МАМЕ́ДАВА (Шэўкет Гасан кызы) (18.4.1897, Тбілісі — 8.6.1981),

азербайджанская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Вучылася ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21), у Мілане і Парыжы (1927—29). У 1921—48 салістка Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1945 выкладала ў Азерб. кансерваторыі (з 1949 праф.). Адна з першых азерб. оперных спявачак. Валодала голасам цёплага мяккага тэмбру. Сярод партый: Шахсенем («Шахсенем» Р.​Гліэра), Нэргіз («Нэргіз» А.М.​М.​Магамаева), Гюльчахра («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба). Аўтар кн. «Шляхі развіцця азербайджанскага музычнага тэатра» (1931).

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НДЭР ((Mander) Карэл ван) (май 1548, Мёлебеке, каля г. Кортрэйк, Бельгія — 2.9.1606),

нідэрландскі пісьменнік, жывапісец, гісторык і тэарэтык мастацтва. У 1573—77 жыў у Рыме. З 1583 у Харлеме, дзе заснаваў (разам з Х.​Голцыусам і Карнелісам ван Харлемам) першую ў Нідэрландах маст. «акадэмію», потым у Амстэрдаме. Аўтар маралітэ на біблейскія тэмы, зб. вершаў «Свяшчэнныя песенькі» (1595), «Залатая арфа, або Ігра на струнах сэрца» (1599), «Нідэрландскі Гелікон» (1610), збор жыццеапісанняў нідэрл. і ням. мастакоў 15—16 ст. «Кніга пра мастакоў» (1603—04) — аднаго з найб. літ. помнікаў нідэрл. гуманізму. Як тэарэтык і жывапісец-практык (міфал. і жанравыя кампазіцыі) прымыкаў да маньерызму.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),

італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян. газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).

Э.Манета.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКО́Ў (Валерый Дзмітрыевіч) (27.3.1909, в. Акалонія; цяпер у межах Мінска — 29.10.1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працаваў мулярам, настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1925. Паэзія М. вылучаецца лірычнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай напружанасцю, пафасам радасці жыцця і маладосці, матывамі кахання, апяваннем новай рэчаіснасці. Аўтар кніг «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933). На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Галоднага, А.​Новікава-Прыбоя, П.​Тычыны.

Тв.:

Лірыка. Мн., 1959;

Вяршыні жаданняў. Мн., 1989.

Літ.:

Маракоў Л.І. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.

І.​У.​Саламевіч.

В.​Дз.Маракоў.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),

бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.​Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар. арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.​М.​Марозавым);

Архитектурная герменевтика. Мн., 1999.

С.​А.​Сергачоў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТО́ВІЧ (Лесь) (Аляксей Сямёнавіч; 12.2.1871, с. Тарговіца Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 11.1.1916),

украінскі пісьменнік-навеліст. Скончыў Львоўскі ун-т (1909). Друкаваўся з 1889. Адзін з першых твораў — памфлет «Старажытны рукапіс пра ўкраінскі край» (1897), стылізаваны пад стараж. помнікі пісьменнасці. У ім сцвярджэнне ідэй нац.-вызв. барацьбы, маштабнасць сатыр. абагульнення, алегарычнасць вобразаў. Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных апавяданняў «Нечытальнік» (1900), «Хітры Панько» (1903), «Падарунак Стрыбога і іншыя апавяданні» (1905), аповесці «Забабоны» (апубл. 1917), у якіх паказаў збядненне сялян Галіччыны, маральную дэградацыю інтэлігенцыі.

Тв.:

Рус. пер. — Подарок Стрибога. М., 1971.

Літ.:

Погребенник Ф.​П.​Лесь Мартович: Життя і творчість. Київ, 1971.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (23.8.1916, г. Саратаў, Расія — 9.10.1998),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). З 1945 дырыжор Групы сав. войск у Германіі, з 1950 нач., з 1959 маст. кіраўнік аркестра штаба БВА (адначасова нач. ваенна-арк. службы акругі), з 1962 нач. ваен.-арк. службы Паўд. групы сав. войск. У 1967—86 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі (з 1981 дацэнт). Аўтар маршаў, апрацовак бел. нар. песень і танцаў для духавога аркестра; аранжыраваў для яго 3-і фп. канцэрт Дз.​Кабалеўскага, сцэну пісьма Таццяны з оперы П.​Чайкоўскага «Яўген Анегін», творы У.​Алоўнікава, Я.​Глебава, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУА́ ((Mauroy) П’ер) (н. 5.7.1928, Карціньі, Францыя),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1945 у сацыяліст. руху. Нац. сакратар Арг-цыі сацыяліст. моладзі (1950—58), нам. ген. сакратара федэрацыі Сацыяліст. партыі (1963—66). З 1971 на кіруючых пасадах у Сацыяліст. партыі (у 1988—92 яе 1-ы сакратар). Мэр г. Ліль (з 1973), дэп. Нац. сходу (1973—81 і 1986), сенатар (з 1992). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1981—84. У 1989—92 нам. старшыні, з 1992 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. Прэзідэнт Міжнар. арг-цыі пародненых гарадоў (з 1984). Аўтар кніг па паліт. праблемах «Нашчадкі будучага» (1977), «Правільны шлях» (1982) і інш.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́СЬЕЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 20.5.1916; г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

савецкі ваенны лётчык, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Батайскую авіяц. школу (1940), Вышэйшую парт. школу (1952). У Вял. Айч. вайну ў час паветр. бою (сак. 1942) збіты, цяжка паранены, 18 сутак поўз да лініі фронту. Пасля ампутацыі абедзвюх ног асвоіў пратэзы і вярнуўся ў авіяцыю; збіў яшчэ 7 самалётаў (усяго 11). У 1956—83 адказны сакратар Сав. к-та ветэранаў вайны. Жыццю М. прысвечаны кн. Б.​Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека»(1946), аднайменныя кінафільм (1948) і опера С.​Пракоф’ева (паст. 1960). Аўтар кнігі «На Курскай дузе» (1960).

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Емельянова Н.Н. Композитор К.​И.​Массалитинов. М., 1976.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)