Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́; заг. стой; дзеепрысл. сто́ячы; незак.

1. Знаходзіцца на нагах у вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца (пра чалавека, жывёлу). Стаяць пад дрэвам. □ Ля саней, захутаная ў вялізную хустку, стаяла дзяўчына. Асіпенка. [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба. Чорны. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці такога становішча. Стаяць бокам. Стаяць навыцяжку. □ Стаяць у .. [шалашыку] .. [дзед] мог толькі сагнуўшыся. Чарнышэвіч. / Са словамі, якія ўказваюць на частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Ля дарогі на каленях стаялі бабы, ірвалі грэчку, стаўлялі ў кучкі. Адамчык. Выскачыў [стралец] на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Якімовіч. // Апынуўшыся перад кім‑, чым‑н., знаходзіцца ў пэўным стане, становішчы. І стаіць яна [Бандароўна] прад панам, Як калінка тая, Што ў лузе, над ракою, Вецер пахіляе. Купала. / у перан. ужыв. Беларускі народ стаяў напярэдадні вялікіх спраў грамадскага і культурнага значэння. Мядзёлка. // Быць пастаўленым у вертыкальным становішчы (пра прадметы). Кветкі стаяць у вазе. Лесвіца стаіць каля сцяны. / Пра мэблю, некаторыя прадметы хатняга абсталявання. Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі. Чорны. // Быць ускалмачаным, узнімацца старчма (пра валасы, шэрсць). Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць. Пташнікаў.

2. Выконваць якую‑н. работу, займацца якой‑н. справай, звязанай са знаходжаннем на нагах. Між гор зялёных ці ў пустыні дзікай Стаіш ты, воін, сёння на пасту. Прыходзька. Усё сваё жыццё .. [Лявон] ухітраўся цяжка не падняць і моцна не ўдарыць. То стаяў ля прылаўка ў ларку «Заготжыўсыравіны», то працаваў нарыхтоўшчыкам сельпо. Корбан. // Займаць месца ў чарзе за чым‑н. Стаяць за кнігай.

3. Быць нерухомым, не рухацца з месца (пра чалавека, жывёлу). Жанчыны адступілі далей ад воза і нерухома стаялі суцэльнай сцяной. Шамякін. / Пра транспартныя сродкі, пра транспарт у час прыпынкаў або на стаянцы. Якраз і параход стаяў на Дняпры. Лынькоў. / Пра хмары, свяцілы і пад. На поўдні па-ранейшаму нерухома стаяла хмара. Гамолка. // Не цячы, не струменіцца (пра ваду, вадкасць). У барознах стаіць вада. □ Возера стаіць, не зварухнецца. Барадулін. // Не разыходзіцца, запаўняючы якую‑н. прастору (пра дым, пыл, пару і пад.). У паветры стаяў сіняваты марозны туман. Чарнышэвіч. Пах рамонку і чабору стаяў над дарогай. Вышынскі. Дым густа стаяў у пакоі, і, хоць вокны былі расчынены насцеж, у Лазавіка ад яго шчыпала вочы. Хомчанка.

4. Не працаваць (пра завод, фабрыку або механізмы і пад.). Цэх стаіць на рамонце. Гадзіннік стаіць. // перан. Не развівацца, не прасоўвацца наперад. Работа стаіць. Жыццё не стаіць на месцы.

5. Быць устаноўленым, умацаваным на чым‑н., на якой‑н. апоры; трымацца, знаходзіцца на чым‑н. Дом стаіць на фундаменце. Мост стаіць на быках. □ На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. На ім стаяць, бы тыя гумны, Грамады чорных пірамід. Колас. // перан. Разм. Існаваць дзякуючы каму‑, чаму‑н. [Касач:] — Сярод народу жыву. А на народзе свет стаіць. Гурскі. На праўдзе свет стаіць. Прыказка. // Быць адзначаным, надрукаваным і пад. дзе‑н., на чым‑н. Пісьмо падпісалі толькі пяць камсамольцаў. У канцы яго стаіць спешная прыпіска: «Падпісванне пісьма спынена. Дадзен сігнал трывогі!». «Звязда». На канверце апошняга ліста стаяла прыпіска «тэрмінова». Лынькоў. / Пра адзнакі за паспяховасць. Па матэматыцы стаіць пяць. // Значыцца, быць (у спісе, у якім‑н. пераліку). На парадку дня стаіць два пытанні. Пад пратаколам стаіць подпіс.

6. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе‑н. (на адпачынку, пастоі, стаянцы). У вёсцы Дудкі .. стаяў .. вялікі нямецкі гарнізон. Брыль. // Часова здымаць у каго‑н. кватэру, пакой. [Андрэй:] — Прыехалі — дык прыехалі. Шукайце — што хочаце. Стаяць можна і ў мяне. Другая хата пустая. Пташнікаў. Галаўнёў і Амельчанка стаялі на кватэры нават удвух. Дудо.

