пады́спад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адваротны бок; спод. Падыспад шапкі. Падыспад кашулі.
2. перан. Разм. Скрыты, адмоўны бок чаго‑н. [Кузьма Чорны:] — Вялікі пісьменнік [Бальзак]. Тут, братачка, нічога не скажаш. Увесь падыспад выверне табе. Скрыган. Тут [у палоне].. [Іван] убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне. Быкаў.
3. у знач. прысл. Уніз; пад што‑н. Надзець падыспад. □ Мы пачалі рыхтавацца да начлегу. Дах над галавой ёсць, а падыспад можна наламаць лапак, нарваць папараці. І спі сабе на здароўе! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парадзе́ць, ‑ее; зак.
Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак.
1. што. Перасягнуць які‑н. рубеж. Прадукцыя прамысловасці перавысіла даваенны ўзровень. □ Вада перавысіла плаціну і .. цякла цераз масток. Чорны. // Стаць большым за што‑н. Даходы перавысілі расходы. У воз тавараў перавысіў вываз. // Зрабіць больш, чым меркавалася, чым было прадугледжана. Перавысіць план. □ Прарыў у кавальскім цэху знішчылі. Нават перавысілі лічбы вытворчасці. Чорны.
2. што. Выйсці за вызначаныя або агульнапрынятыя нормы, межы чаго‑н. Перавысіць свае паўнамоцтвы. Перавысіць хуткасць руху.
3. каго. Выявіць перавагу над кім‑, чым‑н. Перавысіць усіх сваёй спрытнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.
Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм.
1. Рассунуцца, расставіцца ў розныя бакі. Пальцы Міронавы растапырыліся, пусцілі Лазараву кашулю, а сам ён няўдала сагнуўся, адсунуўся і лёг на мяшок. Галавач. // Падняцца тырчма; натапырыцца. Гента на страсе растапырылася, як пер’е ў мокрай птушкі. Грамовіч.
2. Стаць або сесці, расставіўшы ногі або рукі. На памост падняўся кат, .. усе прымоўклі .. А тады моцна стаў, растапырыўшыся, бо пачалі ўзводзіць на памост Якуша. Скрыган. // перан. Распасцерціся ўшыркі, раскінуўшы вецце, галіны і пад. [Ігруша] дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
санлі́васць, ‑і, ж.
Схільнасць да сну; жаданне спаць. Кузёмка лена ўставаў, спаласкваў халоднай вадою твар, каб змыць санлівасць з яго, і ішоў, куды трэ было гаспадару. Сабаленка. Міканора і самога хіліла на дрымоту, і ён падумаў, ці не на дождж санлівасць гэта паказвае. Мележ. // перан. Бяздзейнасць, апатыя, пасіўнасць. Гэй, узвейце сваім крыллем, Арляняты, буйна, бурна На мінулых дзён магіле, Над санлівасцю хаўтурнай!.. Купала. [Александровіч:] — Ліха яго ведае, а можа калі не будзе барацьбы, тады апануе [нас] санлівасць і паэзія перастане выконваць сваю непасрэдную выхаваўчую функцыю? Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.
2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць чорным, пачарнець. Адліга. Капае са стрэх, І вецер дзьме вільготны з поўдня, Счарнеў і асядае снег. Грахоўскі. У нас — не змерзла ніводнага каліва, а ў беднага імянінніка нават бульбоўнік увесь счарнеў. Дубоўка. А бацька, стары ўжо чалавек, счарнеў увесь за гэтыя тыдні. Кулакоўскі.
2. Пацямнець. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар. Быкаў. / у безас. ужыв. Наставала ноч. Пара было дамоў. Але Грыша яшчэ доўга стаяў на сваёй строме. Толькі калі зусім счарнела, ён нехаця пасунуўся на ціхія Паронькі. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улі́к, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. улічыць.
2. Рэгістрацыя асоб, прадметаў і пад. з занясеннем іх у спісы, картатэку (звычайна ў выразах: стаць на ўлік, узяць на ўлік, зняцца з уліку, зняць з уліку, брацца на ўлік і пад.). Прыйшоўшы са школы, [Ніна] да позняга вечара сядзела над кнігамі ўліку. Гроднеў. У райкоме, калі .. [Сяргей] браўся на ўлік, яму прапанавалі пасаду галоўнага агранома райземаддзела. Шахавец. Самалётамі спяшаліся прадстаўнікі ведамстваў, каб знайсці і ўзяць на ўлік маёмасць, якая ўцалела і належала ведамствам да вайны. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяплі́цца, цепліцца; незак.
1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.
2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.
3. Зал. да цяпліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)