сукупнасць нябесных цел, якія рухаюцца ў вобласці пераважнага ўздзеяння гравітацыйнага поля Сонца. Складаецца з цэнтр. цела — Сонца, 9 вял. планет (Меркурый, Венера, Зямля, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун, Плутон), больш за 60 спадарожнікаў планет, мноства малых планет (астэроідаў), камет, метэорных патокаў, міжпланетнага пылу і газу і інш. Больш за 99% масы С.с. складае маса Сонца.
С.с. знаходзіцца паблізу цэнтр. плоскасці Галактыкі на адлегласці каля 10 кпк ад яе цэнтра, лінейная скорасць вярчэння С.с. вакол яго 250—300 км/с. Разам з Сонцам рухаецца адносна бліжэйшых зорак у напрамку да сузор’я Геркулес са скорасцю 20 км/с. Вял. планеты рухаюцца вакол Сонца ў напрамку восевага вярчэння Сонца па эліптычных арбітах, у адным з фокусаў якіх знаходзіцца Сонца (самая выцягнутая арбіта ў Плутона, найб. блізкія да кругавых арбіты Венеры і Нептуна); плоскасці арбіт мала нахілены адна да адной і да сонечнага экватара. Планеты-гіганты маюць кольцы; у 7 планет ёсць спадарожнікі. Малыя планеты таксама абарачаюцца вакол Сонца ў тым жа напрамку; іх арбіты значна выцягнутыя і нахіленыя да плоскасці экліптыкі. Паміж арбітамі Марса і Юпітэра ёсць пояс астэроідаў, у які ўваходзяць тысячы малых планет; за арбітай Нептуна існуе астэроідны пояс Койпера, які складаецца з мноства малых ледзяных планет, падобных да Плутона. Некалькі мільярдаў камет складаюць сферычнае каметнае воблака Аорта (каля 50 тыс.а.а. ад Сонца). С.с. знаходзіцца ў магн. полі Сонца. Яе пранізвае сонечны вецер. Паходжанне і развіццё С.с. вывучае планетная касмагонія.
Літ.:
Солнечная система: Пер. с англ.М., 1978;
Альвен Х., Аррениус Г. Эволюция солнечной системы: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́ЧАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, металакераміка,
вырабы і паўфабрыкаты з парашкоў металаў і металападобных злучэнняў або іх сумесей з неметал. парашкамі. Атрымліваюць спяканнем — тэрмаапрацоўкай, якая ўшчыльняе свабодна рассыпаную або спрасаваную масу парашку, а таксама фіз. працэсамі, што забяспечваюць запаўненне пор. Адносяцца да кампазіцыйных матэрыялаў, вырабленых спяканнем парашкоў.
Для аднакампанентнага цела тэхнал.т-ра спякання tсп = (2/3—4/5)tпл (цвердафазнае спяканне), для многакампанентнага tсп роўная або некалькі большая за т-ру плаўлення (tпл) самага легкаплаўкага кампанента (вадкафазнае спяканне). Аднакампанентныя С.м. на аснове алюмінію з-за аксіднай плёнкі на часцінках парашкоў атрымліваюць вадкафазным спяканнем. Пры вытв-сці высакапорыстых С.м. (фільтраў) спяканне можа быць канчатковай аперацыяй, пры атрыманні высокатрывалых С.м. неабходна дапрасоўка і другаснае спяканне. Выкарыстоўваюць таксама камбінаваную тэрмамех. апрацоўку — гарачае прасаванне і гарачую коўку, а таксама калібраванне спечаных вырабаў для зніжэння допускаў па памерах. На С.м. порыстасцю менш за 10% можна наносіць зносаўстойлівыя, антыкаразійныя і дэкаратыўныя пакрыцці. Пашыраны цеплаўстойлівыя керамічныя кампазіты (керметы) на меднай і жалезнай сувязной фазе з напаўняльнікамі з аксідаў і сіліцыдаў, гарачатрывалыя С.м. на аснове нікелю і кобальту, антыфрыкцыйныя матэрыялы (алюміній-графіт, жалеза-графіт, высокапалімерыграфіт). С.м. выкарыстоўваюцца для вырабу дэталей трансп. сродкаў, машынабудавання, камп’ютэраў, быт. прылад, а таксама ў ядз. тэхніцы як паглынальныя і запавольвальныя элементы, ядз. паліва.
На Беларусі даследаванні па С.м. вядуцца ў Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Канцэрне парашковай металургіі і інш.