7. Займаць баявую пазіцыю, размяшчацца на якім‑н. участку мясцовасці для вядзення баявых аперацый. [Вера:] — Фронт тады зусім блізка ад нас стаяў. Кулакоўскі.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, не адступаць, вытрымліваць націск. Масква стаіць. Маскву .. [фашыстам] ніколі не ўзяць. Шамякін. Ён чэсна стаяў, да канца: Кулямётная лента... пустая, Апошняй была ў байца. Куляшоў. [Раіна:] — Па вопратцы прабітай пазнаю, Што ён [Янук] не раз пад кулямі стаяў, Што ён не раз выходзіў з-пад агню. Танк. Хлопец, абняўшы любу дзяўчыну, На барыкадах смела стаіць. Цётка. // перан. Цвёрда прытрымлівацца якой‑н. думкі, погляду, быць перакананым у чым‑н. — Цяпер павінны вучыцца ўсе! — стаіць на сваім Ганька. Васілевіч. Гогаль стаіць за тое, каб і ў літаратуры, і ў тэатры падзеі адлюстроўваліся праўдзіва, бо яны павінны ўзрушаць душы людзей, хваляваць іх сэрцы. «Полымя». Пад сцягам Ленінскім, вячыстым Ішлі за шчасце камуністы, І кожны з мужнасцю байца Стаяў за праўду да канца. Бялевіч.

9. перан. Абараняць, адстойваць чые‑н. інтарэсы, змагацца, выступаць на баку каго‑, чаго‑н. Стаяць за народ. □ — Мы стаім за мірны лёс планеты. Прыходзька. І хоць быў .. [Тарусевіч] панскі сын, аднекуль з Мінскай губерні, але добра стаяў за рабочых... Гарэцкі. [Максім Багдановіч] стаяў за глыбокую ідэйнасць і яркую вобразную форму. Майхровіч. // Мець апору ў кім‑, чым‑н. — За мной стаіць мой народ, — з падкрэсленым пафасам вымавіў Цярэшка, каб спыніць фамільярны князеў тон. Мікуліч. За мной стаіць вялікая Радзіма ўся мая. Панчанка.

10. Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Школа стаяла на водшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Брыль. Абапал грэблі стаялі свежыя стагі. Бядуля. У задуменні лес яловы На ціхім беразе стаіць. Матэвушаў.

11. Існаваць, быць на свеце. [Сілівон:] — Зямля наша як стаяла, так і стаіць, усім нашым злоснікам на згубу. Лынькоў. А стары дом стаяў і стаяў, пра яго быццам забыліся. Арабей. // Захоўвацца, застаючыся нязменным, не трацячы сваіх якасцей. Варэнне можа стаяць доўга. □ Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Чорны.

12. Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні. Вялікія і ганаровыя задачы стаяць перад дэпутатамі мясцовых Саветаў. «Звязда». Канец вайне! Другія рубяжы Цяпер стаяць перад ім, перад Юхімам! З. Астапенка.

13. Трымацца, панаваць, быць (пра стан чаго‑н.). Стаіць цішыня. □ Некалькі хвілін у хаце стаяла маўчанне. Васілевіч. Гэтая хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. Колас. / Пра надвор’е. Стаіць пагода, Аж смагне, ныючы, асірацелы куст. Крапіва. Гэта было зімою, ужо больш позняю парою як цяпер: на дварэ стаяў мароз і дзьмуў халодны, калючы вецер. Кулакоўскі. / Пра час сутак, поры года. Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Арабей. Стаяла акурат тая пара восені, калі пачырванелы асіннік у лесе, яшчэ не згубіўшы ніводнага лісточка, трывожна ўжо шапоча пра заканчэнне лета, а над асірацелымі лугамі знікае духмянасць пасохлых траў. Краўчанка. // Адчуваць (шум, звон, стукат і пад. у галаве, вушах). У галаве стаяў нудны, працяглы звон. Гамолка. У вушах стаяў жалезны стукат вагонных колаў. «ЛіМ». // Быць бачным, прыкметным на твары, у вачах і пад. (пра які‑н. выраз, ухмылку і пад.). У Міхея Вячэры нават слёзы стаялі ў вачах. Шамякін.

14. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра якія‑н. думкі, уяўленні і пад.). У думках кожнага стаяў вобраз загінуўшага таварыша. Машара. З той пары Адна думка Стаіць у маёй галаве. З той пары і навек Застануся з той думкай у згодзе. Свірка.

