УЗРО́СТ чалавека,
характарыстыка канкрэтнай стадыі біял. і сац.-псіх. развіцця асобы. Выбар крытэрыю ўзроставых перыядаў залежыць ад многіх фактараў (біял. асаблівасцей арганізма, фактараў сац. асяроддзя, узроўню навук. ведаў і інш.). Біял. У. абумоўліваецца генетычна і вызначаецца сукупнасцю структурных, абменных, функцыян., рэгулятарных і адаптыўных магчымасцей арганізма. Узроставыя перыяды характарызуюцца тэрмінамі, якія неабходны для завяршэння пэўнага этапу развіцця. Адрозніваюць прэнатальны (да нараджэння) і постнатальны (пасля нараджэння) этапы. У постнатальным развіцці вылучаюць некалькі перыядаў. Дзіцячы У. ахоплівае час ад нараджэння да палавога выспявання: нованароджанасць (да 4 тыдняў); грудны, або малодшы ясельны (1-ы год жыцця); старэйшы ясельны (1—3 гады); дашкольны (3—6-7 гадоў); малодшы школьны (6-7—12-13 гадоў); старэйшы школьны, або падлеткавы, ці перыяд палавога выспявання (дзяўчынкі 12—16, хлопчыкі 13—16-17 гадоў). Юнацкі У. характарызуецца запавольваннем росту цела (жанчыны 16—20, мужчыны 17—21 год). Спелы У. падзяляецца на 2 перыяды: 1-ы характарызуецца спыненнем росту цела, адноснай устойлівасцю і росквітам функцый арганізма (жанчыны 20—35, мужчыны 21—35 гадоў), 2-і — перабудовай нейраэндакрыннай рэгуляцыі, зменай фізіял. функцый і з’яўленнем першых клінічных праяўленняў захворванняў (жанчыны 35—55, мужчыны 35—60 гадоў). Пажылы У. характарызуецца паскарэннем старэння і з’яўленнем хвароб, уласцівых гэтаму У., — атэрасклероз, гіпертанічная хвароба, анкалагічныя захворванні і інш. (55—60 да 75 гадоў). Старэчы У. характарызуецца паскарэннем інвалюцыі арганізма, зніжэннем адаптыўных магчымасцей, большай імавернасцю смерці (пасля 75 гадоў, болей за 90 — доўгажыхар). Храналагічны (пашпартны) У. чалавека мае дакладныя межы міжузроставага інтэрвалу, які вымяраецца ў гадах, месяцах, тыднях і інш., і адлюстроўвае канкрэтныя вынікі і стадыі сац.-псіх. развіцця асобы.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
А.С.Леанцюк.
т. 16, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)