Літ.:
Вязников Н.Ф., Ермаков С.С. Металлокерамические материалы и изделия. 2 изд. Л., 1967;
Порошковая металлургия: Спеченные и композицион. материалы: Пер. с нем. М., 1983;
Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, области применения. Киев, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗЫ (эламскае Шушан, сучаснае Шуш),
старажытны горад, сталіца дзяржавы Элам. Руіны каля 20 км на ПдЗ ад г. Дызфуль (тэр. сучаснага Ірана). У 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. С. — значны паліт. і эканам. цэнтр, пра што сведчаць выяўленыя ў выніку раскопак грабніцы цароў, вял. колькасць прылад працы, зброя, вырабы з золата. У 2-й пал. 3-га — 1-й трэці 1-га тыс. да н.э. С. — сталіца Элама. У 645 да н.э. зруйнаваны сірыйскім царом Ашурбаніпалам. Пасля заваявання персамі (сярэдзіна 6 ст. да н.э.) стала зімовай рэзідэнцыяй Ахеменідаў, потым (з 4 ст. да н.э.) іх пераемнікаў — Аляксандра Македонскага (у гэты час горад развіваўся на ўзор грэч.поліса) і Селеўкідаў. У 640-я г.н.э. С. разбураны араб. заваёўнікамі. Як неўмацаванае паселішча горад існаваў некалькі стагоддзяў, потым заняпаў.
Руіны С. маюць выгляд 4 узгоркаў: «узгорак акропаля» на Пд (царскі горад Элама), «узгорак ападаны» на Пн [руіны ахеменідскага палаца (521 — І-я пал. 4 ст. да н.э.) з рэльефамі з паліванай цэглы, рэшткі параднай залы-ападаны і храма агню), «узгорак царскага горада» на У (рэзідэнцыя ахеменідскай і сасанідскай знаці), «узгорак горада рамеснікаў» (некропаль парфянскага і селеўкідскага часу) на У ад царскага горада. Ад протаэламскага перыяду (канец 4-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) дайшлі багатыя пахаванні з ляпнымі размаляванымі керамічнымі пасудзінамі і помнікамі іерагліфічнай эламскай пісьменнасці; ад эламскага мастацтва (2—1-га тыс. да н.э.) — скульптура, кераміка, размаляваныя паліваныя абліцоўкі, рэльефы, помнікі, прывезеныя з паходаў у Месапатамію (стэлы Нарам-Суэна, ці Нарамсіна, Хамурапі; абедзве ў Луўры). Найб. познія знаходкі адносяцца да 9—10 ст. н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1524—26,
найбуйнейшае антыфеад. выступленне сялян (падтрымана асобнымі гарадамі і рыцарамі) у сярэдневяковай Германіі, у частцы Аўстрыі і Швейцарыі. Была працягам шматлікіх сял. хваляванняў з 14 ст. (рух Г.Бёгайма, змова «Башмака» і інш.). Праходзіла ва ўмовах рэліг.Рэфармацыі. Выклікана эканам., сац. і паліт. прычынамі (уціск сялян землеўласнікамі, падатковы прыгнёт, у т. л.царк. дзесяціна, і інш.). Пачалася ў чэрв. 1524 з паўстання на Пд Германіі (ландграфства Шцюлінген). Пад уплывам прапаганды Т.Мюнцэра і анабаптыстаў паўстанне набыло арганізаваны характар. З пач. 1525 яно ахапіла Верхнюю Швабію і Франконію. У крас. 1525 паўсталі сяляне ў Цюрынгіі, у маі — у Ціролі. Лідэрамі паўстанцаў былі Мюнцэр, Ф.Геер, М.Гайсмайр і інш. У раёнах сял. паўстанняў дзейнічалі буйныя атрады колькасцю да некалькіх тыс.чал., яны авалодалі шэрагам замкаў. Былі распрацаваны некалькі утапічных праграмных дакументаў паўстанцаў («Артыкульнае пісьмо», «12 артыкулаў», «Гейльбранская праграма» і інш.), якія з пазіцый «боскага права» адлюстроўвалі ідэю сац. справядлівасці. Многія вёскі і цэлыя мясцовасці адмаўляліся ад выканання феад. павіннасцей і патрабавалі ад сваіх землеўласнікаў іх ліквідацыі. Але разрозненасць асн. цэнтраў паўстанняў і іх слабая падтрымка бюргерствам аблегчылі задушэнне сял. вайны сіламі Швабскага саюза і інш. рыцарскіх войск. Апошнімі супраціўляліся паўстанцы ў Ціролі, Карынтыі, Штырыі, Крайне (да лета 1526). Паражэнне С.в. не прывяло да істотных змен у становішчы сялянства ў Германіі, але вайна засведчыла вял.сац. актыўнасць сял. саслоўя. Рэхам С.в. была Мюнстэрская камуна (1534—35).
У марксісцкай гістарыяграфіі С.в. 1524—26 разглядаецца як кульмінацыя раннебурж. рэвалюцыі перыяду Рэфармацыі.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Blickle P. Die Revolution von 1525. München, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),
сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).
Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.
Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна). На аснове ўкр.нар. верша Т.Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь» М.Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.Танка, П.Панчанкі, К.Кірэенкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́СТчалавека,
характарыстыка канкрэтнай стадыі біял. і сац.-псіх. развіцця асобы. Выбар крытэрыю ўзроставых перыядаў залежыць ад многіх фактараў (біял. асаблівасцей арганізма, фактараў сац. асяроддзя, узроўню навук. ведаў і інш.). Біял. У. абумоўліваецца генетычна і вызначаецца сукупнасцю структурных, абменных, функцыян., рэгулятарных і адаптыўных магчымасцей арганізма. Узроставыя перыяды характарызуюцца тэрмінамі, якія неабходны для завяршэння пэўнага этапу развіцця. Адрозніваюць прэнатальны (да нараджэння) і постнатальны (пасля нараджэння) этапы. У постнатальным развіцці вылучаюць некалькі перыядаў. Дзіцячы У. ахоплівае час ад нараджэння да палавога выспявання: нованароджанасць (да 4 тыдняў); грудны, або малодшы ясельны (1-ы год жыцця); старэйшы ясельны (1—3 гады); дашкольны (3—6-7 гадоў); малодшы школьны (6-7—12-13 гадоў); старэйшы школьны, або падлеткавы, ці перыяд палавога выспявання (дзяўчынкі 12—16, хлопчыкі 13—16-17 гадоў). Юнацкі У. характарызуецца запавольваннем росту цела (жанчыны 16—20, мужчыны 17—21 год). Спелы У. падзяляецца на 2 перыяды: 1-ы характарызуецца спыненнем росту цела, адноснай устойлівасцю і росквітам функцый арганізма (жанчыны 20—35, мужчыны 21—35 гадоў), 2-і — перабудовай нейраэндакрыннай рэгуляцыі, зменай фізіял. функцый і з’яўленнем першых клінічных праяўленняў захворванняў (жанчыны 35—55, мужчыны 35—60 гадоў). Пажылы У. характарызуецца паскарэннем старэння і з’яўленнем хвароб, уласцівых гэтаму У., — атэрасклероз, гіпертанічная хвароба, анкалагічныя захворванні і інш. (55—60 да 75 гадоў). Старэчы У. характарызуецца паскарэннем інвалюцыі арганізма, зніжэннем адаптыўных магчымасцей, большай імавернасцю смерці (пасля 75 гадоў, болей за 90 — доўгажыхар). Храналагічны (пашпартны) У. чалавека мае дакладныя межы міжузроставага інтэрвалу, які вымяраецца ў гадах, месяцах, тыднях і інш., і адлюстроўвае канкрэтныя вынікі і стадыі сац.-псіх. развіцця асобы.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,
наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у час другой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч.«дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва«Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс.чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс.чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;
Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;
Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ГАЎСКА-ПРЫ́ПЯЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Цэнтральнага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 26.8—30.9.1943; 1-я частка бітвы за Дняпро 1943. Мэта аперацыі — разгром ням. войск на Ноўгарад-Северскім і Канатопскім напрамках, выхад да р. Дняпро. У пач. аперацыі ў склад фронту ўваходзілі 13-я, 48-я, 65-я, 60-я, 61-я, 2-я танк. і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі ням. 2-я армія і частка войск 9-й арміі групы армій «Цэнтр», частка войск 4-й танк. арміі групы армій «Поўдзень». 26 жн.сав. войскі 2-й танк. і 65-й армій, прарваўшы абарону праціўніка на гал. напрамку, авалодалі 27 жн.г. Сеўск і прасунуліся на 20—25 км. Войскі ж 60-й арміі да 31 жн. прасунуліся на 60 км і ўступілі на тэр. Украіны. Развіваючы гэты поспех, войскі левага крыла фронту выйшлі да р. Дзясна, фарсіравалі р. Сейм; 6 вер. яны вызвалілі г. Канатоп, 9 вер. — г. Бахмач, 15 вер. — г. Нежын. Войскі правага крыла таксама выйшлі да Дзясны і фарсіравалі яе; 16 вер. яны вызвалілі г. Ноўгарад-Северскі, 21 вер. — г. Чарнігаў, фарсіравалі р. Дняпро; 23 вер. вызвалілі г.п. Камарын і захапілі плацдарм на правым беразе р. Прыпяць. Войскі 48-й і 65-й армій, што наступалі на Гомельскім напрамку, захапілі 2 плацдармы на правым беразе р. Сож, 26 вер. вызвалілі г.п. Церахоўка. Значную дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны, якія захапілі на Дняпры і Прыпяці некалькі перапраў, а таксама зрывалі перавозкі ням. войск у ходзе аперацыі «Канцэрт». У выніку Ч.-П.а. сав. войскі прасунуліся на 300 км на З, замацаваліся на занятых плацдармах, што садзейнічала вызваленню Беларусі і Правабярэжнай Украіны.