сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах.ч., занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ (Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Гібоны: 1 — сіяманг; 2 — серабрыстыя рознай афарбоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЧНІ́ЦЫ (Myotis),
род млекакормячых жывёл сям. гладканосых (звычайных) лятучых мышэй атр. рукакрылых. Больш за 80 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. Жывуць у розных ландшафтах, у сховішчах, адзіночнымі асобінамі, групамі, калоніямі. Зімой упадаюць у спячку. У Чырв. кнізе МСАП 2 віды: Н. шэрая (M. grisescens) і індыйская (M. sodalis). На Беларусі 5 відаў: Н. вялікая (M. myotis), Натэрэра, або раснічастая (M. nattereri), сажалкавая (M. dasycneme) — занесены ў Чырв. кнігу; вусатая (M. mystacinus) і вадзяная, або Н.Даўбентона (M. daubentoni). Трапляюцца ў дуплах дрэў, пабудовах, часта непадалёку ад вады.
Даўж. 3,5—8,5 см. Поўсць густая, пушыстая, бурая з рознымі адценнямі, зверху больш цёмная. Вушы сярэдніх памераў. Крылы тупыя, шырокія. На нагах лятальная перапонка. Кормяцца насякомымі (акрамя 3 рыбаедных відаў). Нараджаюць 1 дзіцяня ў год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РПЫ (Pusa),
род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.
Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).
Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар. расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧЫ́, грабеньчатавусыя (Lucanidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1000 відаў. Найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі 5 відаў: алянёк звычайны (Dorcus parallelopipedus), насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron culinricum), рагач сіні (Platycerus caraboides), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus), жук-алень (Lucanus cervus) — самы буйны з жукоў бел. фауны (даўж. да 8,5 см). Насарог малы і жук-алень занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітыя, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вял. галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.
С.Л.Максімава.
Рагачы: 1 — жук-алень (а — самец; б — самка; в — лічынка); 2 — алянёк звычайны; 3 — рагач сіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ,
нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс.га, у т. л. запаведная 29,2 тыс.га.
У склад парку ўвайшлі тэр.Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч.Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш.занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш.занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦІКІ, аканіт (Aconitum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (A. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (A. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (A. wilsonii), боцікі павойныя (A. volubile), боцікі пірамідальныя (A. pyramidalis), боцікі Фішэра (A. ficheri), боцікі фіялетавыя (A. napellus), боцікі Штэрка (A. stoerkianum).
Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.