гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.
Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш.занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЗЛІ,
млекакормячыя жывёлы сям. мядзведжых атр. драпежных. 2 падвіды бурага мядзведзя. Грызлі мексіканскі (Ursus arctos nelsoni) і грызлі канадскі (U. a. richardsoni). Жывуць у Паўн. Амерыцы. Па памерах драбнейшыя за бурага мядзведзя. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧКІ́ (Ixobrychus),
род птушак сям. чаплевых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Аўстраліі і на а-вах Новай Зеландыі. Жывуць парамі каля вадаёмаў. Пералётныя. На Беларусі 1 від — бугай малы, або ваўчок, занесены ў Чырв. кнігу (гл. ў арт.Бугаі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСА́ДЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш.занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛЕ́ПСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш.занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКІ́ (Bovinae),
1) падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх. 4 роды: буйвалы; афр. буйвалы; зубры — бізон, зубр; быкі сапраўдныя — тур, як, бантэнг (Bos javanikus), гаур (B. gaurus), купрэй (B. sauveli); жывуць у розных частках Азіі. Усяго 12 відаў. Многія быкі прыручаны, дзікія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛІ́сапраўдныя
(Grus),
род птушак сям. жураўліных атр. жураўлепадобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Насяляюць пераважна адкрытыя мясціны: стэпы, вял. балоты, тундру.
Селяцца парамі, у час пралёту і зімоўкі аб’ядноўваюцца ў чароды. Найб. вядомы Ж.: шэры (Grus grus), канадскі (G. canadensis), белы, або стэрх (G. leucogeranus), амерыканскі (G. americana), японскі (G. japonensis). 6 відаў і 2 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Існуе Міжнар. фонд аховы жураўлёў (ЗША). На Беларусі 1 від — журавель шэры, трапляецца ўсюды, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 80—152 см, выш. каля 2 м, маса 3—12 кг. Апярэнне пераважна шчыльнае, шараватае, буравата-чорнае ці белае. Шыя і ногі доўгія, хвост кароткі. У палёце выцягваюць шыю і ногі. Большасць Ж. выдае гучны трубны крык (рэзанатар — падоўжаная трахея). Нясуць 1—2 (радзей 3) яйцы. Корм раслінны і жывёльны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЛЫ́ (Ciconiidae),
сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.
Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс.га. Займае паўд.-ўсх.ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн.ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.