Ганта́ль ’ганталь’ (БРС, Сцяшк. МГ, Шат.). Укр. гонта́ль ’тс’, рус. дыял. (на тэрыторыі Літвы) го́нталь. Знешне падобнае на ўтварэнне ад гонт (гл.), суф. ‑аль. Але вельмі падазронае падабенства з фармацыямі тыпу ўкр. бретна́ль ’цвік для дошак’, гухна́ль ’цвік для падковы’, польск. hufnal і г. д., якія запазычаны з ням. Brettnagel, Hufnagel і дзе другая частка ням. складаных слоў (Nagel) прадстаўлена як ‑nal. Калі прыняць, што гонт некаторыя этымолагі выводзяць з ням. gant (дыял.), то можна лічыць, што магло існаваць і ням. (дыял.) gantnagel, з якога магло атрымацца (дысіміляцыя або выпадзенне аднаго з двух n — n) або *гонталь, або *готналь. Атрымалася першае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гардзі́на 1 (БРС). Рус. гарди́на ’тс’, укр. гарди́на. Запазычанне з ням. Gardine ’тс’ (франц. courtine). Гл. Фасмер, 1, 393. Шанскі (1, Г, 29) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова (у форме гордина) было ўжо ў Пятроўскую эпоху і вядома, прынамсі, з 1709 г. Можна меркаваць, што бел. слова (як і ўкр.) запазычана непасрэдна з рус. мовы.
Гардзі́на 2 ’карціна, малюнак’ (Бяльк.). Азванчэннем зычных к і ц узнікла з карціна; пры гэтым, магчыма, пэўны ўплыў мела, здаецца, і асацыяцыя са словам тыпу рус. гарди́на (асацыяцыя, так сказаць, «па функцыі» або лепш «па месцу»: тое, што вісіць на сцяне).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гла́баць ’забіраць, грабіць’ (Нас.), глабаць ’мацаць’ (Сцяц. Словаўтв.). Форма з чаргаваннем вакалізму да слав. *globiti (з рознымі значэннямі; параўн. балг. сглобя́ ’збіраць, змацоўваць’, серб.-харв. згло̀бити ’тс’, польск. głobić, чэш. hlobiti і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 291. Форма *glabati вядома ў некаторых слав. мовах. Параўн. і польск. głabać, głabnąć (у Брукнера, 143: пад głobić) ’схапіць, заграбаць’. Можна ставіць пытанне, ці не запазычана гла́баць у бел. мове проста з польск. głabać ’тс’. Аб гэтым можа сведчыць выбухное ґ у ґлабаць ’мацаць’, засведчанае ў Сцяц. Словаўтв. Да славянскіх магчымых сувязей параўн. Трубачоў, Эт. сл., 6, 131–134 (пад *globa, *globati, *globiti).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даі́ць ’даіць’. Рус. дои́ть, укр. доїти, чэш. dojiti, славац. dojiť, польск. doić, в.-луж. dejić, dojić, н.-луж. dojś, балг. доя́, серб.-харв. до̀јити, ст.-слав. доити. Прасл. *dojiti (sę). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 53–54. Лічыцца каузатывам на ‑iti ад *děti, якое не захавалася, але існаванне якога можна вывесці з аддзеяслоўных вытворных *dětę, *děva. У аснове ляжыць і.-е. *dhē̆(i̯)‑ ’ссаць, карміць грудзьмі’. Роднасныя формы: ст.-інд. dháyati ’ссаць’, лат. dêt ’тс’, гоц. daddjan ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 205–206; Траўтман, 51; Фасмер, 1, 522; падрабязна Трубачоў, там жа. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 152.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карча́га 1 ’пень, вывернуты з карэннем, корч’ (ТСБМ), да корч з прадуктыўным ва ўсходнеславянскіх мовах суфіксам ‑ага (SP, 1, 64).
Карча́га 2 ’амфара, гляк’ (ТСБМ) ’плецены сасуд з саломы, які мае форму караткашыйнага графіна’ (Касп., Нік. Очерки), укр. корчага ’сасуд з вузкім горлам’, рус. корчага, ст.-рус. кърчага, ст.-слав. кърчагъ, чэш. křčah, балг. кърчаг, серб.-харв. кр̀чаг. Прасл. kъrčaga можна тлумачыць як вытворную ад kъrkъ ’шыя’ і суфікса (j)aga‑ ’сасуд, які мае горла’ (параўн. назву сасуда гарлач) (Трубачоў, ЭИРЯ, 2, 1962, 39). Гэта версія мае яўныя перавагі перад версіяй аб цюрскім паходжанні слова (тур. korčak ’кішка, мех, бурдзюк’) (Фасмер, 2, 341).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касе́ц ’касец’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк., Бяльк.). Рус. косе́ц ’тс’, укр. дыял. коси́ць ’тс’, чэш. дыял. kosec ’касец’, ’жнец’, славац. kosec (такая ж форма сустракаецца ў дыялектах славац. мовы), польск. дыял. kosiec. Параўн. далей серб.-харв. ко̀сац ’касец, жнец’, славен. kósec ’касец’. Прасл. форма *kosьcь ’касец’, ’жнец’; утворана ад прасл. дзеяслова *kositi ’касіць, жаць’ пры дапамозе суф. *‑ьcь, які ўтвараў у прасл. мове nomina agentis. Фармацыі гэтага тыпу, як можна бачыць з агляду матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 11, 181, адсутнічаюць у некаторых слав. мовах (у прыватнасці, балг., в.-луж.), што яшчэ раз сведчыць аб дыялектным характары прасл. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́сцерка ’мяшок’ (Касп.). Тлумачэнне знаходзім у Даля: «Костерь ж. или костеря, костра, кострика, кострица, кострыга, костыга, костка, костица ж. Правильнее кастеря, кастрика «жесткая кора растений, годных для пряжи льна, конопли». Можна меркаваць, што касцерка ’мяшок’ — гэта ўтварэннесуфіксам -к(а) ад. бел. кастра ’кастрыца’, дзе суфікс выступае ў ролі ўтвараючага nomina attributiva і дзе нібы «аднаўляецца» ніколі тут не існаваўшы «ь». Гл. аб слове прасл. *kostra ў Трубамова, Эт. сл., 11, 158–160 (тут і аб складанасці рэканструкцыі). Першапачатковая семантыка слова — капцёрка «мяшок з канапель або льну — раслін, што даюць шмат кастры» (або «мяшок, зроблены з ільну або канапель, у якіх захавалася шмат кастры»).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцярня́ ’месца, дзе сабраны людскія косці’ (Нас.). Пад праформай *kosterъ Трубачоў (Эт. сл., 11, 154) разглядае формы з розных слав. моў: балг. дыял. костер ’крывы вінаградарскі нож’, макед. коштерица ’від змяі’, серб.-харв. кбстер ’від асятра’, польск. дыял. kościer ’пустазелле Bromus secalinus’, ст.-рус. костеръ ’грубае тоўстае сцябло некаторых раслін’, рус. костерь ’пустазелле’. У лік бел. форм трапіла вытворнае і зафіксаванае толькі ў Нас. косцерня (аб яго значэнні гл. вышэй). Такім чынам, можна меркаваць (відавочна, услед за Трубачовым), што гэта бел. слова з’яўляецца вельмі каштоўным рэліктам, хоць і ў вытворнай форме старога прасл. *kosterъ. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 347–348.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)