косць, ‑і; Р мн. касцей; ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека. Галёначная косць. Лакцявая косць. Грудная косць.

2. толькі мн. (ко́сці, касцей). Астанкі, прах, цела нябожчыка. Па выгане, як на пагосце, жанчыны ў той вечар рыдалі: — А хто ж прывязе нашы косці, зямелька, з нязнанае далі... Вялюгін.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія скарыстоўваюцца для дробных вырабаў. Слановая косць. Разьба па косці.

4. толькі мн. (ко́сці, касцей). Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні (з выразанымі на іх ачкамі, лічбамі і пад.). Гульня ў косці.

5. якая. Уст. Пра сацыяльнае паходжанне, пра класавую прыналежнасць. Дваранская косць.

•••

Адны косці — пра вельмі худога чалавека.

Белая косць (уст.) — пра людзей знатнага, дваранскага паходжання.

Да касцей — вельмі моцна, зусім, наскрозь (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Да мозгу касцей гл. мозг.

Даць у косці гл. даць.

Злажыць косці гл. злажыць.

(І) касцей не сабраць гл. сабраць.

Косці парыць гл. парыць.

Косць ад косці — пра каго‑, што‑н., цесна звязанае з чым‑н.; пра ідэйную блізкасць.

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Легчы касцьмі гл. легчы.

На касцях — цаной вялікіх ахвяр (дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н.).

Пералічыць косці гл. пералічыць.

Перажываць косці гл. перамываць.

Скура ды косці гл. скура.

Уесціся ў косці гл. уесціся.

Чорная косць (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Шырокая косць; шырокі ў косці — пра шыракаплечага, каранастага чалавека.

Язык без касцей гл. язык.

Як без касцей — пра чалавека са спрытным, гібкім целам.

Як косць у горле — пра таго (тое), што вельмі перашкаджае, дакучае каму‑н., даймае каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку паступальнага руху; проціл. назад. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў. Лынькоў. Машыніст насунуў рэгулятар уперад. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак.

2. прысл. У напрамку далейшага развіцця, у будучыню. Блок камуністаў і беспартыйных .. увасабляе непарушнае яднанне Камуністычнай партыі, Савецкага ўрада і шырокіх народных мае, што з’яўляецца зарукай усіх нашых поспехаў, нашага пераможнага руху ўперад да камунізма. «Звязда». Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Мележ.

3. прысл. Спярша, спачатку, раней. Уперад падумай, а потым гавары. □ Марыля абкружвала .. [руку] хусцінкай, уперад ад болю, а потым ад сораму. Брыль. Мне і ўперад, вядома, хацелася есці, але я не адчуваў так моцна голаду, не адчуваў так той хваравітай прагі да яды, якая цяпер не давала супакою. С. Александровіч. // Раней за каго‑, што‑н. А Сямён яшчэ ўперад за мяне ўправіўся са сваім [гітлераўцам]. Шуцько. // Некалі, калісьці; даўней. [Дзед:] — Я — быў дуж! Бывала, на ўсім сяле са мною ніхто не мог паборацца. У лесе шулы — адзін клаў .. — Уперад, кажуць, усе людзі былі дужыя, — пагаджаюся я. Скрыган.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну. Максім падзякаваў і папрасіў узяць грошы, колькі належыць, за месяц уперад. Машара.

5. прыназ. з Р. Перад кім‑, чым‑н., раней за каго‑н. [Матрос:] — Ды не лезь ты [Сцёпка] ўперад бацькі ў пекла... Хомчанка.

6. у знач. выкл. Ужываецца ў якасці загаду рухацца ў напрамку перад сабой. — За ўладу Саветаў, уперад! — пачулася каманда. Гурскі.

•••

Крок уперад — тое, што і крок наперад (гл. крок).

Ні ўзад ні ўперад гл. узад.

