Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádloвід жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjkaвід галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац. ⁺соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЫ́ШЫЎКА,

від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш. Стараж. бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.
Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.
Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.
Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.
Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.
Да арт. Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.
Да арт. Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),

пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.

У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх. ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.

Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал. цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.

У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.

У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл. Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз. навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн. муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).

Літ.:

Композиция в современной архитектуре. М., 1973.

Я.​Ф.​Шунейка, А.​А.​Дылейка, С.​А.​Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,

сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл. Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял. манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг. баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш. спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс. руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн. Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт. Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн. Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн. Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.

Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.​Ф.​Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.

Літ.:

Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;

Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;

Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;

Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;

Гумилев Л.Н. От Руси до России. М., 1997.

І.​Б.​Канапацкі, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фо́рма, ‑ы, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. □ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы. Чорны. Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы. Матрунёнак. З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб’ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас. Ракітны. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне. Ваданосаў. // толькі мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў. // У скульптараў, мастакоў — аб’ёмнасць, контуры прадмета. // звычайна мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому‑н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго‑н.; структура чаго‑н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. □ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках». Колас. Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага. Івашын.

3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу. // У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.

4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога‑н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм. Зарэцкі. Гэта была хада ў форме танца. Чорны. // Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне. Ермаловіч. [Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака. Барсток. // Характар працякання якога‑н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.

5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора. Чорны. Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям. «Полымя». // Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала. «Полымя». // Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.

6. Прыстасаванне для надання чаму‑н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. □ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы. Парахневіч. [Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах. Мяжэвіч. // У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.

7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.

8. Строга ўстаноўлены парадак у чым‑н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме. // Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай... Карпаў. // Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда». Радкевіч.

9. Знешні выгляд, знешні бок чаго‑н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы. Навуменка. Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?.. хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць. Лось.

10. Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. □ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Маўр. Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі. Хведаровіч. Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава. Брыль.

11. звычайна мн. (фо́рмы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.

12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. □ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. Цікоцкі. // Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.

13. толькі адз. Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме. // Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся. Навуменка.

14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.

•••

Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб’ём і нескладаная кампазіцыя.

Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.

Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.

Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.

Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трая́н1 ‘адзінка вымярэння даўжыні = 3 сажні’ (ПСл), ‘бутля ў тры літры’ (Сцяшк.), троя́н ‘тры рады бульбы, паміж якімі нельга прайсці плугам’ (Выг.), ‘бутэлька ёмістасцю 0,75 л’ (Арх. Вяр.). Як і ўкр. троя́н ‘трое коней’, ‘бацька трох блізнят’, ‘від танца’, утвораны ад асновы троj‑ і суф. *‑ěnъ (< *trojь‑ěnъ), параўн. трайны́, рус. тройной, серб. тро̂јан, тро̂јни, славен. trôjen. Прасл. *trojь (пад уплывам *dvojь) развілося з і.-е. *trei̯ó‑ (ст.-інд. trayā‑, літ. trejì ‘тры, трое’), якое з’яўляецца зборным лічэбнікам з *tréi̯es ‘тры’ (Сной₂, 786). Сюды ж трайня́к ‘моцны пітны мёд’ (Нас.).

