старажытны горад, сталіца дзяржавы Элам. Руіны каля 20 км на ПдЗ ад г. Дызфуль (тэр. сучаснага Ірана). У 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. С. — значны паліт. і эканам. цэнтр, пра што сведчаць выяўленыя ў выніку раскопак грабніцы цароў, вял. колькасць прылад працы, зброя, вырабы з золата. У 2-й пал. 3-га — 1-й трэці 1-га тыс. да н.э. С. — сталіца Элама. У 645 да н.э. зруйнаваны сірыйскім царом Ашурбаніпалам. Пасля заваявання персамі (сярэдзіна 6 ст. да н.э.) стала зімовай рэзідэнцыяй Ахеменідаў, потым (з 4 ст. да н.э.) іх пераемнікаў — Аляксандра Македонскага (у гэты час горад развіваўся на ўзор грэч.поліса) і Селеўкідаў. У 640-я г.н.э. С. разбураны араб. заваёўнікамі. Як неўмацаванае паселішча горад існаваў некалькі стагоддзяў, потым заняпаў.
Руіны С. маюць выгляд 4 узгоркаў: «узгорак акропаля» на Пд (царскі горад Элама), «узгорак ападаны» на Пн [руіны ахеменідскага палаца (521 — І-я пал. 4 ст. да н.э.) з рэльефамі з паліванай цэглы, рэшткі параднай залы-ападаны і храма агню), «узгорак царскага горада» на У (рэзідэнцыя ахеменідскай і сасанідскай знаці), «узгорак горада рамеснікаў» (некропаль парфянскага і селеўкідскага часу) на У ад царскага горада. Ад протаэламскага перыяду (канец 4-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) дайшлі багатыя пахаванні з ляпнымі размаляванымі керамічнымі пасудзінамі і помнікамі іерагліфічнай эламскай пісьменнасці; ад эламскага мастацтва (2—1-га тыс. да н.э.) — скульптура, кераміка, размаляваныя паліваныя абліцоўкі, рэльефы, помнікі, прывезеныя з паходаў у Месапатамію (стэлы Нарам-Суэна, ці Нарамсіна, Хамурапі; абедзве ў Луўры). Найб. познія знаходкі адносяцца да 9—10 ст. н.э.