КАРПО́ВІЧ (Алесь) (1908, Гродзенская вобл. — 27.11.1992),

бел. кампазітар, музыкант, музыказнавец. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), выкладаў у Бел. кансерваторыі (1937—41). У Вял. Айч. вайну друкаваў артыкулы па гісторыі бел. музыкі ў «Беларускай газэце». З 1944 у Германіі, друкаваўся ў бел. эмігранцкіх выданнях. Аўтар навук. працы «Імпрэсіянізм у музыцы» (1932—37), манаграфій пра творчасць бел. кампазітараў А.​Багатырова, М.​Аладава, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, П.​Падкавырава, М.Равенскага і інш. Асн. муз. творы: музыка да балета «Саламея» (1932—37), рамансы на вершы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Н.​Арсенневай, Л.​Геніюш, М.​Сяднёва, М.​Кавыля і інш., струнныя квартэты, санатнае алегра (1932—37), п’еса для фп., апрацоўкі бел. нар. песень (1937—41), прэлюдыі, тарантэла (1941—44), вальс (1945—52).

С.​Б.​Сачанка.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)