пазахо́дзіцца, ‑ходзіцца; ‑ходзімся, ‑ходзіцеся, ‑ходзяцца; зак.

Разм.

1. Дайсці да самай высокай ступені праяўлення якога‑н. пачуцця, стану і пад. — пра ўсіх, многіх. Колькі ні было моладзі, усе аж пазаходзіліся, смеючыся. Дубоўка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Анямець — пра ўсё, многае. Пазаходзіліся пальцы ад холаду.

2. Памерці — пра ўсіх, многіх. [Ніна:] — Памучылася маці з .. [дзецьмі] за вайну, як яны там з голаду не пазаходзіліся. Арабей. [Паўлісе] таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылі паналіваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагі — гарачыня такая!.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашча́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.

2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.

3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пілі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Дрэнна, няўмела іграць на якім‑н. інструменце. [У карчме] у суботу, нядзелю і на свята пілікалі на скрыпках тутэйшыя не вельмі самавітыя музыкі Драбда і Шабас. С. Александровіч. // Абзывацца пісклівымі працяжнымі гукамі (аб музычных інструментах, пераважна смычковых). Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Колас. // Абзывацца аднастайнымі прарэзлівымі гукамі (пра птушак і насякомых). У куточку за лавай пілікаў цвыркун, яго песня была аднастайная і роўная. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лісцвяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцвяны гушчар. Лісцвяны шолах. // Які складаецца, ўтвараецца з лісця; накрыты, усланы лісцем. Лісцвяны подсціл. □ І часта, па начах, калі праз лісцвяны дах хаціны паблісквалі буйныя паўднёвыя зоры, ..лорд думаў пра жыццё, пра яго недарэчнасць. Лынькоў.

2. Які мае лісце, з лістамі; лісцевы. Пышнае ўбранне лісцвяных дрэў, асабліва бяроз, сям-там пачынае жаўцець. Паслядовіч. // Які складаецца з дрэў з лісцем. Вецер .. абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк. Быкаў. [Вялічка:] — Направа будзе лісцвяны лясок. За ім вёска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́льня, ‑і, ж.

1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, лампады, у якую наліваецца масла, тлушч і пад. Замест электрычнасць Сіта, іхняя [Івана і Аляксея] перакладчыца, прынесла медную свяцільню. Б. Стральцоў. // Высокая падстаўка для асвятляльных прылад, свечак. — Толькі ў мяне Машэка жыве, — заўважыў Купала, — у звычайнай бярлозе ў лясным гушчары, а ў вас там — цэлы падземны палац, з дыванамі ды свяцільнямі. Рамановіч. / у паэт. ужыв. Не, сэрца не каменьчык, Абросшы мохам, цвіллю, Яно — нібы агеньчык, Яно — мая свяцільня. Матэвушаў.

2. Вялікая асвятляльная прылада, а таксама арматура да яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да упасці (у 3 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Улівацца, уцякаць. Там, дзе ў раку ўпадае вузенькі ручаёк, я спыніўся. Ваданосаў. Неўзабаве [людзі] апынуліся каля невялікай рэчкі, якая ўпадала ў Нёман. Гурскі.

3. за кім-чым. Разм. Даглядаць каго‑, што‑н. Не ўпадаў стары ні за гаспадаркаю, ні за ўласнаю зямлёю. Лужанін. Ласкавая, дагодлівая і яшчэ рухавая кабета, [цётка Макрына] вельмі ўпадала за сваімі «нявестачкамі». Ракітны.

4. за кім. Разм. Заляцацца да каго‑н. Упадаць за дзяўчынаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сці́пры ’шчыльны, сціснуты, збіты’, ’моцны, цвёрды, трывалы’ (Ласт.). Паводле Ластоўскага (там жа, 448), у выніку кантамінацыі сціслы і сперты (гл. перці), што малаверагодна; хутчэй з літ. stiprùs ’моцны, цвёрды, трывалы’, старое stìpras ’моцны; мужны’, лат. stiprs ’моцны’, адносна якіх гл. Смачынскі, 604. Фіксацыя толькі ў слоўніку Ластоўскага можа сведчыць ігра штучнае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тавалга, ст.-бел. таволга ’дзяржанне пугі або аршын, зроблены з вятроўніку’ (1578 г.; Булыка, Лекс. запазыч.). З цюркскіх моў, параўн. чагат. tabulɣu, тат., баш. tubylɣy ’вятроўнік, бружмель’ (Булыка, там жа, 105). Параўн. і рус. таволга́, та́волга ’расліна Spiraea’ таксама цюркскага паходжання, абазначае розныя расліны з вельмі моцнай драўнінай (Фасмер, 4, 8; Анікін, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)