Узад і ўперад; узад-уперад гл. узад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́йны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Здольны востра чуць, тонка адчуваць (органамі пачуццяў або пра органы пачуццяў, звычайна слыху). [Тарасюк:] — Хто сёння пільнуе? [Адам:] — Марынчук. — Ну, то спакойна кладзіся спаць. У старога вока добрае і вуха чуйнае... С. Александровіч. Чуйныя ноздры [доза] раздражн[яе] церпкі пах конскага поту. Самуйлёнак. Самы нязначны рух можа спалохаць чуйных самак, якія ідуць з аленем. В. Вольскі. // Які хутка адказвае на ўздзеянне, лёгка адгукаецца. Не варухнуць зялёным пер’ем пад чуйнай вудай трыснягі. Вялюгін. Вось барада моцна прыцялася да верхняе дэкі, левае вуха насцярожана стаілася ля чуйнага задняга грыфа, галоўка скрыпкі апусцілася на калена, і смычок пачынае паволі паўзці па струнах. Карамазаў.

2. да чаго і без дап. Які асабліва востра адчувае, перажывае, рэагуе. У каравулцы па-ранейшаму было цёмна, але, чуйны да часу, старшына згадваў, што хутка ранак. Быкаў. За ўсе разы гора сваё выплакала тады Стэфа. Пасля ўжо не плакала так, не кідалася — маўклівага дакору Язэпавага баялася. Чуйная яна ў яго, уважная надта... Хадановіч. Я ледзь не чырванеў ад .. [Сушкевічавых] слоў — гэтак яны ўзрушылі маё чуйнае да пахвалы сэрца. Радкевіч. // Насцярожаны, асабліва ўважлівы. [Ганна] бразнула клямкаю, выскачыла на двор і, чуйная, пільная, з такім адчуваннем, быццам за ёй сочаць, пайшла на вуліцу. Мележ.

3. Які лёгка перарываецца; неглыбокі. Нарэшце мяне ахапіла дрымота, але я не заснуў, а ўпаў у нейкае чуйнае забыццё. Гаўрылкін. Люблю цыбатых возікаў чародкі, Бабулек па-над імі чуйны сон. Лойка. // Які лёгка нарушаецца самымі нязначнымі гукамі, шорахамі (пра цішыню). А паслухайце, якая чуйная, поўная цудоўнай гаючай сілы цішыня пануе гэтай парой у полі. Краўчанка.

4. Які чуецца, адчуваецца. Ледзь чуйны ветрык прагульваўся па вершалінах дрэў і зноў сціхаў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш. Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.

На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл. Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж. геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц. нар. адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц. нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац. АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Літ.:

Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;

Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;

Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.​Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.​Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.​Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.

т. 11, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

wear

[wer]

1.

v.t. wore, worn, wearing

1) насі́ць

She often wears that blue dress — Яна́ ча́ста но́сіць гэ́тую блакі́тную суке́нку

to wear a beard — насі́ць бараду́

2) зно́шваць

These shoes are badly worn — Гэ́тыя чараві́кі мо́цна зно́шаныя

All that walking wore a hole in my shoe — Ад усяе́ гэ́тае хадзьбы́ пратапта́ліся мае́ чараві́кі

3) выму́чваць; змо́рваць; зьнясі́льваць

She was worn with toil and care — Яна́ была́ змо́раная цяжко́й пра́цай і турбо́тамі

2.

v.i.

1) насі́цца, зно́швацца

This coat has worn well — Гэ́тае паліто́ насі́лася до́бра

His coat has worn to shreds — Яго́нае паліто́ знасі́лася да ні́ткі

2) Figur. трыва́ць

a friendship that did not wear — сябро́ўства, яко́е ня вы́трывала

3) Figur. міна́ць, цягну́цца (пра час)

