ЧА́СЦІ АСО́БАГА НАЗНАЧЭ́ННЯ (ЧАН),
ваенныя атрады, якія ствараліся пры парт. арг-цыях для дапамогі сав. органам у барацьбе супраць контррэвалюцыі. Арганізацыя ЧАН адносіцца да пач. 1918, калі мясц. ўлады па сваёй ініцыятыве стваралі атрады з прыхільнікаў рэвалюцыі. Адна з форм мабілізацыі рэв. сіл для абароны сацыяліст. дзяржавы, уяўлялі сабой фарміраванні міліцэйскага тыпу. Вясной і летам 1918 ствараліся на неакупіраванай тэр. Беларусі (на У ад р. Дняпро) і дзейнічалі ў Аршанскім, Сенненскім, Гарадоцкім, Горацкім, Клімавіцкім, Чавускім і інш. паветах. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. войск (снеж. 1918 — пач. 1919) ЧАН сфарміравалі і ў інш. раёнах рэспублікі. Паводле «Інструкцыі па фарміраванні атрадаў асобага назначэння», выдадзенай ЦК РКП(б) 14.5.1919, атрады складаліся з аддзяленняў, узводаў, рот і батальёнаў. Акрамя ўдзелу ў баявых аперацыях супраць інтэрвентаў і ўнутр. контррэвалюцыі, ЧАН вялі барацьбу супраць бандытаў, дэзерціраў і інш. У ЧАН Зах. фронту на канец 1922 было 22,6 тыс. чал., у т. л. 1800 жанчын; камандуючыя А.І.Ягораў, са студз. 1922 М.М.Тухачэўскі. Найб. шматлікія ЧАН былі ў Мінску, Віцебску, Гомелі (1300—2000 байцоў), падраздзяленні ў Оршы, Магілёве (300—500), Слуцку, Бабруйску, Барысаве, Ігумене, Навагрудку, Полацку, Рагачове (150—200 байцоў). Камандуючыя ЧАН БССР: П.А.Агурэеў, Я.А.Адамовіч, М.Л.Шастакоў; Віцебскай губ. Э.Ф.Біге, Гомельскай губ. П.Ю.Пурвін, А.П.Ведзяняпін. У 1924 у сувязі з амаль паўсюднай ліквідацыяй паліт. бандытызму, узмацненнем Чырв. Арміі, стабілізацыяй міжнар. становішча дзейнасць ЧАН стала паступова згортвацца. Загадам Рэўваенсавета СССР ад 30.3.1924 пачалося іх расфарміраванне. ЧАН БССР расфарміраваны на працягу 25.6—1.7.1924.
Літ.:
Меринг Ф. Милиция и постоянное войско: Пер. с нем. М., 1923;
Прокопенко В.Н., Романов В.М. Советская милиция (1917—1920 гг.). М., 1965;
Хохлов А.Г. Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;
Мурашко П.Е. Особого назначения...: Из истории ЧОН Белоруссии, 1918—1924. Мн., 1979.
А.С.Жмуроўскі.
т. 17, с. 257