ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ Алесь (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;

Цулукідзе Т. Памяць // Там жа. 1985. № 1.

А.Пальчэўскі.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́НЧЫК Васіль Пятровіч (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл. фп. (1974, кл. В.​Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.​Глебава). З 2000 праф. Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.​Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф. арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр. арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

А.​У.​Валадковіч.

В.П.Раінчык.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ Алесь (Аляксандр Ануфрыевіч; н. 8.1.1924, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Працаваў у полацкай газ. «Бальшавіцкі сцяг» («Сцяг камунізму»), Літ. музеі Я.​Коласа, ЦК КПБ. Друкуецца з 1943. Аповесць «Кедры глядзяць на мора» (1960) пра будаўнікоў Брацкай ГЭС, раман «Жанчына» (1963) пра побыт і работу працаўнікоў полацкага з-да шкловалакна. У рамане «Палын — зелле горкае» (1967) малюнкі пасляваен. калгаснай вёскі. Гал. героі аповесці «Самы высокі паверх» (1965—67, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972) — маладыя рабочыя. Вобразы сучаснікаў у аповесці «І нічога ўзамен» (1971) і рамане «Толькі аднойчы» (1979). Трылогія «Верай і праўдай» («Верай і праўдай», 1976; «Літасці не чакай», 1982; «Памерці заўсёды паспееш», 1983) пра партызанскі рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Для дзяцей і юнацтва кн. «Шкляная нітка» (1970), «Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка» (1993), «Прыгоды Муркі» (1997), «Дзівосы Лысай гары...» (1999), аповесці «Скажы мне праўду» (1978), «Белая знічка» (1984).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Выбр. творы: У 2 т. Т. 1. Мн., 1995;

Верасы. Мн., 1987;

Обаль. Мн., 1989.

Л.​С.​Савік.

Алесь Савіцкі.

т. 14, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЦКІ Іван Францавіч (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),

бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.​Талстога і М.​Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.​Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.

Літ.:

Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;

Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕЛЯКО́Ў Яраслаў Васілевіч (8.1.1913, г. Луцк, Украіна — 27.11.1972),

рускі паэт. Па паходжанні беларус. Працаваў у друкарні. У 1934—37 і 1948—55 рэпрэсіраваны. Друкаваўся з 1931. Першыя зб-кі — «Праца і каханне» і «Вершы» (абодва 1932). Рамантыка камсамольскага юнацтва, тэмы працы, пераемнасці пакаленняў, спалучэнне лірычнай патэтыкі з размоўнымі інтанацыямі і гумарам у кнігах вершаў «Дарога» (1934), «Крамлёўскія яліны» (1948), паэме «Строгае каханне» (1956). Глыбокае асэнсаванне жыцця, манум. публіцыстычнасць у зб-ках «Размова пра галоўнае» (1959), «Дзень Расіі» (1967, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Таварыш Камсамол» (1968), «Снежань» (1970), паэме «Маладыя людзі» (1968). Суровы жыццёвы вопыт С. адлюстраваўся ў вершах-навелах, вершах-успамінах (апубл. 1987). Аўтар вершаў бел. тэматыкі «Беларусам», «Белая вежа», «Ода малодшаму лейтэнанту», публіцыст. і крытычных артыкулаў. На рус. мову пераклаў некат. вершы А.​Куляшова. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Танк, Е.​Лось, М.​Аўрамчык, М.​Калачынскі, Я.​Семяжон.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78;

Бел. пер. — у кн.: Дзень паэзіі. 1972. Мн., 1972;

Выбранае. Мн., 1974.

Літ.:

Дементьев В. Ярослав Смеляков: Сильный как терн. М., 1967;

Рассадин С. Ярослав Смеляков. М., 1971.

У.​А.​Паўлаў.

Я.В.Смелякоў.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАСЕ́ВІЧ Іван Нічыпаравіч (9.1.1929, в. Мядзведня Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 11.9.1998),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1958). У 1958—95 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1980 праф.). Пісаў сюжэтна-тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты. Творам характэрны стрыманасць каларыту, манументалізацыя вобразнага ладу. У палотнах «У беларускіх балотах» (1958), «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя «Баграціён» (1984) і інш. увасоблена тэма Вял. Айч. вайны. Тэме працы прысвечаны карціны «Ангара-Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.​М.​Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава (1973), «Сын палка. В.​Дончык» (1974), лётчыка Г.​Лі (1975), Г.​У.​Юшкевіча і Героя Сав. Саюза В.​З.​Каржа (1978), «Партызаны, партызаны... (партрэт Я.​Купалы)» (1980), мастака А.​Бембеля (1983) і інш. Стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971—75), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), В’етнама (1985), шэраг нацюрмортаў.

