
3. ‑у. Прыгожая, цвёрдая драўніна такіх дрэў, якая ідзе на сталярныя вырабы.
4. ‑у. Спец. Гатунак каменнага вугалю.
•••
Арэх-свістун — пусты арэх.
Зарабіць на арэхі гл. зарабіць.
Моцны арэх — пра што‑н. цяжкае для дасягнення, авалодання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бас, ‑а; мн. басы, ‑оў; м.
1. Самы нізкі мужчынскі голас. Машына павезла іх у стэп. Калі яна неўзабаве спынілася, густы бас Бурмакова прагучаў па-маладому звонка. — Прыехалі! Шыцік. // Спявак з такім голасам. Праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна. Шамякін.
2. Духавы або струнны музычны інструмент нізкага рэгістра. Аркестравыя балалайкі носяць назвы — прыма, секунда, альт, бас і кантрабас.
3. толькі мн. (басы́, ‑оў). Струны або клавішы музычнага інструмента, якія адзываюцца нізкім гукам. Разняў гармонь танкіст ўдалы Ды як націсне на басы. Колас. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.
[Іт. basso.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.
Разм.
1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.
2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)