ДЭ́ЙМЕК ((Dejmek) Казімеж) (н. 17.5.1924, г. Ковель, Украіна),

польскі акцёр і рэжысёр. У 1947 дэбютаваў як акцёр. У 1949—61 і 1975—79 дырэктар Новага т-ра (Лодзь), у 1962—68 — Нац. т-ра ў Варшаве. У 1969—71 працаваў за мяжой. У 1972—74 у Вялікім (Лодзь) і Драм. (Варшава) т-рах. З 1981 дырэктар Т-ра Польскага (Варшава). У 1993—95 міністр культуры і мастацтва Польшчы. Сярод пастановак: «Лазня» У.​Маякоўскага (1954, 1983, г. Эсен, Германія), «Жыццё Іосіфа» М.​Рэя (1958, 1965, 1985), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1965, 1967), «Намеснік» Р.​Гохута (1966), «Аперэтка» В.​Гамбровіча (1975), «Вызваленне» (1982) і «Вяселле» (1985, 1992) С.​Выспянскага, «Амбасада» (1988) і «Партрэт» (1990) С.​Мрожака. Ставіў оперныя спектаклі. Дзярж. прэмія Польшчы 1984.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз. стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял. Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),

1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).

2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.

т. 6, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),

бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.​Эрліхам і Ю.​Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),

пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).

Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл. Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРХАРО́ВІЧ (Франц Іосіфавіч) (28.5.1894, в. Заляддзе Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 11.10.1961),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Вучыўся ў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), скончыў курсы «Выстрал» (1941). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1921 камандзір асобнай роты, нач. штаба стралк. палка, нач. аддзялення ў штабе ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі і корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Украіны, Польшчы, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый. Вызначыўся ў 1945 на чале арміі ў баях за вызваленне Варшавы. Да 1951 у Сав. Арміі.

Ф.І.Перхаровіч.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ ((Pérez Esquivel) Адольфа Марыя) (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),

князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг. каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы ім Дзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Свабо́да ‘асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць прыгнёту’ (ТСБМ), ‘св межаванняў’ (ваўк., Сл. ПЗБ), свобо́да ‘воля, вызваленне ад прыгону’ (ТС), сюды ж свабо́дная ‘нецяжарная’ (Ян.). Укр., рус. свобо́да ‘тс’, ст.-рус. свобода ‘незалежнасць’, ‘пасёлак, слабада’, польск., в.-луж., н.-луж. swoboda, чэш. svoboda, дыял. sloboda ‘вольнасць; халасцяцкі стан або дзявоцтва’, серб.-харв. свобо́да ‘вольнасць; мужнасць’, славен. svobóda, ‘воля, вольнасць; вызваленне’, балг. свобода́, макед. свобода ‘тс’, ст.-слав. свобода ’тс’. Прасл. *svoboda утворана ад асновы *svob‑, параўн. ст.-слав. свобьство ‘асоба’, якая працягвае і.-е. *su̯e‑bho‑, вытворнае ад займеннікавай асновы *su̯e‑ ‘свой’, з суфіксам зборнасці *‑oda і першасным значэннем ‘сукупнасць родзічаў, сваякоў’, г. зн. тых, якія жывуць сумесна. Сучаснае значэнне другаснае. Падрабязна гл. Трубачоў, История терм., 170. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 582–583; Шустар-Шэўц, 1392; БЕР, 6, 561. Махэк₂ (598, раней Зубаты, Studie, 2, 137) разглядае слова як *svo‑potъ ад ‘свой’ і *potъ ‘пан’, праеўрапейскага слова, што вельмі штучна. Сной₁ (625) *svoboda лічыць вытворным ад прасл. *svobodь ‘свабодны’ — на думку Трубачова (Фасмер, 3, 583), другаснага. Борысь (589) узнаўляе прасл. *svobodь і *svoboda ‘свабода, незалежнасць, вольнасць’ з рэдкімі суф. ‑odь/‑oda. Гэта дазваляе ўзнавіць прыметнік *svobъ ‘прыналежны да свайго племені, жывучы на сваёй зямлі, у сябе’ і назоўнік *svoba ‘стан сярод сваіх, вольнасць’ (Борысь, Czak. stud., 44). Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik (353–354), дзе польск. swoboda замест swieboda лічыцца багемізмам. Паводле Бугі (Rinkt. 2, 617), слова знаходзіцца ў такіх жа адносінах да ст.-рус. собь ‘усё сваё, маёмасць, дабро’ (гл. собскі), як лат. svãlbs ‘вольны’ да ст.-в.-ням. selb‑ ‘сам’ (< і.-е. *selbho‑). Гл. таксама слабода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)