БОП ((Bopp) Франц) (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),
нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальна-гіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы са стараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ ((Borchert) Вольфганг) (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтарзб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЦАЎ (Якуб) (Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),
рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр.Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла
(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма I Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма I Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.
А.Дз.Шапашнікава.
А.Бранзіна. Партрэт Лукрэцыі Панчатыкі. Каля 1540.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́СТА (Acosta),
да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК (Сцяпан Іванавіч) (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),
украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед.ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтаркн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЛУ́ЕВЫ,
сям’я рас. рэвалюцыянераў і сав.паліт. дзеячаў. Сяргей Якаўлевіч (25.9.1866, с. Рамані Новахапёрскага р-на Варонежскай вобл. — 27.7.1945), адзін з першых рас. сацыял-дэмакратаў (з 1896) і актывістаў камуніст. партыі. Ўдзельнік трох рас. рэвалюцый. У гады грамадз. вайны на падп. рабоце на Украіне і ў Крыме. З 1921 на кіруючых гасп. пасадах. Надзея Сяргееўна (вер. 1901, Баку — 9.11.1932), удзельніца Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Дачка Сяргея Якаўлевіча. Жонка І.В.Сталіна. Не падзяляла многіх поглядаў мужа. Наконт яе смерці (самагубства) існуюць розныя версіі. Дачка Сталіна і Надзеі Сяргееўны Святлана Іосіфаўна (н. 28.2.1926, Масква) з 1967 у эміграцыі, жыве ў Англіі. Аўтар успамінаў «Дваццаць пісьмаў да сябра» (1990), «Далёкая музыка» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́ЎНІКАЎ (Ігар Уладзіміравіч) (н. 5.11.1954, Мінск),
бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, В.А.Моцарта, С.Рахманінава, бел. кампазітараў Г.Вагнера, Л.Абеліёвіча, Картэса і інш.Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел.фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬМКВІСТ ((Almquist) Карл Юнас Лове) (28.11.1793, Стакгольм — 26.9.1866),
шведскі пісьменнік. Скончыў Упсальскі ун-т (1815). У 1851—65 у эміграцыі ў ЗША Літ. дзейнасць пачаў як рамантык. У эпіка-драм. паэме «Амарына» (1822) паказаў распад паўфеад. грамадства. Рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці пераважае ў творах, сабраных пад назвай «Кніга шыпшыны» (т. 1—14, 1832—51). Аўтар раманаў «Паляўнічы замак» (1832), «Капліца», «Палац», «Шэльнурскі млын» (усе 1838), «Можна» (1839), «Габрыэль Мімансо» (1841—42), «Тры пані Смолана» (1842—43; не пазбаўлены рэліг. містыцызму); зб. вершаў «Песні» (1849). Пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму напісаны «Асновы еўрапейскай незадаволенасці» (1838), «Паэзія і палітыка» (1839).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЦІ ((Onetti) Хуан Карлас) (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).