пакамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Скамячыць, памяць. Пакамячыць бялізну. □ Мяжэнны, скінуўшы з сябе коўдру, пайшоў да шафы, каб адразу прыфранціцца, але счакаў: пакуль ехаць, .. касцюм можна пакамячыць. Гроднеў.
2. Камячыць некаторы час. Кінуўшы паламаны аловак на карту, выйшаў з-за стала Грай, адкашляўся, пакамячыў у пальцах недакурак, сплюнуў у кут. Мікуліч.
3. Абл. Сціснуць (пра кулакі). А дзядзька кулакі пакамячыў, і так туга, туга пакамячыў іх, ды падступіўся да мяне. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Пацярпець. Заплакаў Дзяніска. — Я хачу есці. Ідзем дамоў. — Патрывай, Дзяніска, хвіліначку, патрывай, мой маленькі... Скора прыдзем да партызан, і яны ўсяго-ўсяго табе дадуць. Шамякін. — Галоўку напячэ, балець будзе, — вядзе сваё бабуля. — Нічога, патрываю, — адказвае ўнук. Юрэвіч.
2. Пратрымацца нейкі час. Падыходзіць чарга гаварыць мне. Маўчанне, якое патрывала нейкіх пяць-дзесяць хвілін, разрываецца дзедавай трубою: — Ды ты ж тое самае гаворыш, што і нашы. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.
2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.
3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераапрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Зняўшы адно, апрануць што‑н. іншае. Міхась паставіў машыну ў гараж, памыўся, пераапрануў касцюм і накіраваўся да будынка, у якім Зося займалася на вячэрніх курсах. Кавалёў. // каго. Апрануць у іншую вопратку. Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Дануся, каб пераапрануць яе ва ўсё вайсковае ды павесіць на яе аўтамат. Карпюк.
2. кім або ў каго. Апрануць каго‑н. з мэтай маскіроўкі. Пераапрануць у клоуна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.
2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасця́к, ‑а, м.
Разм. Прастадушны, бясхітрасны і недалёкі чалавек. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абыйсці цябе цішком... Валасевіч. Галаўня паступова мяняў думку наконт Сцяпана. «Ён не які-небудзь прасцяк. Бач якімі доказамі шпурляе». Гроднеў. Аўтару вадэвіляў і гумарыстычных апавяданняў, Міхасю Чароту былі зразумелыя пажаданні Міровіча, тым больш, што і ў «Хатцы», і ў Галубка ён сам іграў на сцэне вясёлых прасцякоў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́зба, ‑ы, ж.
Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разахво́ціцца, ‑ахвочуся, ‑ахвоцішся, ‑ахвоціцца; зак.
Разм.
1. Пачаць адчуваць мацнейшую ахвоту, жаданне рабіць што‑н. [Хлопцы] паставілі кошыкі, а самі збіралі ягады і поўнымі жменямі кідалі ў рот.. І так разахвоціліся, што і на час забыліся. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара і ўсю наступную ноч. Кірэенка.
2. Страціць ахвоту, жаданне рабіць што‑н. Распутаў [каня Алесь], .. хацеў ўскочыць... Але нешта разахвоціўся — павёў, трымаючы за аброць. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Падрыхтаваць глебу для пасеву, пасадкі, старанна апрацаваць. Дзед, каб атрымаць большы надзел, пераехаў на зарослыя хмызнякамі дзірваны ды пасекі, якія думаў з часам распрацаваць. Танк.
2. Стварыць што‑н. на аснове абагульнення пэўных звестак, вопыту, вывучэння і пад. Лёня паклікаў сяброў убок і распрацаваў план дзеянняў. Ваданосаў. // Усебакова вывучыць, даследаваць; апісаць; выпрацаваць. Распрацаваць тэрміналогію. □ За нейкіх дзесяць месяцаў Шчакаціхін распрацаваў самастойны курс гісторыі беларускага мастацтва. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассеяць.
2. у знач. прым. Раскіданы на вялікай прасторы. Рассеянае насельніцтва. □ Збіраліся салдаты з рассеяных часцей. Чорны.
3. у знач. прым. Аслаблены ў выніку распаўсюджання ў розных напрамках. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
4. у знач. прым. Такі, у якога рассейваецца ўвага; няўважлівы. — Са мной гэта часта здараецца, ды — нічога, я чуў, што і прафесары бываюць рассеяныя. «Полымя». // Які выказвае няўважлівасць. Рассеяны погляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)