чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пэўная доля чаго‑н. цэлага. Пятрок разрэзаў пасак на дзве часткі: сабе ўзяў большую. □ Віцю даў меншую. Паўлаў. Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася і абвалілася частка берага. Маўр. // Участак якой‑н. плошчы. Сядзіба з будынкамі МТС знаходзілася на ўскраіне раённага цэнтра, у той яго частцы, куды ўшчыльную падступаў густы малады бор. Якімовіч. Гутарка ішла пра панскі луг, частку якога Вільчыцкі штогод прадаваў «на скос». Брыль. // Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н., вылучаная з агульнага складу ці колькасці. Значная частка партызан разышлася па дарогах дзеля таго, каб у атрадзе было вядома ўсё, што робіцца на тэрыторыі раёна. Чорны. Ліст пажоўк на бярозах. Частка яго ляжала на зямлі. Ермаловіч. // Доля, якая каму‑н. належыць; пай. [Уладзік:] — А кабылу я ўсё-такі вазьму. Няхай будзе гэта з тае часткі, якая мне з гаспадаркі належыць. Крапіва.

2. Састаўны кампанент, элемент цэлага. Праблема героя рамана з’яўляецца часткай агульнай праблемы станоўчага героя савецкай літаратуры. Дзюбайла. // Прадмет, які ўваходзіць у сістэму якога‑н. адзінства; састаўны элемент якога‑н. арганізма, машыны і пад. Часткі прыёмніка. Запасныя часткі. Часткі цела. □ Сама ж кантора з’яўлялася часткай мураванага свірна з прасторным ацэментаваным падвалам. Колас. Пярэдняя частка.. моцнага тулава [зубра] цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі. // Раздзел, галіна і пад., якая характарызуе каго‑, што‑н. у якіх‑н. адносінах, з якога‑н. боку. У сваёй літаратурнай частцы.. [газета] па сутнасці прапагандавала эстэтычныя ідэі класічнай рускай літаратуры, мастацкія прынцыпы крытычнага рэалізму і народнасці. Ларчанка. Нарэшце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі. С. Александровіч.

3. Раздзел літаратурнага, музычнага твора. У 1954 г. Я. Колас надрукаваў апошнюю частку свайго рамана «На ростанях». Шкраба.

4. Аддзел якой‑н. установы, асобная галіна кіравання. Навучальная частка. □ Цётка Палашка ў штабной зямлянцы вяла рашучую атаку на Лявона Маркавіча, пад загадам якога знаходзілася гаспадарчая частка лагера. Лынькоў.

•••

Казённая частка — частка агнястрэльнай зброі, з якой яна зараджаецца.

Частка свету — адна з краін свету (Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Антарктыда).

Ірвацца на часткі — імкнуцца выконваць адразу мноства розных спраў, даручэнняў, абавязкаў. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Чорны.

Ірваць на часткі гл. ірваць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́ць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; пр. падняў, ‑няла, ‑няло; заг. паднімі і падымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. [Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу. Чорны.

2. Змагчы ўтрымаць каго‑, што‑н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. □ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі. Колас. // перан. Асіліць, справіцца з чым‑н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік. Васілёнак.

3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць. Чорны. Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік. Арабей. // Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Падняць заслону сцэны. // Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк. Чарнышэвіч.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Падняць капот аўтамашыны. □ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай. Кандрусевіч. // Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей. Якімовіч. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Паслядовіч. Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно. Арабей.

5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць. Гурскі. [Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат. Чорны. // Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце. Ракітны. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца. Ваданосаў. // Прымусіць узняцца. Падняць пыл. // перан. Натхняючы, схіліць да якога‑н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу... Шамякін. [Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі. Паўлаў.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. □ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца. Лынькоў. Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу. Новікаў. // Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы. Скрыган.

7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады. // перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю. Савіцкі. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца. Колас. — Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць. Брыль.

8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас.

9. Наладзіць, палепшыць што‑н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. □ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце. Жычка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць. Нікановіч.

11. перан. Разм. Перагледзець, шукаючы чаго‑н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць». Ермаловіч.

•••

Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго‑, што‑н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі. Адамчык.

Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Чорны.

Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.

Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго‑н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын... Кляшторны.

Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было. Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў. Вышынскі.

Падняць на смех каго-што — высмеяць каго‑, што‑н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех. Асіпенка.

Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.

Падняць (узняць) руку на каго-што — зрабіць замах на каго‑, што‑н.

Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што‑н., у імя чаго‑н.

Як падняць — пра што‑н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. набярыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата. Мурашка. Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку. Ермаловіч. // Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму. Пестрак. // Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці. Кулакоўскі.

3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Маўр. Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў. Пальчэўскі. [Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца. Сіўцоў. Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед. Колас.

4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў. Дамашэвіч.

5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. □ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай. Купала. Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Адамчык. // Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі. Васілеўская.

6. Пераняць, навучыцца чаму‑н. [Рыгор] многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Гартны.

7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. □ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі. Сабаленка. Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды. Пальчэўскі.

8. Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. □ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі. Чорны. // Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы. Даніленка.

9. Разм. (часта з адмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае... Лынькоў. [Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць». Чорны.

10. Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся. Пестрак.

•••

Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.

Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. папа́ў, ‑па́ла; заг. пападзі́; зак.

1. у каго-што. Трапіць у цэль, дасягнуць якой‑н. мэты, кінуўшы, накіраваўшы што‑н. куды‑н. [Даша:] — У яго ўсю сям’ю забілі. Бомба проста ў дом папала. Асіпенка. Костусь апускае ногі і стараецца папасці ў свае старыя сляды. Лужанін. // на каго-што. Апынуцца, аказацца на кім‑, чым.‑н. (аб пырсках, кроплях і пад.). Кроплі дажджу напалі на белыя лісткі. Бядуля.

2. Пранікнуць, прайсці ўнутр чаго‑н.; апынуцца дзе‑н. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. [Міколка] смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці. Лынькоў.

3. Знянацку, выпадкова наступіць на што‑н. або трапіць куды‑н.; зачапіць што‑н. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка. Мележ.

4. у што, на што, пад што. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (пераважна ў непрыемных). Папасці пад суд. □ Амаль усё нязгрэбенае сена папала пад дождж. Місько. Васіль рэзка ўзяў убок, каб у цемнаце не папасці, чаго добрага, пад машыну. Кулакоўскі. Землякі не далі нам прайсці нават да стала, яны абступілі нас з роспытамі.. Нам здавалася, што мы папалі на нейкае свята. Скрыган.

5. у што, на што. Быць прынятым, прызначаным на работу, вучобу і пад. МТС ліквідуюць, ясна. Частка трактароў адразу пойдзе ў калгасы.. Добра, каб удалося Пракопу папасці на трактар у свой родны калгас. Ермаловіч. [Андрэй Давыдавіч:] — Бацьку і матку.. [Міхаські] фашысты спалілі, ён нейкім цудам выратаваўся, усю вайну пражыў у лесе.. Затым ужо, пасля перамогі, папаў у дзіцячы дом. Кулакоўскі.

6. безас. каму-чаму. Разм. Пра спагнанні, непрыемнасці, якія атрымае або можа атрымаць хто‑н. [Леў Раманавіч:] — Эх ты, футбаліст. Перапэцкаўся ўвесь, як маленькі. Пападзе нам з табой ад маці. Асіпенка.

7. пр. час ніякага роду папа́ла. У спалучэнні з папярэднімі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі «дзе», «куды», «што» і пад. абазначае няпэўнасць, выпадковасць чаго‑н., напрыклад: дзе папала — абы-дзе, дзе прыйдзецца; як папала — абы-як, у беспарадку. Геаграфічныя карты віселі дзе папала і як папала. Колас. Кот Базыль .. еў што папала, не перабіраючы, хлеб — хлеб, бульба — бульба... Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Папасці (трапіць) на лаву падсудных — тое, што і сесці (трапіць) на лаву падсудных (гл. сесці).

Папасці (трапіць) пальцам у неба — сказаць што‑н. неўпапад, недарэчы.

Папасці ў (самую) кропку — а) трапіць у цэль пры стрэльбе; б) здагадацца сказаць або зрабіць іменна тое, што патрэбна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)