Трая́н2 старое ‘здагадлівы, здатны, выдатны чалавек’ (Ю. Віцьбіч, Плыве з-пад Святое Гары Нёман. Мінск, 1995, 22; тое ж Спадчына, 1991, 5, 42), сюды ж, магчыма, трыяньскі: на кыяньской горе, на трыяньской траве стоиць яблыня; на той яблыни зылотое гняздо, у том гняздзе зьмея‑царица Елена (Рам., 5, 180) — фрагмент замовы, які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй рукапіснай «Аповесці аб Троі» (пач. XVI ст.), параўн. і ст.-бел. троянский з рукапісу XVII ст. «Траянская гісторыя», побач з трояновый, траяновый, апошняе суадносяць з імем рымскага імператара Траяна (Слова аб паходзе Ігаравым). Існуе некалькі версій паходжання адпаведных славянскіх слоў, гл. найбольш поўны агляд у Паўлік, Scando-Slavica, 38, 170–184. Калі прыняць у якасці зыходнага непацверджаны ўказаннем на канкрэтную крыніцу апелятыў, то найбольш верагоднай падаецца этымалогія Скока (3, 488), які на падставе формаў тыпу харв. trãjan ‘працяглы; моцны’, в.-луж. trać ‘працягвацца, трываць’ і інш. рэканструюе аснову прасл. *tra‑, суадносную з санскр. taratí ‘спраўляцца’, trāyate, trate ‘абараняць’, гл. трываць. Што да УІ Трая́н (Бірыла, Бел. антр. 2, 414), параўн. рус. Троя́н, чэш. Troian (з 1184 г.), серб. Тро̀јан, харв. Trajan, макед. Тројан, якія, верагодна, абазначаюць боства ці міфалагічную істоту, то ў іх аснове можа ляжаць як адпаведны апелятыў (Скок, 3, 489), гістарычнае імя (Фасмер, 4, 107), так і лічэбнік *tri ў сімвалічна-міфічнай ці дыстрыбуцыйнай функцыі, параўн. серб. дыял. троја̀ним ‘прыводжу на свет, нараджаю тройню’ (СДЗб, 52, 395). Гл. Мартынаў, СБФ, 1989, 75; Карпенка, Зб. Супруну, 102; Цыхун, там жа, 274. Пра магчымыя іранскія ўплывы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 625; Вопросы этнических культур в зеркале языка. М, 2002, 256.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калоша ’частка штаноў, якая надзяваецца на адну нагу; калашына’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.; лаг., клец., КЭС; Нас., Сержп., Сцяшк., Янк. 3.), сюды ж калудшачкі (Сержп. Отч.), у Чачота колоша — «літоўскі правінцыяналізм», калоша ’абмотка з анучы ад ступні да калена нагі; косяць у час жніва’ (Сцяц., Шат.), калошка ’частка шкарпэткі, якая аблягае нагу вышэй ступні’ (навагр., Нар. сл.), калоша ’брыжы на рукаве’ (свісл., Шатал.). У форме калоша, калойша і калаша ’калашына’ лексему адзначае Сл. паўн.-зах., колоша ’тс’ (ТС). Далей адзначаюцца формы колошва ’калашына’ (пін., Жыв. сл.; драг., КЭС; пін., Нар. лекс.; Тарн.), колошвіна (іван., КЭС), калойша ’тс’ (Сцяшк.), калошня ’тс’ (Бяльк.), калошні ’тс’ (Мат. Гом.). Адпаведна ўкр. колоша і холоша ’калашына’, усх.-палес. колошка ’ніжняя частка рукава сарочкі, які не мае манжэту’, колоші ’ніцяныя рукавы ў кроснах’, колошні ’зімовыя суконныя штаны’, холошні, бойк. колошні з адсылкай да холошні. У рус. мове ў гаворках калоша, колоша і калоши, колоши ’калашвына; штаны’ таксама цвяр. ’разнавіднасць жаночых панчох з сукна’ і інш., дан. ’пер’е на нагах птушкі’, калошва ’калашына шаравараў’, кур. калошевина ў Фасмера, 2, 297, рус. і ўкр. словы традыцыйна параўноўваюцца з серб.-харв. кла̏шња ’разнавіднасць панчохі’, балг. клашник ’вопратка без рукавоў’ і клашня ’грубая тканіна’. У БЕР, 2, 426–427, клашне, клашна, клашни, клашня лічацца запазычаным з серб. кла̏шњевід грубай тканіны”, кла̏шњавід мужчынскіх штаноў’, ’вопратка да калена’, пры гэтым усх.-слав. лексіка не згадваецца, як не згадваецца і супастаўленне гэтых лексем у слоўніках Міклашыча, Бернекера. З апошніх па часу толькі слоўнік польскай мовы (у канцы 50‑х гадоў) звярнуўся да ўсх.-слав. лексікі, але Слаўскі, 2, 32, толькі паўтарыў даўняе параўнанне гэтых слоў з серб.-харв. ка̀лача, ка̀љаче ’галёшы’ і зрабіў заўвагу, што гэтыя ўтварэнні неабходна аддзяліць ад запазычаных з ням. Galosche (Kalosche больш даўняя форма) і што яны з’яўляюцца запазычаннямі больш старэйшага ўзроўню з іншай крыніцы. Відаць, серб.