першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв.часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,
вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.
Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.
Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв.«зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.
На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.
Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш.сац.-эканам. праблем грамадства.
З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл.Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл.Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец.адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскія хвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам:
, дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл.Вакуум у квантавай тэорыі поля).
Першай К.т.п. стала квантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.Фермі, 1934) і моцнага (І.Я.Там, Дз.Дз.Іваненка, Х.Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.Вайнберг, Ш.Глэшаў, А.Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.
На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін і інш.).
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ.М., 1963;
Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),
адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.
Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.Петрарка, П.Рансар, У.Шэкспір, Я.Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.Байран, Р.Бёрнс, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Т.Шаўчэнка, Ш.Пецёфі, П.Верлен, А.Блок, У.Маякоўскі, С.Ясенін, П.Элюар, Назым Хікмет і інш.
Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, А.Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Лучына, Ф.Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Танк, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.
Літ.:
Гніламёдаў У.В.Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;
Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;
Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНА-ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш.Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.
На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.Бембель, У.Рытар, Р.Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.Глебаў і інш.), Нац.акад.т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.Селіханаў, В.Папоў), Нац.маст. музей (Бембель, П.Белавусаў, С.Адашкевіч, М.Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.Купалы (А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.Ларчанка, А.Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж.т-рамуз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл.драм.т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.Гаравая), «Русалка» (Л.Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.Фінскі), «Сабака для палявання» (П.Лук, В.Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.Б.Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ16 ст.
Адбывалася ў 1566—1609 на тэр.гіст.Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст.капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц.гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;
Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
галандскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў галандскага барока і сусв.маст. культуры. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1620), жывапісу — у Я. ван Сваненбюрха ў Лейдэне (каля 1620—23), у П.Ластмана ў Амстэрдаме (1623). У творчасці імкнуўся да філас. асэнсавання жыцця, багацця і разнастайнасці ўнутр. свету чалавека. Пісаў пераважна партрэты, у т. л. групавыя, біблейскія і міфалагічныя сцэны. У 1625 адкрыў сваю майстэрню ў Лейдэне, хутка дасягнуў шырокага прызнання. Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Ластмана і галандскіх караваджыстаў, вызначаліся рэзкай паліхроміяй і экспрэсіўнасцю вобразаў: «Пакутніцтва св. Стэфана» (1625), «Валаам», «Товій і Анёл» (абодва 1626), «Прынясенне ў храм» (каля 1628—29), «Давід і Галіяф» і інш. Пазней пісаў больш глыбокія і вытанчаныя карціны, якім уласцівы гармонія цёплых чырвона-карычневых тонаў і таямнічыя эфекты святлаценю: «Уцёкі ў Егіпет» (1627), «Самсон і Даліла» (1628), «Сімяон у храме» (1631) і інш. З 1631 жыў у Амстэрдаме, пісаў пераважна заказныя партрэты, аўтапартрэты і партрэты сваіх блізкіх. Творы адметныя пластычнасцю, эксперыментамі ў пошуках псіхал. выразнасці, дэтальнай перадачай рысаў твару, адзення, каштоўнасцей, часам тэатралізаванымі эфектамі. У карціне «Урок анатоміі доктара Н.Цюлпа» (1632) па-наватарску вырашыў праблему групавога партрэта праз наданне кампазіцыі дынамічнай разняволенасці партрэтаваных і аб’яднанне іх адзіным дзеяннем. У «Аўтапартрэце з Саскіяй» («Вясёлая кампанія», каля 1635), які вызначаецца свабоднай манерай жывапісу, мажорным, напоўненым святлом залацістым каларытам, адышоў ад тагачасных маст. канонаў, выявіўшы жыццёвую непасрэднасць кампазіцыі. У карціне «Даная» (1636) проціпаставіў рэнесансавым пачуццёва-цялесным ідэалам прыгажосці адухоўленасць і цеплыню інтымнага чалавечага пачуцця. Сярод інш. твораў гэтага перыяду: партрэты «Вытанчаная пара ў інтэр’еры», «Партрэт бургграфа», «Саскія ўсміхаецца» (усе 1633), рэліг. і міфалагічныя карціны «Святая сям’я» (1631), «Выкраданне Еўропы» (1632), серыя «Пакуты Хрыстовы» (1633—39), «Ахвярапрынашэнне Аўраама», «Выкраданне Ганімеда» (абедзве 1635), «Асляпленне Самсона» (1636), «Вяселле Самсона» (1638) і інш. З 1639 жыў у Брэстраце (цяпер Рэмбрантхёйс). У 1640-я г. паміж творчасцю Р. і эстэт. патрабаваннямі тагачаснага грамадства адбыўся канфлікт, апагеем якога стала непрыняцце заказчыкамі групавога партрэта «Начная варта» (1642), вырашанага праз героіка-прыўзнятую кампазіцыю, больш уласцівую для гіст. карціны. Творчасць гэтага перыяду страціла знешнюю эфектнасць і мажорнасць, работам уласцівы нарастанне інтэнсіўнасці светлавых эфектаў, якія запаўняюць усю кампазіцыю і вызначаюць форму і фактуру выяў, пастознасць пісьма, цікавасць да пабудовы і архітэктонікі прасторы: «Давід і Іанафан» (1642), «Дзяўчына каля акна», «Святая сям’я» (абодва 1645), «Пакланенне вешчуноў» (1648), «Хрыстос у Эмаўсе» (1648), «Партрэт старога ў чырвоным» (1652—54), «Вірсавія», «Партрэт жонкі брата мастака» (абодва 1654), «Бласлаўленне Іакава» (1656), «Сын Цітус чытае» (1657), «Асур, Аман і Эсфір» (1660), «Змова Юлія Цывіліса» (1661), «Давід і Урыя» (1665) і інш. Каля 1668—69 стварыў манум. палатно «Вяртанне блуднага сына», у якім віртуозна перадаў складаную гаму глыбокіх чалавечых пачуццяў. Аўтар афортаў «Прадавец пацучынага яду» (1632), «Тры дрэвы» (1643), «Хрыстос вылечвае хворых» («Аркуш у сто гульдэнаў», 1649), «Тры крыжы» (1653) і інш., малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Даная, Нідэрланды.
Літ.:
Рембрандт: Художеств. культура Западной Европы XVII в. М., 1970;
Лазарев В.Н. Рембрандт-портретист // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
Егорова К.С. Портрет в творчестве Рембрандта. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.