БАРСУ́К
(Meles meles),
млекакормячая жывёла сямейства куніцавых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў лясах, стэпах, паўпустынях, на сухіх глебах, з глыбокім заляганнем грунтавых водаў, непадалёку ад вады. На Беларусі ў мінулым шматлікі, за выключэннем асобных раёнаў Палесся. Зараз у многіх раёнах рэдкі або зусім знік (занесены ў Чырв. кнігу).
Даўж. цела 60—90 см, хваста 16—25 см, маса ўлетку 10—12 кг, восенню 20—30 кг. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Афарбоўка буравата-шэрая. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы чорныя палосы. Спосаб жыцця начны Усёедны. Нараджае да 6 дзіцянят. Жыве ў норах. У паўн. частцы арэала зімой спіць, у паўд. — актыўны ўвесь год. Прамысловы. Футра малакаштоўнае, тлушч выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)