СУ́ПРАСЛЬ (Supraśl),

горад на ПнУ Польшчы, у Падляскім ваяв., на р. Супрасль. Каля 5 тыс. ж. (2000). Прам-сць: дрэваапр., тэкст., керамічная. Турызм. Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Узнікненне С. звязана з перанясеннем у 1500 Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра з г. Гарадок у сярэдняе цячэнне р. Супрасль на месца будучага горада. У манастыры зберагалася каштоўная Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэка (з яе паходзяць Супрасльскі летапіс і інш. рукапісы, гл. Супрасльскі рукапіс). У манастыры была збудавана Супрасльская царква-крэпасць, у канцы 17 — пач. 19 ст. дзейнічала Супрасльская друкарня. З 16 ст. С. — мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. у складзе Прусіі, быў сядзібай уніяцкага мітрапаліта. Пасля Тыльзіцкага міру 1807 С. у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Беластоцкім пав. Беластоцкай вобл., з 1843 — Гродзенскай губ. У 1834 г. у С. адкрыта 1-я суконная мануфактура. У 1867—2800 ж., 450 дамоў, касцёл, евангелічная кірха, сінагога, 5 суконных ф-к. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. З 1919 у Беластоцкім ваяв. Польшчы. З вер. 1939 у БССР, гар. пасёлак у Беластоцкім пав., з 15.1.1940 у Беластоцкім р-не. З 20.9.1944 у складзе Польшчы.

т. 15, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)