ВЭ́ЙДЭН (Weyden) Рагір ван дэр

(каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),

нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў 13 ст. ў бас. р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г. Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.

Я.Г.Звяруга.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкі ун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.Скуміна, А.Храптовіча, потым служыў у М.К.Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра І перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956), «Аб дружбе» (1603).

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снадзь, сна́дзіва ‘інструмент’ (Стан.), сна́дзіцца ‘аснашчацца’, сюды ж (відаць, наватвор) аснада ‘забеспячэнне прыладамі, прыстасаваннямі’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верхняя частка’, серб.-ц.-слав. снадь ‘павярхоўны’. Прасл. *snadь ‘аплецены, спрадзены ці вытканы верхні слой, паверхня чаго-небудзь’, што ўяўляе архаічны дэрыват з суф. *‑dь без матывацыі на славянскай глебе, параўн. лат. snāt ‘злёгку скручваць, сплятаць’, snāte ‘ільняная покрыўка’, гл. Борысь у SEK, 4, 337. Сюды ж ст.-бел. снать (снатъ) ‘відавочна, напэўна, відаць’ (Ст.-бел. лексікон), аналагічна снадбы: а потрафило бы повстати людем против нас снадбы живо были нас пожерли (Псалтыр XVI ст.; Карскі 2-3, 495), што можна суаднесці з ст.-польск. snad, snadź ‘можа’ (што лічыцца няпэўным багемізмам, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325), сучасным польск. snadź ‘відавочна, напэўна, праўдападобна’, н.-луж. snaź ‘можа, можа быць, верагодна, магчыма’, в.-луж. snadż ‘тс’, чэш. snad, дыял. snaď ‘магчыма, хіба, пэўна’, славац. snáď ‘магчыма, відаць, верагодна’, каш. snod, snad ‘зараз, адразу’, што ўяўляюць акасцянелую форму назоўніка ў функцыі прыслоўя, значэнне якога развілося на базе семантыкі ‘павярхоўны’ (Борысь, там жа). Гл. таксама Фасмер, 3, 696; ЕСУМ, 5, 332. Гл. снасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяга́рка (пега́рка), мн. л. пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.), пыга́рка ’трохі падсмажаная ці падпечаная корка густой стравы або плеўка ў вадкай страве’ (драг., З нар. сл.), параўн. рус. калуж. пяга́рка з няясным значэннем. Відаць, ад пяга́ць ’пячы’: цэлы дзень пякотка пяга́е (жлоб., Мат. Гом.), дзе выступае варыянт кораня пяк‑ (гл. пекці, пячы) з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы; менш верагодна сувязь з пе́га ’пляма, рабацінне’, гл. пе́гаркі, пе́гі, або як вынік “спешчанага” (дзіцячага) вымаўлення прыстаўкі пры‑, параўн. піга́рка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рату́нак ’ратаванне, дапамога’ (ТСБМ, Бяльк.), рату́нок, ре̂ту́нок ’дапамога ў бядзе’ (Нас., ТС), ряту́нак ’тс’ (шум., рас., Сл. ПЗБ), ’плач’ (?) (Жд. 2). Ст.-бел. ратунак, рятунок, ретунок (1514 г.; Булыка, Лекс. запазыч., 41), што з ням. Rettung ’тс’ праз ст.-польск., параўн. польск. ratunek ’тс’. Фанетычная і марфалагічная адаптацыя, у тым ліку элемента ‑ung (ж. р.) > ‑ек/‑ок/‑ак (м. р.), верагодна, праз стадыю *retunk, як адзначае Брукнер (454), з далейшым развіццём галоснага паміж збегам зычных. Гл. ратаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіна́рка1 ‘сівец, Nardus L.’ (Сл. ПЗБ, Шатал.). Відавочна, ад свін‑ (гл. свіны); назва магла быць дадзена за малаўжывальнасць травы; параўн. яе назвы ў іншых славянскіх мовах: укр. псянка, польск. psiarka, славац. psica < *pьsъ ‘сабака’ (Махэк, Jména, 293) або, што болей верагодна, з-за падабенства да свіной шчаціны, параўн. укр. свинниця, рус. щети́нница ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 191).

Свіна́рка2 ‘грыб капытнік, Paxillus involutus Fr., Paxillus atrotomentosus Fr.’ (Сярж.–Яшк., Пятк. 1), свінарэ́йка ‘тс’ (ПСл). Гл. свінуха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАДЗЮ́КАВЫЯ

(Viperidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧА

(ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),

народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)