МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Матаві́дла, матаві́дло, матаві́длы ’прыстасаванне для змотвання нітак у маткі або з маткоў у клубкі’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; воран., Шатал.), матаві́ла, мытаві́ла, матаві́ло, мотові́ло ’тс’ (ТСБМ, Бір. дыс., Нас., Шат., Касп., Бяльк.; ТС, Маш.; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат., браг., Нар. сл.), жытк. мотоі́ло (Выг. дыс.), рэч. матаі́ла ’тс’ (Мат. Гом.); (перан.) матаві́ла ’пудзіла ў гаросе або пшаніцы ад вераб’ёў’ (Нас.), ’маталыга’ (Мат. Маг.). Укр. мотови́ло ’тс’, ’вол, які мае звычку матаць галавой пры запраганні’, рус. мотовило, польск. motowidło, в.-луж. motydło, чэш., славац. motovidlo, славен. motovílo, серб.-харв. мото̀вило, макед. мотовило, балг. мотовила. Прасл. moto‑vidlo < motovitiскладанае слова з motati (> мата́ць) і viti (> віць) (Скок, 2, 412; Махэк₂, 375). Бязлай (2, 197) выводзіць памылкова прасл. moto‑vitlo (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.). Калька са ст.-польск. tamten, дзе tam ’там’ і ten ’той’, гл. там і той. Карскі (2–3, 91) адносіць сюды і іншыя ўтварэнні з пачатковым элементам там: ст.-бел. тамтотъ, тамтого, складанае прыслоўе тамто і інш., што ўзніклі пад польскім уплывам (гл. то). Параўн. ЕСУМ, 5, 513.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кно́раз ’самец свінні, кныр’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 2, Бяльк., Сержп. Грам., Мядзв., ДАБМ, Грыг., Гарэц., Янк. II). Укр. кнороз, рус. кнороз ’тс’, польск. kiernoz, славац. kornáz, в.-луж. kundroz, н.-луж. kjandrozʼ ’тс’. Формы заходнеславянскія фанетычна адрозніваюцца ад усходнеславянскіх (лужыцкія не адпавядаюць цалкам іншым заходнеславянскім). З адменным пачаткам паўднёваславянскія назвы кнораза: балг. нерез, серб.-харв. не̏раст ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 155 і ў апошні час Аткупшчыкоў, Из истории, 121). Нягледзячы на фанетычныя цяжкасці, усё ж такі ўдаецца аднавіць праславянскае складанае слова *kъrnorzь. У паўднёваславянскіх паралелях балг. нерез, серб.-харв. не̏раст маюць у якасці паралелі рус. нерезь ’непакладаны самец свінні’ (да не + рэзаць). Прасл. kъrnorzь ад kъrnъ ’абрэзаны’ і orzъ ’ядро’. Такую рэканструкцыю пацвярджаюць формы кныр, кнур, якія з’яўляюцца скарочанымі адносна формы кнораз. Гл. кныр. Параўн. у апошні час Шаўр ZfSl, 24, 115–119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2–3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухало́м1 ’рэўматызм, раматус’ (Касп.). Складанае слова, утворанае з асноў слоў сухі і ламаць, што адлюстроўвае працяканне хваробы, параўн. ламаць ’аб тупым, працяглым болю ў касцях’ (гл.); першая частка звязана з унутраным (без рэзкіх знешніх праяў) характарам хваробы, параўн. яшчэ ст.-слав. соухъ ’пазбаўлены жыццёвых сокаў, высахлы, безжыццёвы, хворы’, гл. сухі.

Сухало́м2 назва некаторых раслін, у тым ліку ’шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (Сл. ПЗБ, Кіс., Дэмб. 1), ’павіліца, Galium verum L.’ (Дэмб. 1, Кіс.), ’палын, Artemisia campestris L.’ (Кіс., Дэмб. 1), параўн. укр. сухоло́м ’шабельнік балотны’. Да сухалом1 паводле лекавых уласцівасцей, параўн. іншую назву палыну — касталом (Кіс.). Гл. ЕСУМ, 5, 488.

Сухало́м3 ’зламаныя і высахлыя дрэвы’ (Юрч. СНС). Ад сухі і ламаць, гл.; параўн. бурало́м ’лес, дрэвы, паламаныя бурай’ (ТСБМ). Магчыма, звязана з народнымі замовамі, пры якіх адсылаюць хваробу на сухі лес (вынік пераносу на лес хваробы, у прыватнасці, раматусу?). Гл. сухолом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)