спадаро́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які ідзе або едзе разам з кім‑н., знаходзіцца разам у дарозе. За кінатэатрам Ніна Міхайлаўна сустрэла суседа. — Ну, цяпер у мяне ўжо ёсць спадарожнік да самага дома. Капусцін. У будзень .. спадарожнікаў не было і, вяртаючыся, Лёня стаяў у кузаве трохтонкі адзін. Брыль. Прахожыя азіраюцца на майго вельмі гаваркога спадарожніка і ўсміхаюцца. Каршукоў. // Той, хто разам з кім‑н. ідзе жыццёвай дарогай. А тыдзень назад .. [будаўнікі] не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя іх равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа і спадарожнікамі на ўсё жыццё. Грахоўскі. Прызнацца гэтаму чалавеку, які добра ведаў Юзіка, што яна [Люба] ўжо знайшла сабе новага спадарожніка, у яе не хапіла мужнасці. Васілевіч. // Тое, што пастаянна неабходна каму‑н. Кніга! Яна ўваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў маленстве і назаўсёды становіцца яго верным сябрам і надзейным спадарожнікам. Рунец.

2. Тое, што неразрыўна звязана з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. Баявая, бунтарская песня стала пастаянным спадарожнікам Ільіча. «ЛіМ». Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. Імя, імя па бацьку, прозвішча — гэта сталыя спадарожнікі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Бірыла. // Тое, што расце разам з чым‑н., знаходзіцца каля чаго‑н., сустракаецца разам з нечым. Кукуруза — спадарожнік іншых збожжавых у севазвароце. Спадарожнік нафты — прыродны газ.

3. перан. Той, хто часова і толькі знешне далучаецца да якога‑н. грамадска-палітычнага руху.

4. Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты, зоркі. Спадарожнік Зямлі — Месяц.

•••

Карабель-спадарожнік гл. карабель.

Штучны спадарожнік — аўтаматычная касмічная станцыя або касмічны карабель, ці якое‑н. іншае штучнае касмічнае цела, якое круціцца вакол нябесных цел Сонечнай сістэмы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),

часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.

Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10​−27 да 4∙10​−25 кг. Памеры ядра (парадку 10​−14—10​−15 м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10​−10 м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай En = hcR Z2 n2 , дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону EiEk=. Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n​2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл. Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз. ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі gn=2n2. Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

Літ.:

Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;

Борн М. Атомная физика. М., 1970;

Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.

М.​А.​Ельяшэвіч.

Да арт. Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.
Да арт. Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДО́РА (каталанскае, ісп. Andorra, франц. Andorre),

Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г. Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.

Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас. р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.

Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.​Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн. чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн. дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Андоры.
Горная вёска ў Андоры.

т. 1, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + ...логія),

галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.

Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш. Вял. геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл. Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.​М.​Бэра, А.​П.​Багданава, Дз.​М.​Анучына, М.​М.​Міклухі-Маклая і развіты В.​В.​Бунаком, Ф.​Боасам, Г.​Ф.​Дэбецам, Ф.​Лушанам, Л.​Нідэрле, Я.​Я.​Рагінскім, Г.​А.​Бонч-Асмалоўскім, М.​Р.​Левіным, М.​М.​Чабаксаравым, В.​П.​Аляксеевым, А.​А.​Зубавым і інш.

Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.​А.​Янчук, К.​М.​Ікаў, А.​Н.​Раждзественскі, А.​Л.​Здраеўскі, А.​А.​Піянткоўскі, Я.​Мыдлярскі, Ю.​Д.​Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.​А.​Іваноўскі (1905), Я.​М.​Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.​К.​Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.​М.​Верамецкая, А.​Я.​Вішнеўская, А.​А.​Смірноў, Д.​Н.​Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г. антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс. н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АН СССР Дэбец, Т.​А.​Трафімава, потым В.​В.​Сядоў, Т.​І.​Аляксеева, М.​С.​Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.​У.​Вітоў, Р.​Я.​Дзянісава, Бунак, У.​Дз.​Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.​І.​Салівон, А.​І.​Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.​І.​Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.​І.​Цягака), размеркавання груп крыві і інш фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.​І.​Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.​У.​Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.

Літ.:

Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДАРАСЦІ (Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш. гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),

буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс. км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс. км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн. ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс. км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял. трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.

Літ.:

Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;

Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.

А.​М.​Матузка.

Усходні бераг Каспійскага мора.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.

Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.​Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.​Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.​Аляксандраў, кампазітар І.​Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.​Хрэннікаў; рэж. усіх І.​Пыр’еў), а таксама фільмы І.​Саўчанкі, А.​Іваноўскага, Р.​Рашаля, Э.​Разанава і інш.

У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.​Вернер, У.​Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.​Гаўронскі і У.​Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.​Дунаеўскі, апошняга разам з І.​Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.​Сплашноў, кампазітар Б.​Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.​Чацверыкоў, кампазітар Я.​Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.​Купалы, 1981), рэж. Б.​Луцэнка, кампазітар С.​Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.​Яфрэмаў, кампазітар А.​Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.​Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.​Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.​Куляшова, 1968, рэж. В.​Карпілаў, кампазітар Г.​Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.​Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.​Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.​Пукста (1983, рэж. А.​Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.​Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.​Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.​Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.​Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.​Арлоў, муз. Глебава, В.​Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.​Шавялевіч, муз. А.​Спендыярава, балетмайстар В.​Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.

Корш-Саблін, М.​Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.​Цікоцкага, 1968, рэж. П.​Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.​Перліна, 1995; рэж: абодвух М.​Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.​Багатырова, 1998, рэж. С.​Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.​Праваторава, 1998, рэж. М.​Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.​Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.​Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.​Лысятаў, С.​Гайдук, аператар М.​Сідорчанка) і інш.

Літ.:

Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;

Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;

Шилова И.М. Музыкальный фильм. М., 1984.

А.​А.​Карпілава.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс. км². Нас. 6517 тыс. чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс. чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г. Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.

Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд. ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.

Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд. кВтгадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім. прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл. с.-г. угоддзяў 1880 тыс. га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс. га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля ​3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.

В.​М.​Корзун.

т. 10, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)