ДРАГАМА́НАЎ (Міхайла Пятровіч) (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́Р (Алесь) (сапр. Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.​Александровічам і А.​Вольным; зб. апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб. арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, В.​Брусава, «Дванаццаць» А.​Блока, урыўкі з «Фауста» І.​В.​Гётэ, «Германіі» Г.​Гейнэ, творы С.​Ясеніна, Б.​Пастарнака, М.​Ціханава, М.​Рыльскага, У.​Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.​Стандэ, аповесць Ф.​Гладкова «Новая зямля», раман У.​Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1959;

Вежа. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Міхнюк У.М. Арыштаваць у высылцы;

Дакумент. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

А.Дудар.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТЫ́НСКІ (Вінцэсь Аляксандравіч) (15.8.1831, в. Селішча Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 7.2.1891),

бел. і польскі паэт, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, з 1850 сакратар У.Сыракомлі. У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М.​Лясковым. З 1866 у Варшаве. Літ. дзейнасць пачаў у 1856. Супрацоўнічаў у віленскіх і варшаўскіх перыяд. выданнях, друкаваў у іх артыкулы пра Беларусь. На польск. мове выдаў паэт. зб. «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858). У 1858 да прыезду ў Вільню Аляксандра II напісаў бел. верш «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» — напамінанне пра існаванне бел. мовы. Падтрымаў дзейнасць А.​Вярыгі-Дарэўскага на ніве адраджэння бел. культуры (вершаванае прысвячэнне «Далібог-то, Арцім...»). На бел. мове напісаў элегію «Туга на чужой старане» (1864). Напярэдадні паўстання 1863—64 прычыніўся да стварэння антыцарскіх вершаваных твораў «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра А.​Міцкевіча, І.​Дамейку, С.​Рысінскага, К. і Я.​Тышкевічаў, Р.​Зянькевіча. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» С.​Аргельбранда (т. 1—28, 1859—68) напісаў артыкулы пра бел. гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш. Дэмакр. погляды выявіліся ў паэт. творчасці пра жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры. Пераклаў на польск. мову творы П.​Беранжэ, А.​Пушкіна, М.​Лермантава, Л.​Талстога, Г.​Гейнэ. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1—10, 1872). На бел. мову польск. творы К. пераклалі Р.​Баравікова, Р.​Барадулін, П.​Бітэль, У.​Мархель, Г.​Тумаш.

Тв.:

Творы. 2 выд. Мн., 1994.

Літ.:

Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Мархель У. «Чым хата багата...» // Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990.

У.​І.​Мархель.

В.А.Каратынскі.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, У.​Буднік, Ю.​Семяняка, С.​Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;

Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.​Кірэенкі. Мн., 1986.

М.​П.​Кенька.

К.Кірэенка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС»,

бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.​Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.​Лысятаў, Р.​Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.​Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.​У.​Цяслюк) і інш. Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.​Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.​Міхлееў, аператар У.​Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.​Браслаўскага, рэж. В.​Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.​Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.​Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.​Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.​Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.​Алай, В.​Аслюк, С.​Галавецкі, М.​Заслонава, І.​Калоўскі, А.​Канеўскі, А.​Карпаў, І.​Пікман, М.​Скітовіч, Б.​Стральцоў, Ю.​Цвяткоў, П.​Шамшур, У.​Шаталаў; аператары В.​Арлоў, Ю.​Плюшчаў, С.​Пятроўскі, І.​Рамішэўскі і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл. — вер. 1944),

бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах. Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.​Міцкевіча, М.​Канапніцкай, Ю.​Славацкага, М.​Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі).

Тв.:

Доля і хлеб: Выбр. тв. Мн., 1980.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;

Гейнсвіль, 1988;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

Г.Леўчык.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ АДНО́СІНЫ,

сукупнасць эканамічных, палітычных, прававых, ваенных, дыпламатычных, інфармацыйных і інш. сувязей і ўзаемаадносін паміж народамі, дзяржавамі і саюзамі дзяржаў, а таксама міжнар. арганізацыямі, аб’яднаннямі і рухамі, якія выступаюць на міжнар. арэне. Фарміраванне і развіццё іх адбывалася ў старажытнасці на падставе кантактаў паміж плямёнамі і народамі і пад уплывам аб’ектыўных жыццёвых патрэбнасцей (сумеснае пакланенне агульным багам, барацьба з варожымі нашэсцямі, абарона правоў уласных грамадзян і іншаземцаў і г.д.). Вял. якасныя змены ў М.а. прыпадалі на пераломныя перыяды ў гісторыі (змены цывілізацый, рэвалюцыі, культ. ўздымы і інш.). Рэвалюцыі ў якасці ідэалаў М.а. паміж дзяржавамі дэкларавалі свабоду, роўнасць незалежна ад формы праўлення, правы народаў на самаст. паліт. і культ. развіццё, гуманіст. адзінства права і маралі, што не выключала ў далейшым барацьбу розных краін за падзел свету на сферы ўплыву. У 20 ст. М.а. развіваліся пад уплывам аб’ектыўных фактараў і падзей (1-я і 2-я сусв. войны, уздым нац.-вызв. руху, абмежаванне ўзбраенняў), а таксама працэсаў разрадкі міжнар. напружанасці і сцвярджэння прынцыпу мірнага суіснавання, умацавання калектыўнай бяспекі і міру. Распад СССР, а таксама сацыяльна-паліт. пераарыентацыя былых сацыяліст. краін Еўропы выклікалі змяненне раскладу міжнар. сіл і іх балансу. Напярэдадні 21 ст. М.а. захоўваюць тэндэнцыю ў кірунку паступовага дэмакр. і гуманіст. развіцця і ахопліваюць праблемы міжнар. і рэгіянальнай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, навукі і тэхнікі, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння ў культ. і гуманіт. галінах. Рэспубліка Беларусь у сваіх адносінах з інш. краінамі і народамі свету зыходзіць з агульнапрынятых прынцыпаў і норм міжнар. права; яна мае дыпламат. адносіны з 124 краінамі, з’яўляецца членам 49 міжнар. міжурадавых арг-цый, выступае за ўмацаванне ролі ААН і АБСЕ у справе забеспячэння міжнар. бяспекі і стабільнасці.

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.

На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс. м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).

М.​С.​Капора.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,

навуковая і культ.-асв. арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.​М.​Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.​П.​Поляк, А.​А.​Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.​Ф.​Карскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук. пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-т нар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш. навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.

А.​М.​Гесь, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)