Батлажка ’біклага’ (Сцяшк. МГ). Параўн. бакла́га і бікла́га. Незразумела, адкуль тут ‑т‑ (замест ‑к‑). Ці не лепш думаць пра рум. крыніцу слова (параўн. тлумачэнне ‑і‑ ў бікла́га)? Тады батла́жка < *батла́га < *бутла́га. Параўн. рум. butlagă ’бачонак’, bâtlag, bîtloagă, bătlag ’тс’. Як вядома, пра ўплыў рум. мовы на ўкр. формы тыпу баклаг(а), боклаг думаў Шалудзька, Rum., 126. Некаторае пацвярджэнне ўплыву рум. мовы на бел. ёсць: параўн. ‑і‑ ў форме біклага (гл.) і спалучэнне ‑тл‑ (замест ‑кл‑) у слове батла́жка. Але незразумелы шлях румынскіх уплываў. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марка́ль, морка́ль ’баран-вытворнік’, (зневаж.) ’чалавек, які гаворыць непрыемным хрыпатым голасам’ (Янк. 1, Некр.; хойн., рэч., Мат. Гом.; мазыр., лун., Шатал.; Ян.). Складае бел. паўд.-слав. ізалексу: серб.-харв. мр̏каљ ’казёл’, ’баран’, балг. мъркалец ’баран’; лексемы ўтвораны ад дзеяслова серб.-харв. мр́кати (се), мр̏кати, омркати ’спарвацца (пра козы, авечкі, рыбы)’, ст.-слав. мръкати ’тс’, ’бляяць’. Паводле Скока (2, 467), тут у наяўнасці першабытнае гукаперайманне, якое пазней стала пастухоўскім тэрмінам для выражэння coitus авечак і коз. Казлова (БЛ, 21, 59) адносіць лексему да прасл. mъrkalь ’баран’. Гл. таксама маркач. Сюды ж, відавочна, і прозвішча Мархель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надаку́чыць ’надаесці’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), надоку́чыць ’тс’ (ТС), надакушны ’надаедлівы’ (Мат. Гом.), надакучлівы ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. надокучати, рус. надокука ’тое, чым дакучаюць’, надокушить ’надаесці’. Прыставачнае ўтварэнне, параўн. дакука, якое Насовіч тлумачыць як ’турботы з боку наведвальнікаў ці прасіцеляў’, дакуча́ць ’турбаваць просьбамі ці напамінкам пра што-н.’ (Нас.), што звязваюць з *kukati, гл. кукаць, кукаваць ’кукаваць’ і ’знаходзіцца ў прыгнечаным стане, у чаканні чаго-н.’: Я даўно тут кукую (= не магу адлучыцца, прымушаны знаходзіцца на месцы) (Фасмер, 2, 403; БЕР З, 87), або з *kučiti гукапераймальнага характару (Слаўскі, 3, 314–315).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прарадзі́ма ’самае старажытнае, першапачатковае месца пражывання таго ці іншага племені, народа, той ці іншай пароды жывёл і пад.’ (ТСБМ). Рус. праро́дина, польск. praojczyzna ’тс’ і да т. п. З пра- і радзіма. Паводле Борыся (Prefiks., 86), словы гэтага словаўтваральнага тыпу з’явіліся ў XIX ст. у якасці навуковых тэрмінаў першапачаткова ў польскай і чэшскай мовах як калькі ням. слоў з прыст. ur‑ (напр., Urheimat ’прарадзіма’, Urwald ’пралес, старажытны запаведны лес’), а потым распаўсюдзіліся ва ўсходнеславянскія мовы. Борысь (там жа) нават бачыць тут новую функцыю славянскай прыстаўкі *pra‑ пад уплывам ням. ur‑ і лац. prae‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свідзе́цель (свідзе́ціль) ‘сведка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), свідзі́цель ‘тс’ (Ян.). Хутчэй за ўсё, запазычана з рус. свидете́ль ‘тс’; аднак не выключана захаванне стараж.-рус., ст.-слав. съвѣдѣтель ‘відавочца’, пры змене ѣ > и пад уплывам видѣти (Фасмер, 3, 577), параўн. ст.-слав. засъвѣдѣтельствовати ‘пасведчыць’ і ст.-бел. свидетельствуетъ (1489 г.), тут, згодна з Карскім (1, 216–217), сутыкаемся з “огласовкой” кораня вид‑ замест вѣд‑, дзе и выклікана дысіміляцыяй з наступным складам і ўплывам асноў на ‑і, параўн. ст.-бел. видити, сѣдити і пад. Сной (Бязлай, 3, 347) мяркуе пра зыходны паралелізм. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрык1 ‘прыстасаванне ў возе для прыпрэжкі другога каня’ (ТС), ‘дрот або вяроўка, што праходзіць пад возам з задка ў перадок да ручак’ (Маслен.). Праз старое польск. stryk ‘матуз’, сучаснае stryczek ‘тс’, з ням. Strick ‘вяроўка’, звязанага з stricken ‘завязваць, плясці’ (Брукнер, 522; ЕСУМ, 5, 444).

