сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.
Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.
На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.
Існавала ў снеж. 1825 — вер. 1841. Створана памешчыкамі Віцебскай і Магілёўскай губ. з мэтай абагульняць вопыт і павышаць прадукцыйнасць прыгонніцкай працы ва ўмовах развіцця капіталіст. адносін у агр. сектары эканомікі. У яго акрамя памешчыкаў бел. губерняў уваходзіла некалькі чл.Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу разам з рус. эканамістам М.С.Мардвінавым. Прэзідэнтам т-ва лічыўся ген.-губернатар Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. М.М.Хаванскі. Т-ва імкнулася абагульняць дасягненні с.-г. навукі ў Расіі і за мяжой і выкарыстоўваць іх ва ўмовах Беларусі. У 1820-я г. ў набытым маёнтку Залучоссе (каля Віцебска) была арганізавана ўзорная гаспадарка. У 1841 т-ва выдала ў Пецярбургу 1 нумар час. «Летопись Белорусского общества сельского хозяйства», дзе змешчаны яго статут, артыкулы пра вінакурства на Беларусі, пра спробы безадвальнай апрацоўкі глебы і плуг для гэтай мэты, парады па арашэнні лугоў, лячэнні і засцярозе жывёлы ад паморку і інш.
Літ.:
Труды первого областного съезда сельских хозяев в гор. Двинске в 1903 г. Витебск, 1904;
Воробей Н.В. О Белорусском Вольном экономическом обществе: (Из истории экон. мысли в Белоруссии в первой половине XIX в.) // Сб. науч. работ Белорусского политехнического ин-та. Мн., 1958. Вып. 68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́Я́НКІ КУПА́ЛЫў Германіі.
Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч.г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Настаўнікі гімназіі ў Розенгайме. Сядзяць (злева направа): невядомая, А.Вініцкі, епіскап Васіль (Тамашчык), М.Равенскі, А.Савёнак, Л.Савёнак; стаяць: І.Муха, М.Кунцэвіч, А.Каханоўскі, В.Кажан. В.Кендыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БКА),
арганізацыя камуніст. кірунку на тэр. Мінскай і Гродзенскай губ. у 1920. Створана 1 студз. на аснове арг-цыі «Маладая Беларусь». У ЦК БКА уваходзілі У.М.Ігнатоўскі (старшыня), С.Г.Булат, І.П.Каранеўскі. Прызнаючы праграму і тактыку РКП(б), БКА дамагалася аднаўлення БССР, якая б будавала свае адносіны з РСФСР на федэратыўных асновах. Імкнулася праводзіць палітыку ў інтарэсах бел. народа, была як бы зародкам бел. нацыянал-бальшавізму. Яднала левыя элементы партыі бел. эсэраў сярод навучэнцаў, сельскага настаўніцтва, сялянства і накіроўвала іх у рэчышча барацьбы з польск. інтэрвентамі. Члены БКА садзейнічалі аб’яднанню партыз. атрадаў у Мінскую паўстанцкую арг-цыю. Пасля яе разгрому польск. дэфензівай у крас. 1920 ЦК БКА уключыў сваіх прадстаўнікоў у Бел. паўстанцкі к-т, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызанаў. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі партыз. Атрады ў Докшыцах, Маладзечне, Старых Дарогах, Ігумене, Слуцку, Барысаве, Дукоры, Лідзе, Ашмянах і інш. Пасля вызвалення Мінска ад польск. інтэрвентаў БКА уключылася ў работу па адраджэнні нац. дзяржаўнасці бел. народа, удзельнічала ў падпісанні Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР (31.7.1920). 20.8.1920 прынята ў склад КП(б)Б. У канцы 1920-х — 1930-я г. амаль усе б. члены БКА абвінавачаны ў правядзенні нац.-дэмакр. ідэалогіі і рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНКА,
рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).
Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.
частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.А.Махнач; 1971) як найб.стараж.ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр.Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.
Літ.:
Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч.г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.