15. Трымацца на якім‑н. узроўні, займаць якое‑н. становішча. Вада стаіць высока. Стрэлкі гадзінніка стаяць на сямі. / Пра нябесныя свяцілы. Зорка стаяла на тым жа месцы і, здавалася, яшчэ больш мільгала. Кулакоўскі. Быў ужо адвячорак. Сонца стаяла нізка. У паветры пасвяжэла. Якімовіч. // Выкарыстоўваецца ў саставе выказніка ў значэнні: быць якім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. Трава ўжо стаяла высокая — сама касіць, а краскі на лузе адцеіталі. Навуменка. Гаспадар дакументаў стаіць пахмурны і маўчыць. Кавалёў. Гвардыян стаяў аслупянелы, разявіўшы рот ад здзіўлення. Зарэцкі.

16. У прыназоўнікавых спалучэннях з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: займаць тое або іншае становішча ў грамадстве, мець грамадскую значнасць (сярод каго‑, чаго‑н. або ў адносінах да каго‑, чаго‑н.). Стаяць у цэнтры ўвагі. □ І сам ён [Пшэбора] строгі і няўмольны, Бо сілу мае ўжо не ён. І ў тых учынках сам нявольны, Бо над усім стаіць закон. Колас. // перан. Быць на якой‑н. ступені ў інтэлектуальных адносінах. Сённяшняя моладзь стаіць значна вышэй як па сваёй адукацыі, так і па агульнаму .. культурнаму развіццю. «Маладосць».

17. заг. сто́й(це)! Каманда спыніцца, перастаць рухацца. Тут жа пачуўся голас самога камандзіра: — Стойце! Свае! Шамякін. Пачулася рэзкая каманда: — Гвардыя, стой! Забяспечыць прывал! Лынькоў. // перан. Разм. Патрабаванне перастаць гаварыць, дзейнічаць і пад.

•••

Адной нагой у магіле стаяць — дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці (пра старога або вельмі хворага чалавека).

Да апошняга стаяць — змагацца, спрачацца да канца, пакуль стае сілы.

Далёка стаяць — пра тое, што горшай якасці, другараднае, не ідзе ў параўнанне з кім‑, чым‑н.

Калом стаяць — быць лубяным, гаматным (пра матэрыял, тканіну, а таксама адзенне).

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым — увесь час пазіраць за кім‑, чым‑н., пільна аберагаць каго‑, што‑н.; назаляць назіраннем, абераганнем.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не стаяць за цану — не лічыцца з цаной, коштам, з высокай аплатай чаго‑н., Не таргавацца.

Свет стаіць на кім-чым гл. свет.

Стаяць ва ўладзе (на чале ўлады) — мець уладу, кіраваць дзяржавай, узначальваць.

Стаяць гарой за каго-што — заступацца за каго‑н., абараняць каго‑, што‑н. усімі магчымымі сродкамі.

Стаяць за спінай чыёй, у каго — тайна аказваць каму‑н. падтрымку, накіроўваць чыю‑н. дзейнасць.

Стаяць калом (косткай) у горле — не даваць спакою, перашкаджаць жыць.

Стаяць на чыім баку — быць адной думкі з кім‑н., падтрымліваць каго‑н. у чым‑н.

Стаяць на варце — тое, што і быць на варце (гл. быць).

Стаяць на вачах — засланяць, загароджваць святло; перашкаджаць бачыць што‑н.

Стаяць навыцяжку — а) прымаць позу як па камандзе «смірна»; б) пакорліва падначальвацца каму‑н.

Стаяць на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаяць папярок дарогі каму — тое, што і стаць на дарозе чыёй, у каго; стаць папярок дарогі каму (гл. стаць).

Стаяць над душой чыёй, у каго (над каркам чыім, у каго) — надаядаць сваёй прысутнасцю, надакучаць, назаляць.

Стаяць на задніх лапках — тое, што і хадзіць на задніх лапках (гл. хадзіць).

Стаяць на месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Стаяць на (сваіх, уласных) нагах — быць самастойным, не мець патрэбы ў падтрымцы, дапамозе.

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Стаяць пад вянцом — вянчацца.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць каму‑н. у чым‑н.

Стаяць перад вачамі (у вачах, уваччу) — узнікаць, з’яўляцца ў зрокавым уяўленні.

Стаяць слупам (як слуп) — знаходзіцца ў здранцвенні ад нечаканасці; назаляць нерухомасцю (звычайна з няўцямным, бяздумным выглядам).

Стаяць у баку ад чаго — тое, што і быць у баку ад чаго (гл. быць).

Стаяць у вушах (увушшу) — пра захаванне моцнага слыхавога ўражання.

Стаяць (сядзець) як пень — быць нерухомым; бяздзейнічаць; нічога не разумець.

Хоць стой, хоць падай — ужываецца як рэагаванне ў становішчы збянтэжанасці, а таксама ў сітуацыі, калі невядома, як рэагаваць.

Як стой (як стаіць) — а) вельмі хутка; адразу; б) без нічога, без рэчаў, маёмасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)