Літ.:

Шныпаркоў А.М. І.​Н.​Стасевіч. Мн., 1985.

І.Стасевіч. Партрэт Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава. 1973.

т. 15, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНЁЎ Канстанцін Андрэевіч (2.6.1876, с. Бакшэеўка Харкаўскай вобл., Украіна — 19.5.1945),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў пецярбургскія духоўную акадэмію і археалагічны ун-т (1903), Таўрыйскі ун-т (1921). У 1904—18 настаўнічаў. Друкаваўся з 1898. У апавяданнях, п’есе «Ад чаго парваліся струны?» (1910, пазнейшая назва «Дарогіны»), аповесці «Валадар» (1912) тэмы сял. жыцця, лёсу інтэлігенцыі. Пасля 1917 працаваў як драматург. Аўтар гіст. і гіст.-рэв. п’ес «Пугачоўшчына» (паст. 1925), «Ясны лог» (паст. 1931), «Гімназісты» (1936), «На беразе Нявы» (паст. 1937), «Насустрач» (1943), «Юнацтва Пятра» (няскончана; выд. 1946), «Палкаводзец» (паст. 1945), камедыі «Жонка» (паст. 1928), сац.-псіхал. «Ганна Лучыніна» (паст. 1946). Найб. вядома яго драма пра грамадз. вайну «Любоў Яравая» (паст. 1926; новая рэд. паст. 1936, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1970), у якой сац. і індывідуальная псіхалогія герояў пададзена праз сямейна-быт. калізіі. На бел. сцэне пастаўлены «Любоў Яравая» (1936, БДТ-2, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ганна Лучыніна» (1956, Бел. т-р імя Я.​Коласа).

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1977;

Пьесы. Статьи. Речи. М., 1980.

Літ.:

Файнберг Р.И. К.​А.​Тренев. М.; Л., 1962;

Живой Тренев: Сб. воспоминаний. 2 изд. Ростов н/Д, 1976.

Л.​В.​Календа.

т. 15, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ХАНАЎ Віктар Пятровіч (н. 27.9.1955, в. Пук шына Віцебскага р-на),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Адрадзіў на Беларусі стараж. тэхніку разьбы на ляўкасе ў спалучэнні з жывапісам: «Дзед Сцяпан» (1976), «Успамін» (1977), «Слова аб Радзіме. Ф.​Скарына», «Песня-ўспамін. М.​Гусоўскі» (абодва 1980), «Свята ўраджаю», «Вянок жыцця. М.​Багдановіч» (абодва 1981), трыпціхі «Сейбіты», «Вяртанне» (абодва 1982). Аўтар манум. работ: фрэска «Горад юнацтва» ў СШ № 67 (1981), вітражы «Прырода» ў Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (1982), у Літ. музеі М.​Багдановіча (1991) у Мінску; мазаіка «Лясная песня» ў кінатэатры «Радзіма» (1982), вітраж «Гарады Беларусі» ў будынку аўтавакзала (1984, усе ў сааўт.) у г. Маладзечна Мінскай вобл., размалёўка царквы святых Пятра і Паўла ў г. Семятычы (Польшча, 1987); іканастас Свята-Мікалаеўскай царквы ў Брэсце; кампазіцыя «Мір табе, зямля пад белымі крыламі» (1989). Жывапісныя творы вылучаюцца пуантылістычнай манерай выканання, экспрэсіўнасцю, гарманічнымі тонавымі суадносінамі: «Спадчына» (1978), «Мой родны кут. Я.​Колас» (1982), «Ля вытокаў. В.​Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Сустрэча ў вёсцы Белае» (1984), «Восень на Браслаўшчыне», «Кастрычнік» (абодва 1997), «Цёплы дзень» (2001), цыкл з 21 карціны «Восень у Баварыі» (2000).

Л.​Ф.​Салавей.

В.П.Ціханаў. Кастрычнік. 1997.

т. 17, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

убо́ства, ‑а, н.

1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.

2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),

акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.​Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.​Белы, В.​Кандзінскі, М.​Валошын, Б.​Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.​Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.

Літ.:

Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;

Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)