-харв. ка̀љаче неабходна разглядаць як параўнальна новае запазычанне, хаця непасрэдную крыніцу прывесці цяжка. Іншы варыянт — гэта кантынуант таго запазычання, крыніцу якога адлюстроўвае, магчыма, і бел. калычы ’гетры’ (гл.). У такім выпадку як даўнюю паралель неабходна разглядаць серб. клашња, якое фармальна і семантычна як быццам бездакорна суадносіцца з бел. калошня, укр. колошня. Бел. слова распаўсюджана ў рэгіёне, куды ў прынцыпе магло пранікнуць слова з укр. моўнай тэрыторыі (колошня ў Бяльк. і гомельскае), аднак нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежны ад укр. арэал. Пашыраны на зах. Палессі варыянт колошва і форма калоша, калойша на асноўнай бел. тэрыторыі выключаюць распаўсюджанне слова з зах.-палес. або праз іх з адпаведных укр. гаворак. Відаць, існавала сапраўды прасл. лакальнае ўтварэнне kolsьnja (усх.-слав. колоша ў такім выпадку другаснае?). Адносна формы колошт неабходна адзначыць, што яе ўсх.-слав. статус не відавочны, паколькі распаўсюджанне слова ў рус. гаворках абмежаванае. Калі ж да таго прыняць пад увагу культурны характар рэаліі, наогул нельга выключыць магчымасці пашырэння слова з бел. і ўкр. гаворак. Так, паводле даных СРНГ, лексема мае шырокую геаграфію. Разам з тым пры аналізе гэтага слова нельга не прымаць пад увагу культурнага статуса рэаліі, што прымушае больш уважліва прааналізаваць магчымасць запазычання гэтага слова. Франц. назва абутку galoche ’скураны галёш’ не мае пэўнай этымалогіі. Тэарэтычна нельга выключыць, што тут культурнае запазычанне з вядомай крыніцы. Апошняе ўжо само па сабе ў пэўнай меры тлумачыць нерэгулярную фанетыку, апрача таго, неабходна адзначыць спецыфічную адаптацыю слова пры вусным запазычанні, для якога нельга выключыць і рознае пасрэдніцтва. Адносна серб. клашња неабходна згадаць версію аб яго імаверным раманскім паходжанні. Тут маецца на ўвазе даўняе (яшчэ да метатэзы плаўных) запазычанне з лац. calceus ’чаравік, чобат’. Як па семантычнаму крытэрыю, так і фармальна гэта не вельмі дакладвае супастаўленне. Семантыка лац. слова можа адлюстроўваць толькі прыватны момант. Параўн. італ. calra ’панчоха, шкарпэтка’; ’гольфы’, ’павязка на назе жывёлы’, calzone ’калашына’, ’штаны’ і франц. chausson ’чаравік’, chausse ’штаны’ і інш. Семантыку паўдн.-слав. лексем параўн. у БЕР, 2, 426–427 і асабліва RHSJ, 5, 41–42. Паводле іх версіі, лац. слова само павінна ўзыходзіць да іншамоўнай крыніцы. Што датычыць значэння, хутчэй за ўсё сінкрэтычная семантыка была ўжо ў слова-крыніцы. Думаецца, што паўн.-слав. адпаведнік да серб. лексемы сведчыць аб тым, што лакальнае прасл. запазычанне ўзыходзіць не да лац. лексемы, а да мяркуемай першакрыніцы, магчыма, і праз нейкае пасрэдніцтва. Калі лічыць зыходнай форму на ‑sa, неабходна рэканструяваць архетып kolsa; відавочна, што пры дакладнай суаднесенасці з лац. (с.-лац.) calcea зыходнай формай павінна быць kolc‑ (Наим., 209). Паводле Вахраса, Наим., 209, на сапраўды запазычанае ст.-усх.-слав. колоча (с.-лац.) уплывала блізкае па гучанню і сэнсу спрадвечнае холоша, аднак прапануемая ім этымалогія апошняга слова непераканаўчая, распаўсюджанне гэтай формы абмежаванае, яна не пацвярджаецца паўдн.-слав. прыкладамі. Апрача таго. х‑пачатковае можна вывесці з к‑пачатковага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),

горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м. Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс. ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал. трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат. прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць маст. вырабаў са шкла (гл. Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст. н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял. геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.

Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл. св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.​Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.​Калеоні (скульптар А.​Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.​Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.​Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).

Літ.:

Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;

Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.

Да арт. Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.​Лангена. 1631—81.
Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)