Стрык2 ‘ціпун’ (Арх. Федар.): stryk tobie na jazyk! (жартам, Федар. 4). Магчыма, ад стрык ‘пстрычка’ (Нас.), што да стрыкаць (гл.).

Стрык3 ‘сажань, прылада мераць зямлю’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, да стры́каць (гл.), тут у значэнні ‘скакаць, перакідацца’, што адлюстроўвае працэс вымярэння пры дапамозе такой прылады.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сход1 ’сумеснае пасяджэнне, збор’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Растарг.). Дэвербатыў ад сыходзіцца ’збірацца’, да ход, хадзіць, гл.

Сход2 ’усход (сонца і пад.)’ (Некр. і Байк., Сцяц. Сл., Сл. ПЗБ, ТС), ’усход (кірунак свету)’: тут сход, а там полудзянь (Сл. рэг. лекс., Сцяц. Сл.), ’трэцяя квадра месяца, апошняя фаза’ (Нас., Ласт., Касп., Мядзв., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк. Сл., ЛА, 2, Растарг., Мат. Гом.). Дэвербатыў ад схо́дзіць ’узыходзіць (пра сонца)’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’знікаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), што да хадзіць (гл.), параўн. узыхо́дзіць, сысці́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапні́к1 ‘рэшта палатнянай асновы’ (Мат. Гом.), ‘ручнік з доўгімі махрамі’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘скарач — канцы кроснаў, у якія ўвязвалі посуд з ядой’ (лун., ЛА, 5), трапнічо́к ‘тс’ (ст.-дар., ЛА, 5), ‘ануча’ (Сцяшк. Сл.). Адыменнае ўтварэнне ад трапкі (гл.) аналагічна да страпнік (гл.); суф. ‑нік, тут, мажліва, пад уплывам ручні́к ‘тс’, параўн. з іншай суфіксацыяй трапкач (гл.).

Трапні́к2 ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (івац., ЛА, 1). Параўн. укр. тро́пник ‘сачавічнік вясенні, Orobus vernus’. Да трапа́ (гл.), іншыя назвы гэтай расліны: падарожнік, прыдарожнік, дарожнік, чэш. ucestka (u‑ ‘каля’, cesta ‘дарога’), ням. Weggras ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту-га́, туга́ ‘вокрык, якім адганяюць ваўка’ (круп., Нар. сл., Шат.): туга́ ваўка! ‘тс’ (мсцісл., З нар. сл.), туга́‑туга́ ‘тс’ (Мова Сен.). Складанае выклічнікавае выслоўе, у якім выклічнік ту1 (гл.) мае шырокае эмацыянальнае значэнне, параўн. ату́, агату́ (Некр. і Байк.), звычайна з мэтай напалохаць, скіраваць увагу; паводле Германовіча (Междомет., 53), гэта прыслоўе ту2тут’. Выклічнік га (гл.) адносіцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, вядомых у розных індаеўрапейскіх мовах у якасці адгоннага ці пагоннага слова (Смаль-Стоцкі, Приміт., 26). Параўн. цюга (гл.), рус. дыл. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)