it became hotter as the day wore on — Ця́гам дня рабі́лася гарачэ́й

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Тараба́ніць 1 ’моцна стукаць, утвараючы шум, грукат’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’аднастайна грукаць, стукаць’, ’валачы, цягнуць, везці з грукатам’ (Янк. 2), ’балбатаць’ (Шатал.), ’бразгаць; балабоніць’ (Ян.), тараба́ніць языком ’па-пустому, многа і гучна гаварыць’ (Янк. 2), тараба́ніць, тороба́ніць ’тарахцець, барабаніць; балбатаць’ (Мат. Гом.), тыріба́ніць ’тарабаніць, тараторыць, крычаць, шумець’ (Бяльк.), тараба́ніті ’барабаніць’ (Вруб.), тарабані́тэ ’тс’ (драг., Нар. словатв.), тараба́ніць, тарабо́ніць, торобе́ніць ’барабаніць, бразгатаць’ (пра дождж, стук і г. д.)’, ’тараторыць, балбатаць, малоць языком’ (ТС), тараба́нькаць ’тарахцець, стукаць; гаварыць безупынна’ (ТС). Укр. тараба́нити ’грукатаць’, дыял. ’балакаць’, рус. тараба́нить ’грукаць; барабаніць’, польск. дыял. tarabanić ’тс’. Ад тараба́н ’барабан’ (гл. тарабан 2), значэнне ’балбатаць’ пераноснае (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Параўн. структурна аналагічнае талаба́ніць ’балбатаць’, гл. талабоніць.

Тараба́ніць 2 ’несці цяжкае, вялікае, грузнае’ (ТСБМ, Мілк., Мат. Гом.), ’несці на плячах’ (Яўс.), тараба́ніць (търъба́ніць) ’несці цяжкі груз’ (мёрск., Нар. лекс.), ’цягнуць, валачы’ (Ласт.; петрык., Яшк. Мясц.; мядз., Сл. ПЗБ), ’цягнуць з шумам і грукатам’ (Варл.), тарамба́ніць ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Укр. тараба́нити ’везці або несці нешта важкае і вялікае’, тараба́нитися ’ісці або ехаць далёка; ехаць марудна, з цяжкасцю’, рус. дыял. тараба́нить, тарба́нить ’цягнуць, валачы’, польск. дыял. tarabaniać się ’з цяжкасцю ісці, рухацца; увальвацца, караскацца’, каш. torbańic są ’караскацца; кешкацца, марудзіць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabotit se ’пра цяжкую язду воза’. Апошнія словы Махае (636) выводзіць з чэш. těpiti ’несці’, těpati ’насіць’, роднасных лат. stiept ’з цяжкасцю несці, валачы’, ’з цяжкасцю або паспешліва бегчы’, ’намагацца, высільвацца’ і літ. stiẽpti, stiẽbti ’цягнуць уверх’, укр. тепо́рити ’з цяжкасцю цягнуць’, ускладненых “інтэнсіўнымі” суфіксамі, што не пераконвае. Спробы вывесці з літ. tarabénti ’цягнуць, валачы’, tarabénti ’несці, валачы’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 95) сустракаюць сур’ёзныя пярэчанні (Лаўчутэ, Балтизмы, 149). Няясна. Дапускаюць афіксальнае ўтварэнне ад укр. дыял. тере́бити ’цягнуць; несці што-небудзь цяжкае’ (гл. церабіць), притере́бити ’даставіць, прынесці’ (ЕСУМ, 5, 517), што не пераконвае; або параўноўваюць з рус. дыял. та́рабіць ’цягнуць’ (Фасмер, 4, 20). Кашубскае слова лічаць экспрэсіўнай трансфармацыяй tarmolëc są ’ўвальвацца (пра няпрошанага госця)’ пад уплывам torba (гл. торба), у пераносным значэнні ’дурань, няздара, недарэка’ (SEK, 5, 156). Больш верагоднае развіццё семантыкі ад тараба́ніць 1 ’грукатаць’ да ’цягнуць з грукатам што-небудзь цяжкае’ або ўтварэнне ад тарна́біць ’валачыць, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (гл.) з перастаноўкай зычных у сярэдзіне слова і характэрнай для экспрэсіўных слоў сінкопай (пропускам галоснага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)